Жыліцкая сядзіба
Жыліцкая сядзіба — палацава-паркавы комплекс Булгакаў, помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Жылічах паблізу Добасны ў Кіраўскім раёне. Сфармаваны ў XVIII—XIX стагоддзях. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння[1]. Гісторыя![]() ![]() ![]() Рэзідэнцыя заможнага шляхціча, бабруйскага павятовага маршалка Ігнацыя Булгака (1798—1848), пабудавана ў 1830-я гады на яго заказ[2] па праекце архітэктара Караля Падчашынскага на беразе Добасны[1]. Палац будаваўся ў два прыёмы, спачатку ўзведзены галоўны П-падобны корпус, а ў 1864—1876 гадах прыбудавана доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі[2]. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла паўадкрыты ўнутраны двор[2]. Паводле некаторых звестак, заходняя частка палаца дабудавана ў 1914 годзе[1]. Першымі работамі з 1825 года кіраваў навучэнец Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі[3]. У 1848 годзе пасля смерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў яго малодшаму сыну Эдгару. Пры палац дабудаваны — два аднапавярховыя флангі з царквой, аранжарэяй[2] і службовымі памяшканнямі. Будаўніцтвам, імаверна, кіраваў Караль Падчашынскі[3][4]. Апошні ўладальнік маёнтка, пляменнік Эдгара — Эмануэль Булгак, памёр у міжваенны час у Польшчы. Пасля кастрычніцкага перавароту ў палацы размяшчаўся дзіцячы дом, у 1930-я гады — заатэхнічны тэхнікум. Падчас 2-й сусветнай вайны разабрана паўднёвае крыло палаца, у якім размяшчалася аранжарэя[4]. Палац ператварылі ў шпіталь, а ў парку хавалі памерлых салдат[5]. Пасля 2-й сусветнай вайны ў палацы размяшчалася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Пасля будаўніцтва для школы новага памяшкання, палац пачаў занепадаць. На першым паверсе засталася бухгалтэрыя з аддзелам кадраў[1]. У 1973 годзе архітэктар Я. Курто распрацаваў праект рэстаўрацыі, які пазней рэалізаваны[6]. Станам на 2024 год тут размешчаны краязнаўчы музей і музычная школа, арганізаваныя ў 1996 годзе[1]. Да цяперашняга часу захаваліся палац, флігель, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, парк. Гаспадарчыя пабудовы часткова выкарыстоўваліся адпаведна прызначэнню, астатнія разбураліся[1]. Рэстаўрацыя комплексу была распачата ў 2009 годзе, планавалася завяршыць яе да 2015 года. У палацы мусяць размесціцца музейная экспазіцыя, міні-гасцініца і сельская бібліятэка[7]. Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Палацава-паркавы комплекс быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, капітальныя выдаткі на захаванне якіх могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[8]. Архітэктура![]() Рэзідэнцыя — даволі вялікі добра спланаваны палацава-паркавы ансамбль. Акрамя палаца з паркам, у склад уваходзілі вялікія пладовыя сады, агароды, вадаёмы з рыбнай гаспадаркай. Таксама быў вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы[1]. Палац![]() Палац — у плане прамавугольнік з калонным порцікам на галоўным фасадзе і прамавугольным рызалітам на паркавым фасадзе. Галоўны корпус вылучаны ў цэнтры шасцікалонным порцікам карынфскага ордара[2] з франтонам, дэкараваным ляпным гербам[3], і бельведэрам над лесвічнай клеткай. Тарцы галоўнага корпуса аформлены ідэнтычнымі чатырохкалоннымі порцікамі. Па перыметры будынка праходзіць развіты карніз з фрызам, упрыгожаным ляпнымі гірляндамі і разеткамі[1]. Галоўны фасад бакавога корпуса прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і ўпрыгожаны каланадай. Цэнтр вылучаны двухпавярховым аб’ёмам дамавой капліцы. Планіроўка змешаная, калідорна-анфіладная[1][2]. Інтэр’ер![]() Распрацоўку ўнутраных памяшканняў прыпісваюць таксама Клабукоўскаму[3]. Унутранае аздабленне насычана[2] ляпнінай, дробнай скульптурнай пластыкай, роспісамі, пазалотай, люстэркамі, дэкаратыўнай абіўкай. У дэкоры выкарыстаны ампірныя элементы: буйныя фрызы, панэлі з барэльефнымі антычнымі сцэнамі[1]. Кожны са 100 пакояў[3] дэкарыраваны індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла галоўнага корпуса вылучаецца прамавугольная ў плане парадная зала, расчлянёная калонамі на 3 часткі. Зала дэкарыравана шырокім шматфігурным барэльефным фрызам з сюжэтамі на тэмы палявання, бою, ахвярапрынашэння. Калоны і пілястры маюць пазалочаныя капітэлі. Асноўны пластычны эфект стварае кесаніраваная столь з багата арнаментаванай ляпнінай. Падлога паркетная, печкі абліцаваны кафляй[1]. Тадэвуш Раствароўскі па заказе гаспадароў сядзібы аздобіў плафоны залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі. ПаркПалац з’яўляецца цэнтрам кампазіцыі ансамбля, замкнутага ў выцягнуты з усходу на захад[4] прамавугольнік алеямі рэгулярнага парку. Плошча парку 18 га[2], а ўсяго комплексу з вадаёмамі, пладовымі садамі, падсобнымі збудаваннямі — каля 100 га. Раўнінную частку парку перасякае р. Добасна з маляўнічымі сажалкамі і астравамі. Захаваліся руіны павільёна-купальні, альтанак, мосцікаў. Перад галоўным фасадам палаца парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненне, астатняя частка — пейзажны характар, створаны ў 1830-я гады, з разнастайнасцю насаджэнняў, у тым ліку экзотаў (напрыклад, хвоя веймутава (Pinus strobus), Acer saccharinum, Juglans cinerea, Tilia ×europaea і іншыя)[1][3]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia