Княжацкі церам (Гродна)
Княжацкі церам (хорам) — помнік архітэктуры старажытнарускага перыяду Гродзенскай школы дойлідства. Збудаваны хорам у другой палове XII ст.. Знаходзіўся на тэрыторыі Старога замку ў Гродне. Да нашага часу захаваліся рэшткі церама. АдкрыццеВялікі будынак з плінфы знойдзены падчас раскопак Ю. Ядкоўскага. Хорам быў узведзены ў самай непрыступнай частцы замка. Як і Ніжняя царква, церам з вонкавага боку быў упрыгожаны паясамі шліфаваных камянёў. Паколькі будынак размяшчаўся ля сцяны над Нёманам, М. М. Варонін палічыў яго за абарончую вежу. Аднак новыя даследаванні, праведзеныя ў 1981 А. А. Трусавым і П. А. Рапапортам, высветлілі, што меў рацыю першы даследчык — Ю. Ядкоўскі: гэта рэшткі княскага палаца-церама. Беларускія археолагі А. А. Трусаў, М. А. Ткачоў, А. К. Краўцэвіч у 1985—1987 прадоўжылі вывучэнне ўмацаванняў Старога замка. У 1985 удзел у даследаваннях прымаў ленінградскі археолаг Л. М. Балыпакаў. Апісанне. ПрызначэннеАд княжацкага палаца захавалася паўночная частка, вывучэнне якой дало падставу меркаваць, што палац быў 2-павярховы, з перакрыццем па драўляных бэльках. Падмурак будынка складзены з аднаго раду камянёў і бітай плінфы вышынёю 35 — 40 см і апушчаны ў культурны пласт 11 — 12 ст. Сцены зроблены ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі з плінфы памерам 29,5—31х18—20х4—5 см. На тарцах плінфаў маюцца знакі. Звонку пакладзены рады слаба апрацаваных валуноў. Таўшчыня швоў — 1,5-2 см. Падчас раскопак выяўлена паўночная сцяна даўжынёю 2,7 м з дзвярным праёмам па цэнтры шырынёю 1,6 м. Пры раскопках будынка знойдзены паліваныя пліткі падлогі XII ст. (у тым ліку і фігурныя), зліткі аплаўленага свінцу (відаць, ад лістоў пакрыцця даху) і шматлікія бытавыя рэчы XII ст. Першы паверх княжацкага палаца складаўся з 2 памяшканняў — вялікага ў заходняй частцы будынка і малога, падзеленага прасценкам на 2 часткі. У заходняй сцяне вялікага памяшкання справа і злева ад увахода знаходзіліся нішы, перакрытыя аркамі. Таўшчыня муроў каля 1,1 м. Падлога 2-га паверха палаца была выслана паліванымі пліткамі, а дах накрыты свінцовымі лістамі. Да хорама ў канцы 14 — пачатку 15 ст. прыбудавалі з брусковай цэглы новы ганак. На думку П. А. Рапапорта і А. А. Трусава, церам мог выконваць і абарончую функцыю ў канцы 14 — пачатку 16 ст., уваходзячы ў комплекс мураванага замка. На карысць такой думкі сведчаць знаходкі ў памяшканнях палаца каменных гарматных ядзер. Параўноўваючы княжацкі палац гродзенскага дзядзінца з аналагічнымі будынкамі ў Смаленску і Полацку, археолагі прыйшлі да высновы, што гродзенскі палац быў больш манументальны і багацей аздоблены ўнутры і звонку, меў прыгожую паліваную падлогу. Цяпер інтэрпрэтацыя помніка канчатковая — гэта колішні палац гарадзенскіх князёў. Падчас перабудоў у XVI ст. церам разабралі, і да нашых дзён дайшлі толькі рэшткі паўночнай часткі, якія захаваліся на вышыню да 2 метраў. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia