Касцёл Святога Юрыя (Вялікія Свіранкі)
Касцёл Святога Юрыя (руск.: костел Святого Юрия в Больших Свирянках, польск.: kościół Świętego Jerzego w Wielkich Świrankach) — драўляны каталіцкі храм у вёсцы Вялікія Свіранкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Астравецкага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі. Касцёл размешчаны ў цэнтры вёскі. Помнік драўлянага дойлідства ў стылі барока другой паловы XVII ст. — уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 413Г000731). ГісторыяПершае пісьмовае сведчанне пра касцёл Святога Юрыя ў Свіранках датавана 1498 г.[1]. Фундатарамі касцёла з’яўляліся ўладальнікі маёнтка Свіранкі князі Свірскія. Паводле выпісу (экстракту) з фундуша свіранскага касцёла ад 1498 года касцёлу надаваліся дзесяціна і воск. Фундуш быў дадзены Аленай Даўгірдаўнай, жонкай князя Петкі Свірскага[1]. Акрамя таго, яна запісала касцёлу карчму ў мястэчку Свіранкі[2]. Фундацыя алтара ў Свіранках была зроблена ўнучкай Алены Даўгірдаўны — Альжбетай, дачкой Рыгора Станькавіча Осціка і Аляксандры Петкаўны Свірскай, жонкай Мікалая Станіслававіча Кезгайлы. Паводле тастамента Мікалая Станіслававіча Кезгайлы ад 15 мая 1523 года на алтар надаваўся адзін арнат аксамітны чорны, а другі залачоны, падбіты гарнастаямі. Акрамя таго, прадпісвалася аздобіць алтар «imagines sculptas» разьбой за 10 коп грошаў літоўскіх[3]. У пачатку XVI ст. князь Ян Талімунтавіч Свірскі запісаў касцёлу шэсць азёр са сваіх уладанняў. У 1503 г. згадваецца плябан свіранскі Пётр[1], у 1508 г. — плябан, ксёндз Марцін, у 1524 г. плябанам касцёла стаў былы пісар Віленскай капітулы ксёндз Ян Альбінус з Кракава[4]. У 1526 г. плябанам свіранскага касцёла быў Раман Мілавідавіч. Пасля смерці князя Ждана Аляксандравіча Свірскага плябан свіранскі Станіслаў 12 мая 1535 г. судзіўся наконт атрымання падаткаў (дзесяціны) з маёнтка Ясень на касцёл у Свіранках[5]. Наступны фундушовы запіс на плябанію і алтарыю свіранскую зроблены ў 1543 г. княжной Марынай Жданавай Свірскай[6]. У 1559 г. касцёлу перайшло 13 дымоў падданых сялян[7]. У рэестры дакументаў 1561 г. зафіксаваны акт аб замене касцельнага става ў маёнтку Ясень на зямлю, якую атрымалі плябан і алтарыста свіранскі[6]. У 1563 г. згадваецца свіранскі плябан, ксёндз Андрэй Вінскі[8]. У другой палове XVI ст., калі маёнткам Свіранкі валодаў Рыгор Рыгоравіч Осцік, касцёл быў драўляным аднавежавым са званом і драўлянай званіцай з двума званамі. Паводле дакументаў Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ад 11.05.1593 г., князь Ян Баляслававіч Свірскі ў 1593 г. саступіў фундатарскія правы на касцёл віленскаму войскаму Яну Абрамовічу[7]. У другой палове XVI — першай палове XIX стст. касцёл Святога Юрыя належаў Віленскай алтарыі і капітуле[9]. Касцёл, як парафіяльны, уваходзіў у Свірскі дэканат Віленскай дыяцэзіі. Падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—1667 гг. касцёл і двор Свіранкі былі спалены[10]. Прадстаўнікі свіранскага касцёла ў 1669 г. бралі ўдзел у сінодзе віленскага біскупа Аляксандра Сапегі[11]. У 1669—1671 гг. касцёл адбудоўваецца за кошт сродкаў Віленскай капітулы[12]. Менавіта гэты будынак з невялікімі пераробкамі захаваўся да нашага часу, аб чым яскрава сведчыць план касцёла[13]. У 1690 г. пры касцёле пабудаваны драўляны кляштар місіянераў[14]. Пры кляштары існаваў шпіталь. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гг. касцёл быў пашкоджаны і затым адноўлены дзякуючы намаганням суфрагана віленскага Мацея Юзафа Анцуты[15]. Згодна з падымнай тарыфай Ашмянскага павета, у 1717 г. у Свіранскай парафіі налічвалася 147 дымоў (з кожнага дыма плацілі па 3 злотых і 10 грошаў)[16]. Паводле даследавання Яна Курчэўскага, у 1781 г. Свіранская парафія налічвала 6028 парафіян і была самай вялікай на тэрыторыі сучаснай Астравеччыны[17]. У 1781—1828 гг. у Свіранках працавалі парафіяльная і прыкляштарная школы[18]. У 1880—1890-х гг. каталіцкая парафія ў Свіранках налічвала 4586 чалавек[18]. Як сведчаць архіўныя дакументы, у 1873—1877 гг. праводзіліся рамонт і рэканструкцыя касцёла[19]. На рэштках адной з вежаў аб гэтым захаваліся запісы — kryty 1873 r. (крыты 1873 г.) і 1877. Памятная дошка ў касцёле распавядае пра тое, што напрыканцы XIX ст. тут служыў і ў 1883 г. памёр ксёндз-пробашч Напалеон Качынскі. ![]() У 1910 г. каля касцёла Святога Юрыя ў Вялікіх Свіранках узведзена двух’ярусная чацверыковая званіца. У 1909—1920 гг. ксяндзом-пробашчам касцёла быў Валяр’ян Голяк. У 1927 г. сіламі парафіян вёўся рамонт касцёла, што пацвярджаюць надпісы з датай і прозвішчамі, пакінутыя на адной з дошак шалёўкі. ![]() Пасля смерці ксяндза Юзафа Хлявінскага ў 1953 г. касцёл у Вялікіх Свіранках быў зачынены ўладамі і выкарыстоўваўся як сельскагаспадарчы склад. На тэрыторыі Свіранскай парафіі, у вёсцы Падольцы, у 1995 г. была пабудавана капліца Маці Божай Чэнстахоўскай, асвечаная 14 мая 1995 г. У 1998 г. касцёл Святога Юрыя вернуты парафіянам, а ў 1999 г. адбудаваны на сродкі вернікаў Свіранскай парафіі. У цяперашні час вядзецца рамонт касцёла на сродкі парафіян. Архітэктура![]() Будынак касцёла прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай, накрыты двухсхільным дахам, які пад апсідай пераходзіць у вальмавы. Па баках — дзве закрысціі розных памераў. Галоўны фасад мае трохвугольны франтон з акенцам у цэнтры і фланкіраваны чацверыковымі вежамі. Іх завяршэнні не захаваліся, але пад дахам ёсць рэшткі вежаў з вокнамі. Над франтонам — невялікі васьмігранны барабан, накрыты шатровым дахам. Невысокі ўваходны прытвор таксама накрыты двухсхільным дахам з трохвугольным франтонам. Сцены прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і ашаляваныя. ![]() У інтэр’еры сцены падзелены пілястрамі з філёнгамі ў ніжніх частках і ашаляваныя гарызантальна. Столь плоская на падугах, аддзелена ад сцен тонкім гзымсам. Па баках нартэкса размешчаны вежы: з правай па вітай лесвіцы можна патрапіць на хоры, з левай — у паддашкавае памяшканне[13][14]. Першапачаткова двухвежавы касцёл быў пабудаваны ў другой палове XVII ст. у стылі барока, а пасля перабудовы другой паловы XIX ст. набыў сучасны выгляд з рысамі барочнага класіцызму. У склад архітэктурнага ансамбля касцёла ўваходзяць драўляныя будынкі плябаніі і шпіталя, а таксама рэшткі званіцы з мураванай агароджай, пахаванні святароў. Пабудаваная ў 1910 г. двух’ярусная званіца складалася з бутавых камянёў (глухі ніжні ярус) і цэглы (верхні ярус). З усіх бакоў верхні ярус быў прарэзаны двума высокімі паўцыркульнымі праёмамі[14]. Ксяндзы і плябаны![]() У архіўных крыніцах узгадваюцца:
Пасля вяртання будынка касцёла вернікам і адбудовы ў 1999 г. у касцёле служылі ксяндзы: Леанард Чухоньскі, Казімір Ляховіч, Павел Гардзейчык, з канца 2021 г. і па цяперашні час — ксёндз Аляксандр Сямінскі. Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia