Гісторыя Горак![]() Го́ркі — горад у Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Горацкага раёна. Паходжанне назвыЗгодна з адной з версій, у пачатку XVI стагоддзя частка жыхароў старажытнага паселішча Горы перасялілася на тэрыторыю сучасных Горак — месца, дзе перасякаліся важныя гандлёвыя шляхі: Орша – Мсціслаў і Магілёў – Раманава (на Смаленск). Спачатку гэтае новае паселішча звалася Горы Малыя, а першапачатковае — Горы Вялікія[1]. Паступова Горы Малыя ператварыліся ў Горкі, а Горы Вялікія — у Горы. Старажытны перыядПаводле археалагічных даследаванняў, першыя людзі з’явіліся на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёна яшчэ ў мезаліце (X–VII стст. да н.э.). Стаянкі таго часу знойдзены каля вёсак Вялікія Шарыпы і Пнеўшчына. У пачатку нашай эры тут жылі балцкія плямёны. Найбольш вядомыя гарадзішчы размешчаны ля вёсак Горы і Нікадзімава. У другой палове I тысячагоддзя тут з’явіліся крывічы. Іх прысутнасць пацвярджаецца курганнымі могільнікамі каля вёсак Лугіны, Маслакі, Нежкава, Паршына, Светлая, Студзянец, а таксама (паводле звестак 1873 г.) — каля Анікавіч, Асіповічаў, Нівішчаў. У X–XI стст. землі сучаснага Горацкага раёна ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. У 1136 годзе ўпершыню пісьмова згадваецца Басейская воласць, якая лакалізуецца ў вярхоўях ракі Басі. У тым жа дакуменце (грамата смаленскага князя Расціслава Мсціславіча) згадваецца воласць Мярэцічы — у межах басейна ракі Мярэі. Вялікае княства Літоўскае![]() На мяжы XIII–XIV стст. тэрыторыя Горак увайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. У 1522 годзе была ўстаноўлена мяжа паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай — яна праходзіла прыкладна так, як цяпер праходзіць мяжа паміж Беларуссю і Расіяй. Замкі ў Гарах і Раманаве сталі памежнымі і мелі важнае абарончае значэнне. У 1544 годзе ўпершыню ўпамінаюцца Горкі як сяло князя Друцкага-Горскага. У 1565 годзе княгіня Масальская з Друі згадвае Горкі ў ліставанні, што сведчыць пра важнасць мястэчка як гандлёвага цэнтра. У 1584 годзе Горкі перайшлі ва ўласнасць роду Сапегаў. У 1590-х гадах Леў Сапега канчаткова выкупіў Горскую воласць, якая атрымала назву Горы-Горацкае графства. У 1619 годзе Ільвом Сапегам Горакам было нададзена "малое магдэбургскае права", што прадугледжвала шырокія гандлёвыя і самакіравальныя вольнасці. У 1643 годзе ў мястэчку ўзнікла яўрэйская абшчына. У 1666 годзе інвентар Горы-Горацкага маёнтка паказвае яго падзел на два войтаўствы: Горацкае з цэнтрам у Горках (470 пляцаў, 35 валок ворыўнай зямлі) і Горскае з цэнтрам у Гарах (210 пляцаў, 33 валокі). У 1654 годзе падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай Горкі былі заняты маскоўскім войскам. Спачатку жыхары віталі іх як ратавальнікаў праваслаўных, аднак хутка зразумелі, што маюць справу з захопнікамі. Жыхары масава вывозіліся на ўсход, прадаваліся ў рабства, траплялі ў прыгон. У 1659 годзе адбыўся ўзброены супраціў у Вялікіх Гарах. У 1665 годзе пасля завяршэння вайны была адноўлена мяжа па стане 1522 года. Паводле інвентара 1683 года ў Гораках налічвалася 510 дамоў, дзейнічалі прадмесці Зарэчча і Казіміраўская Слабада. ![]() У 1676 годзе ў Горках было заснавана праваслаўнае брацтва, а пры ім адкрыта школа. У 1695 годзе князь Ежы Сапега надаў яўрэйскай абшчыне горада прывілеі на будаўніцтва сінагог і занятак гандлем. Да гэтага часу адносяцца зафіксаваныя сведчанні літвінскай ідэнтычнасці жыхароў Горак: «сознаютъ отца и матку свою родомъ з Литви, з города Горокъ»[2][3]. Пасля 1704 года Горы-Горацкае графства перайшло ад Сапегаў да Людвіка Пацея, а затым да расійскага князя Аляксандра Меншыкава. У 1709 годзе падчас Паўночнай вайны ў Горках спыняўся расійскі імператар Пётр І. Існуе карта-схема "Лагер расійскай арміі пад кіраўніцтвам Пятра І з 13 ліпеня па 1 жніўня 1708 г. на рацэ Проні", а таксама карціна А. Ціткова "Агляд рускіх войск у Горках". У 1709 годзе ў Горках быў заснаваны драўляны касцёл Небаўзяцця Божай Маці (знаходзіўся на тэрыяторыі цяперашняга так званага парка Кідалінскага на вуліцы Савецкай). У ім лічылася 613 парафіян[4]. Каля 1740 года маёнтак набыў віцебскі ваявода Ян Міхал Салагуб. Пасля ягонай смерці ў 1748 годзе ўладанне было падзелена паміж двума сынамі на дзве часткі — Горкі і Горы. Расійская імперыя![]() Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Горкі адышла да Расійскай імперыі. Насельніцтва замест павалочнага падатку стала плаціць падушны, а таксама земскі збор. З вёсак пачалі набіраць рэкрутаў на службу ў царскую армію. У 1799 годзе ў Горках і наваколлі знаходзіўся расійскі паэт Гаўрыла Дзяржавін, які напісаў тут вершы "Горки", "Мельник", "Виша" і іншыя. У канцы XVIII стагоддзя, паводле "Эканамічных заўвагаў" да планаў Магілёўскай губерні, жыхары Горак у асноўным займаліся шавецкім, кравецкім, сталярным, слясарным і гарбарным рамёствамі. У першай палове XIX стагоддзя ў Горках дзейнічалі прадпрыемствы суконнай, парусінавай, палатнянай, гарбарнай, чыгуна-ліцейнай прамысловасці, а таксама гарэлачны і піваварны заводы, крупадзёрня, тры маслабойні і вадзяны млын. У 1809 годзе ў маёнтку заснавалі суконную мануфактуру з фарбавальняй, дзе 34 рабочыя абслугоўвалі чатыры станкі. 14 ліпеня 1812 года французскія войскі Напалеона Банапарта захапілі Горкі. У горадзе з ліпеня па лістапад размяшчаўся французскі вайсковы магазін для збору харчавання і фуражу. У 1828 годзе за невыкананне абавязальніцтваў па забеспячэнні арміі Кутузава харчаваннем у 1812 годзе расійскі ўрад канфіскаваў Горы-Горацкі маёнтак у графа Леона Салагуба. Уладанне ўключала 15 фальваркаў, 2770 прыгонных і 1760 дзесяцін зямлі. У 1829 годзе прыгонныя музыкі з аркестра Салагуба былі пераселены ў Санкт-Пецярбург. Дзесяць скрыпачоў, віяланчэлістаў, альтыстаў і кантрабасістаў прызначылі ў Імператарскую тэатральную дырэкцыю, астатнія 19 духавікоў – у палкі лейб-гвардыі. У 1837–1848 гадах пры праваслаўных цэрквах у Горках і ў Расне былі адкрыты вучылішчы. Горацкі земляробчы інстытут і развіццё мястэчка ў XIX стагоддзі![]() 15 жніўня 1840 года у Горках адкрылася Горы-Горацкая земляробчая школа, якая ў 1848 годзе была пераўтворана ў земляробчы інстытут. Гэта была першая ўстанова вышэйшай сельскагаспадарчай адукацыі на тэрыторыі Беларусі. Інстытут дзейнічаў у 1848–1864 і 1919–1925 гг. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў студэнтаў і выкладчыкаў інстытут быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург, але ў 1919 годзе яго аднавілі ў Горках. Установа мела два разрады: ніжэйшы і вышэйшы, з трохгадовым тэрмінам навучання. У 1848 годзе ніжэйшы разрад пераўтварылі ў земляробчае вучылішча з чатырохгадовым навучаннем, а вышэйшы – у інстытут. У 1859 годзе пры ім былі адкрыты каморніцка-таксатарскія курсы. Сярод вядомых асоб, звязаных з інстытутам, – вучоныя А.В. Саветаў, І.А. Сцебут, А.М. Бажанаў, А.П. Людагоўскі, І.М. Чарнапятаў. Ёсць меркаванне, што аўтар беларускай паэмы "Тарас на Парнасе" – студэнт інстытута Канстанцін Вераніцын. У мясцовым музеі захоўваюцца фотакопіі лістоў Тараса Шаўчэнкі, дасланых у Горкі прафесару Ф.М. Каралёву. У 1840 годзе ў Горках з’явіўся першы ў Беларусі яблыневы гадавальнік, куды саджанцы паступалі з розных рэгіёнаў Расійскай імперыі. У 1852 годзе быў выдадзены першы том "Записок Горы-горецкого земледельческого института" – першага сельскагаспадарчага навуковага перыядычнага выдання ў Расійскай імперыі. У канцы XIX ст. дзякуючы працы прафесара батанікі Эдуарда Рэго і па праекце італьянскага архітэктара Анджэла Кампіёні ў Горках на тэрыторыі інстытута быў закладзены дэндрарый. ![]() У 1840 годзе ў Горках адчыніліся паштовая станцыя і аптэка, у 1841 – метэастанцыя, у 1846 і 1847 гг. – народныя школы. У 1848 годзе ў Горках нарадзіўся Дзмітрый Іванавіч Азарэвіч – вядомы вучоны-юрыст. У 1853 годзе тут прайшла сельскагаспадарчая выстава, дзе дэманстравалі гарбузы вагою да двух пудоў, кавуны, тытунь розных відаў і кітайскі рэвень. У 1856 годзе ў горадзе жыло 3 830 чалавек, было 496 драўляных дамоў, адна мураваная хата, некалькі храмаў і яўрэйскіх малітоўных дамоў. У 1857 годзе створаны легальны прафесарска-студэнцкі клуб, дзе абмяркоўваліся грамадскія пытанні і будучая скасаванне прыгоннага права. Да 1860 года ў Горках з’явілася металаапрацоўчая фабрыка, а ў 1859 годзе пры інстытуце пачаў працаваць чыгуналіцейны завод. Падзеі другой паловы XIX – пачатку XX стагоддзя![]() 26 снежня 1861 года мястэчка Горкі атрымала статус павятовага горада, быў утвораны Горацкі павет, які існаваў да 1924 года. У горадзе была заснавана гарадская дума, а ў 1862 годзе сюды з Копысі перанесены павятовы суд з дваранскай апекай, павятовае казначэйства, паштовая кантора, гарадская бальніца, інвалідная каманда, канцылярыя маршалка дваранства і страпчага, а таксама іншыя адміністрацыйныя ўстановы. У 1862 годзе ў Горках узнікла падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстанні 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У склад арганізацыі ўваходзілі С. Віскоўскі, В. Дамарацкі, В. Антановіч, Р. Чарвінскі, З. Міткевіч, С. Дымкевіч і іншыя. Яны заснавалі народную школу для сялянскіх дзяцей, дзе навучанне адбывалася на беларускай мове. 21 красавіка 1862 года каля фальварка Шыманоўка адбылася палітычная акцыя з удзелам паўсотні студэнтаў. 24 красавіка 1863 года паўстанцы пад кіраўніцтвам Людвіга Звяждоўскага на некаторы час вызвалілі горад ад расійскага царызму. Падчас паўстання ў Горках начальнікам горада быў прызначаны Станіслаў Віскоўскі. Падчас бою загінуў адзін з паўстанцаў, студэнт Войцех Дамарацкі і быў пахаваны з ушанаваннямі на тэрыторыі дэндрапарка інстытута. Ягоная магіла з памятнай плітой захоўваецца да нашага часу. Пасля здушэння паўстання горацкія студэнты і выкладчыкі, якія у ім удзельнічалі, былі рэпрэсаваныя, а інстытут улады перанеслі ў Санкт-Пецярбург[5][6]. 15 лістапада 1865 года выйшла прадпісанне царскіх улад за № 3032 аб закрыцці касцёла ў Горках, а таксама яшчэ 18 касцёлаў Магілёўскай губерні. На месцы зачыненага ў Горках касцёла быў пастаўлены драўляны крыж, які прастаяў да пачатку ХХ ст[7]. У 1867 годзе ўрадам Расійскай імперыі зацверджаны герб горада: у залатым полі — тры чорныя горкі, з якіх вырастае па адным зялёным коласе. У 1868 годзе ў горадзе пражывала 4908 чалавек. У горадзе дзейнічалі прадстаўнікі шматлікіх рамёстваў: хлебапёкі, краўцы, кавалі, сталяры, шорнікі, цырульнікі, музыкі і інш. У 1881 годзе былі пабудаваныя два масты праз рэкі Парасіцу і Проню, адкрыта тэлеграфная станцыя. Да канца 1880-х у горадзе дзейнічала некалькі паўкустарных прадпрыемстваў: у 1888 годзе — 7, у 1900 годзе — 29, у 1904 годзе — 34. ![]() У 1900 годзе ў майстэрні пры аптэцы Падзерскага быў створаны крэм "Метамарфоза", які, паводле сцвярджэнняў, дапамагаў ад вяснушак. На сусветнай выставе ў Парыжы ўладальнік аптэкі атрымаў за яго залаты медаль. У пачатку XX стагоддзя ў Горках узнік рух працоўных. У 1902 годзе была створана першая сацыял-дэмакратычная група, у 1903–1904 гадах — арганізацыі сацыял-дэмакратаў і Бунда. 22 чэрвеня 1903 года прайшла першая палітычная дэманстрацыя. 16 студзеня 1905 года падчас дэманстрацыі былі забіты навучэнец рамеснага вучылішча Фама Ерафееў і навучэнец земляробчага вучылішча Пётр Бруцэр. У пачатку XX стагоддзя ў горадзе было 10 гасцініц, 7 заезных дамоў, 5 шынкоў і харчэўняў, а вуліцы асвятлялі 45 ліхтароў. У гэты ж перыяд у Горках нарадзіліся некалькі знакавых асоб:
XX стагоддзе![]() У 1917 годзе ў Горках узнікла Секцыя вучняў сельскагаспадарчых школ, якая займалася папулярызацыяй беларускай мовы і культуры. У лістападзе 1917 года ў Горках пачала выходзіць газета "Горацкі веснік", якая выдавалася да 1918 года. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўсталявання савецкай улады горад апынаўся ў складзе розных адміністрацыйных адзінак РСФСР: у 1919 годзе — у Гомельскай, а з 1922 года — у Смаленскай губерні. 17 ліпеня 1924 года Горацкі павет увайшоў у склад Аршанскай акругі БССР, і горад вярнуўся ў склад Беларусі. 7 красавіка 1919 года мясцовыя сельскагаспадарчыя ўстановы былі рэарганізаваныя ў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. 10 кастрычніка таго ж года пачала дзейнічаць Беларуская секцыя студэнтаў інстытута, якая ставіла за мэту пашырэнне нацыянальнай свядомасці сярод беларусаў, знаёмства з гісторыяй, літаратурай і культурай Беларусі, а таксама падтрымку беларускага нацыянальнага руху[8]. У сакавіку 1918 года ў Горках успыхнула антысавецкае паўстанне, арганізаванае мясцовымі жыхарамі. Бальшавікі змаглі падавіць яго толькі праз два тыдні[9]. У 1920 годзе праз горад прайшла чыгунка Орша–Крычаў. У гэтым жа годзе быў узведзены будынак станцыі "Беларускія Горкі" (з 1930 года — "Пагодзіна"). 9 чэрвеня 1920 годзе ў Горках нарадзіўся Міхаіл Цэйцін, беларускі майстар спорту ў акрабатыцы, заслужаны трэнер СССР і Рэспублікі Беларусь, суддзя міжнароднай катэгорыі. ![]() 5 жніўня 1925 года ў горадзе адчынілася Беларуская акадэмія сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. У снежні таго ж года горад наведалі народныя пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас. У гэты перыяд у Горках жылі і выкладалі ў акадэміі першы старшыня Рады БНР Ян Серада, пісьменнік Максім Гарэцкі[10], артыстка Паўліна Мядзёлка. У 1927 годзе падчас беларусізацыі каля 60% выкладчыкаў і 90% асістэнтаў вялі заняткі на беларускай мове, было пераведзена на беларускую мову і справаводства. У 1928 годзе Янка Купала зноў наведаў Горакі, дзе чытаў свае вершы. У гонар гэтай падзеі пазней быў устаноўлены мемарыяльны знак. 22 кастрычніка 1930 года выйшаў першы нумар газеты "Ленінскі шлях", якая сёння выходзіць пад назвай "Горацкі веснік". У 1930-я гады горад перажыў сталінскія рэпрэсіі. Былі знішчаны старадаўнія драўляныя цэрквы: Свята-Мікалаеўскую перабудавалі пад акадэмічную бібліятэку, а Спаса-Узнясенскую — у склад. Пад рэпрэсіі трапілі выкладчыкі, студэнты, святары і іншыя жыхары, сярод іх пісьменнік Васіль Каваль. Вясной 1935 г. былі арыштаваны шэсць студэнтаў аграхімфака БДСГА, іх абвінавачвалі, у прыватнасці, у пераказе палітычных анекдотаў. Летам 1937 г. была раскрыта "контррэвалюцыйная трацкістская арганізацыя", у якую ўваходзілі восем жыхароў Горацкага раёна. У віну ім ставілася тое, што яны ў размове паміж сабой шкадавалі аб расстрэле Маршала Савецкга Саюза Тухачэўскага і камандуючага Беларускай ваеннай акругай Убарэвіча. Пералік рэпрэсаваных мясцовых жыхароў знаходзіцца ў кнізе "Памяць. Горацкі раён". ![]() Падчас Другой Сусветнай вайны, з 12 ліпеня 1941 года да 26 чэрвеня 1944 года, горад быў акупаваны нацыстамі. Больш за 2500 вязняў горацкага гета былі расстраляныя 7 кастрычніка 1941 года. У ліпені 1942 года гестапа арыштавала і забіла 75 удзельнікаў падполля. 26 чэрвеня 1944 года падчас аперацыі "Баграціён" Горкі былі вызвалены. У 1948 годзе сельскагаспадарчы інстытут у Горках быў рэарганізаваны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, што адыграла значную ролю ў далейшым развіцці горада як навучальнага і навуковага цэнтра. У 1953 годзе адкрылася музычная школа, а ў 1957 годзе – Дом піянераў. 5 жніўня 1959 года была адкрыта паветраная лінія Горкі–Мінск, пачаў функцыянаваць мясцовы аэрапорт (у наш час не дзейнічае). У 1962 годзе горад двойчы наведаў беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. У 1967 годзе на рацэ Парасіца было створана штучнае возера, на беразе якога закладзены парк імя 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. ![]() У 1975 годзе з'явіўся мемарыял "Тужлівая маці", дзе быў запалены Вечны агонь. З 1976 года ў горадзе з'явілася дзіцяча-юнацкая конна-спартыўная школа. У 1984 годзе быў заснаваны раённы гісторыка-этнаграфічны музей, а ў 1987 годзе пачаў функцыянаваць гарадскі стадыён. У канцы 1980-х у горадзе з’явіўся незалежны "Клуб выбаршчыкаў" на чале з Яўгенам Мажугіным. У 1992 годзе адкрылася Гімназія № 1, першым дырэктарам якой стаў М.А.Добышаў. У 1998 годзе адбылося аб’яднанне горада Горкі і Горацкага раёна ў адну адміністрацыйную адзінку, і гарадскі выканкам быў скасаваны. У 1999 годзе пачала выдавацца першая прыватная гарадская газета "Региональные ведомости" (спыніла існаванне). XXІ стагоддзе![]() У 2001 годзе заснавана першае ў горадзе прыватнае прадпрыемства з замежным капіталам – ТАА "Скайфораст", якое спецыялізуецца на перапрацоўцы драўніны ўсохлых ельнікаў. У 2004 годзе ў БДСГА пачалася падрыхтоўка магістраў, а таксама адбыўся рэспубліканскі экалагічны форум[11]. У 2007 годзе пачаў працаваць інфармацыйны сайт horki.info. У 2025 годзе ягоныя матэрыялы прызнаны экстрэмісцкімі[12]. 30 мая 2007 года каталіцкая парафія Горак Маці Божай Бялыніцкай атрымала дзяржаўную рэгістрацыю. Пачалося адраджэння Касцёла ў Горках[7]. У 2008 годзе Горацкі малочны завод быў перайменаваны ў "Малочныя горкі" – сёння гэта вядомы рэгіянальны брэнд[13]. 24 красавіка 2009 года ў Горках пачала выходзіць абласная агульнапалітычная газета "УзГорак". Апошні нумар выйшаў 22 верасня 2022 года[14]. У кастрычніку 2012 года горад прыняў рэспубліканскі фестываль-ярмарку "Дажынкі"[15]. Да мерапрыемства былі добраўпарадкаваны і мадэрнізаваны аб’екты інфраструктуры: з’явіліся новы інтэрнат БДСГА, хірургічны корпус раённай бальніцы, была адрамантавана гасцініца "Проня", кінатэатр "Крыніца", чыгуначны і аўтавакзал. Пабудаваны Лядовая арэна, моладзевы забаўляльны цэнтр і шэраг іншых аб’ектаў[16][17]. Аднак пры падрыхтоўцы да свята і нягледзячы на пратэсты грамадскасці, улады знесці двухпавярховы драўляны будынак, у якім месцілася былая кватэра Максіма Гарэцкага[18]. У 2020 годзе некалькі сотняў мясцовых жыхароў удзельнічалі ў акцыях пратэсту, некаторыя патрапілі пад рэпрэсіі, частка была вымушана пакінуць Беларусь[19][20][21]. Спіс гістарычных назваў вуліц горада Горкі![]()
Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia