Ганна Святаслаўна
Ганна Святаслаўна (1350-я — 1 жніўня 1418) — вялікая княгіня літоўская, другая жонка Вітаўта. БіяграфіяІмаверна, дачка Святаслава Іванавіча, вялікага князя смаленскага ў 1358—1386 гадах[3]. Прынамсі такая версія паходжання цяпер пераважае. Аднак яна не можа быць цалкам пэўнай, бо грунтуецца на Хроніцы Быхаўца, хоць ёсць і ўскосныя сведчанні на яе карысць[4]. Паводле Хронікі Быхаўца, у Вітаўта было тры жонкі, першая — смаленская княжна Ганна Святаслаўна, другой названа Марыя , дачка князя лукомскага і старадубскага Андрэя, а трэцяй — Юліянія, дачка князя гальшанскага Івана Альгімонтавіча. Паводле крыжацкай крыніцы[крыніца?], шлюб Ганны з Вітаўтам адбыўся яшчэ пры жыцці вялікага князя Альгерда, то-бок да мая 1377 года[3]. Такім чынам, калі апроч Ганны і Юліяніі ў Вітаўта і праўда была трэцяя жонка, то толькі перад шлюбам з Ганнай. Першы шлюб Вітаўта адбыўся, магчыма, яшчэ ў 1360-я гады, калі ён быў удзельным князем берасцейскім[3]. Названы Хронікай Быхаўца князь лукомскі і старадубскі Андрэй з іншых крыніц не вядомы. Таксама і Ян Тэнгоўскі лічыць, што шлюб Ганны з Вітаўтам адбыўся паміж 1368—1377 гадамі, даследчык робіць выснову з магчымага шлюбнага ўзросту Соф’і, якую Ганна называла сваёй дачкой. Што шлюб з Ганнай мог быць другім сведчаць згадкі верагоднымі крыніцамі двух шурынаў (сваякоў па жонцы) князя Вітаўта. У студзені 1384 года сваяком Вітаўта па жонцы названы друцкі князь Леў, імаверна, родзіч тагачаснай жонкі, то-бок Ганны. У тым самым дакуменце 1384 года згаданы і Судзімонт з Вейшышак, якога пазней таксама называлі сваяком Вітаўта па жонцы. Відавочна, як князь Леў і баярын Судзімонт вельмі рознага паходжання, імаверней, яны родзічы двух розных жонак Вітаўта. Судзімонт — невядомай імем першай жонкі, а друцкі князь Леў — Ганны.[5] Апроч князя Льва, вядомы яшчэ адзін «швагр Вітаўта» — «герцаг Васіль з Русі», яго выявіў Ян Тэнгоўскі і атоесніў з родным братам Ганны — Васілём Святаславічам, родапачынальнікам князёў Крапоткіных[6]. Літоўская гісторык Інга Баранаўскене спрабавала аспрэчыць атаясненне Тэнгоўскага, яна сцвярджала, што сярод родзічаў смаленскага князя Святаслава Іванавіча вядомы толькі адзіны Васіль — яго родны брат, бранскі князь Васіль Іванавіч , таксама даследчыца сцвярджала, што адносіны Смаленскага княства з Вялікім княствам Літоўскім былі варожымі і гэта выключала шлюбы паміж іх уладарнымі родамі, да таго ж, на думку Баранаўскене, шлюбы двух сясцёр Ганны з літоўскімі арыстакратамі практычна выключаюць іх смаленскае паходжанне[7]. Такім чынам, Баранаўскене ігнаравала, што сын Святаслава Іванавіча — Васіль Святаславіч, вядомы з тых самых крыніц, што і яго брат Васіль Іванавіч — з маскоўскіх радаслоўцаў, як адзначаў яшчэ Юзаф Вольф[8]. Таксама Баранаўскене ігнаравала шлюбы як інструмент палітыкі таго часу, у тым ліку замацавання пагадненняў, саюзаў і дасягнення трывалага міру. Шлюбы арыстакратаў звязаны болей з родавай стратэгіяй, чым з палітыкай або паходжаннем жонак — далучэнне праз сваяцтва з жонкай уладара да ўладарнага роду ўзвышала ў іерархіі, даследчыкі не выключаюць, што менавіта так узвысіліся Гальшанскія, з баярства атрымалі княжацкі тытул. У 1382 годзе Ганна дапамагла мужу ўцячы з вязніцы ў Крэўскім замку, куды яго пасадзіў вялікі князь Ягайла.[3] У 1383 або 1386 годзе княгіня Ганна перайшла ў каталіцтва.[9] У 1392 годзе, пры атрыманні Вітаўтам тытула вялікага князя, Ганна абяцала, што муж будзе трымацца прысягі, прынесенай каралю польскаму Ягайле і Кароне Польскай.[3] Мела дачку Соф’ю Вітаўтаўну, жонку вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча, а таксама іншых дзяцей, але пра іх няма пэўных звестак.[3] Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы.[3] Вядомы таксама сёстры вялікай княгіні Ганны — Агрыпіна і Юліянія.[9] Агрыпіна — жонка гальшанскага князя Івана Альгімонтавіча[9]. Юліянія — паслядоўна, родзіча Біруты баярына Бутрыма, пінскага князя Васіля Нарымонтавіча, баярына Войцеха Манівіда[9]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia