Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Гервяты)
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах — рымска-каталіцкі храм. Належыць да астравецкага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі. Пабудаваны ў 1899—1903 гадах у неагатычным стылі. Помнік архітэктуры, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[1]. Адзін з самых высокіх касцёлаў Беларусі. ГісторыяМясцовая парафія створаная ў 1526 годзе[2], тады ж быў пабудаваны невялікі драўляны храм. У 1899—1903 годзе на яго месцы архітэктарам Вацлавам Міхневічам[крыніца?] па праекце віленскага губернскага архітэктара А. У. Полазава[3][4] быў узведзены велічны каменны храм. Вышыня званіцы — 61 метр[5], Гервяцкі касцёл уваходзіць у тройку самых высокіх храмаў Беларусі і з’яўляецца адным з самых лепшых узораў неагатычнага стылю ў краіне[6]. Архітэктура![]() ![]() ![]() Касцёл Святой Тройцы — характэрны прыклад неагатычнага стылю[1]. Пабудова ўяўляе сабой трохнефную аднавежавую базіліку з трансептам у заходняй частцы накрытую двухсхільным крыжовым дахам з чырвонай дахоўкі, сяродкрыжжа якога завершанае металічнай вежачкай, а грэбень — керамічнымі трыліснікамі. З усходу да галоўнага нефу прыбудаваная высокая двух’ярусная вежа-званіца, завершаная шпілем, яе бакавыя грані ў чацверыковым ніжнім ярусе аздобленыя аркатурай і нішамі, верхні васьмерыковы ярус з чатырох бакоў фланкіраваны дэкаратыўнымі пілонамі, астатнія расчлянёныя высокімі стральчатымі спаранымі вокнамі. Сярэдні павышаны неф з нізкімі стральчатымі вокнамі ўмацаваны знешнімі чатырохступеньчатымі, завершанымі шпілямі-пінаклямі контрфорсамі з аркбутанамі[1], якія ствараюць актыўны рытм бакавых фасадаў. Паміж кожнай парай контрфорсаў на сценах бакавых нефаў размешчаныя па два высокія спараныя стральчатыя акны з дэкаратыўнымі «ружамі» ў завяршэнні. Бакавыя фасады храму ўпрыгожаныя аркатурназубчастым поясам, антаблемент мае фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе трохступеньчатых зубцоў і карніз. Ідэнтычна вырашаныя алтарны фасад і тарцы трансепта маюць чатырох’ярусную кампазіцыю з вылучэннем павышанай цэнтральнай часткі, завершанай гатычным атыкам з трыма вежачкамі, фланкіраваным двума контрфорсамі з аркбутанамі, якія злучаюць атык з контрфорсамі. Галоўны уваход афармляе перспектыўны партал, завершаны вімпергам і «ружай». Унутры нефы перакрытыя крыжовымі нервюрнымі скляпеннямі на стральчатых падпружных арках. Калоны маюць складаную прафіліроўку і нагадваюць гурты калон старажытных гатычных сабораў. У алтары зберагліся фрагменты каляровых вітражоў. Перад храмам стаяць некалькі драўляных крыжоў з багатай разьбой, што характэрна для літоўскіх храмаў. Вакол храма разбіты ландшафтны парк з рэдкімі дэкаратыўнымі раслінамі і фігурамі апосталаў[6]. Храм называюць «маленькай Швейцарыяй» і «беларускім Нотр-Дамам»[5]. У адпаведнасці з шэрагам апытанняў, ён прызнаны самым прыгожым касцёлам Беларусі[5][7]. Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia