Міжнародная рэакцыя на грамадзянскую вайну ў ІспанііМіжнародная рэакцыя на грамадзянскую вайну ў Іспаніі — пазіцыя сусветнай супольнасці, замежных дзяржаў і грамадскасці адносна ваенных падзей 1936—1939 гадоў у Іспаніі. Некаторыя краіны занялі нейтральную пазіцыю і заклікалі не ўмешвацца ў іспанскі канфлікт. Іншыя падтрымалі адзін з бакоў (рэспубліканцаў альбо нацыяналістаў) і нават таемна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Пазіцыі ўрадаў краінПадтрымка нейтралітэтуКаб пазбегнуць любой патэнцыйнай эскалацыі або магчымага распаўсюджвання вайны на іншыя дзяржавы, некалькі краін прытрымліваліся прынцыпу неўмяшання ў канфлікт. Вынікам гэтага стала падпісанне ў жніўні 1936 года Пагаднення аб неўмяшанні. Быў сфарміраваны Камітэт па неўмяшанні, упершыню скліканы ў верасні таго ж года. Орган створаны па ініцыятыве французскага і брытанскага ўрадаў. Камітэт атрымаў падтрымку 27 дзяржаў, сярод якіх Савецкі Саюз, фашысцкая Італію і нацысцкая Германія[1]. Прыхільнікі нейтралітэту намагаліся спыніць паток ваеннай прадукцыі ў Іспанію, але іх спробы былі ў асноўным беспаспяховымі з-за замежнага ўмяшання ў грамадзянскую вайну, якое істотна паўплывала на яе вынік. Германія, Італія і Савецкі Саюз паслядоўна парушалі пагадненне аб неўмяшанні, часам гэта рабіла Францыя. Вялікабрытанія ў асноўным заставалася вернай дагавору[2]. Падтрымка рэспубліканцаўАдзінай краінай, якая, дзякуючы аддаленасці ад Еўропы, у адкрытую дапамагала рэспубліканцам, была Мексіка. Прэзідэнт Ласара Кардэнас казаў у сакавіку 1937 года: «Нам няма чаго хаваць нашу дапамогу Іспаніі, мы будзем працягваць забяспечваць яе зброяй». Тым не менш, сучаснай на той момант зброі Мексіка не вырабляла, але яна магла быць толькі фармальным пасярэднікам для таемных паставак зброі з СССР. Апошні аказаў велізарную дапамогу рэспубліканскаму ўраду. У рамках «аперацыі Х» з верасня 1936 да канца 1938 года ў краіну на караблях паступалі ваенная тэхніка, зброя, рыштунак[3]. Паводле даных ваеннага аташэ Германіі ў Іспаніі, Савецкі Саюз і Камінтэрн паставілі за ўвесь час вайны 242 адз. самалётаў, 703 адз. артылерыйскіх гармат, 731 адз. танкаў, 1386 адз. грузавікоў, 300 адз. браневікоў, 15 000 адз. буйнакаліберных кулямётаў, 500 000 адз. вінтовак, 30 000 адз. аўтаматаў, 4 000 000 адз. артылерыйскіх снарадаў, 1 000 000 000 адз. кулямётных патронаў, больш за 69 000 тон ваеннай тэхнікі і больш за 29 000 тон боепрыпасаў[4]. У сваю чаргу, французскі ўрад паставіў у краіну 70 ваенных самалётаў[5]. Значную ролю ў падтрыманні баяздольнасці арміі Рэспублікі адыгралі савецкія ваенныя спецыялісты. Усяго ў канфлікце, па розных ацэнках, прынялі ўдзел ад 2 да 3 тысяч вайскоўцаў і яшчэ 1 тысяча грамадзянскіх кадраў з СССР[6]. Падтрымка нацыяналістаўНайбольш актыўна аказвалі дапамогу франкістам Германія, Італія і Партугалія. На баку Франсіска Франка ваявалі 150 тысяч італьянцаў, 50 тысяч немцаў, 20 тысяч партугальцаў[7]. У ходзе баявых дзеянняў адзначыліся паветраныя падраздзеленні — нямецкі Легіён «Кондар» і італьянская Легіянерская авіяцыя. Італа-германская інтэрвенцыя змяніла суадносіны сіл паміж праціўнікамі і прыхільнікамі Іспанскай Рэспублікі і стала вызначальным фактарам ваеннай перавагі нацыяналістаў[8]. Са снежня 1936 па красавік 1939 года ў Іспанію італьянцамі было пастаўлена 3 400 кулямётаў, 1 400 мінамётаў, 1 800 гармат, 6 800 машын, 160 танкаў і 760 самалётаў. Агульны кошт італьянскай ваеннай дапамогі склаў ад 6 да 8,5 млн лір[9]. У сваю чаргу, Германія за першыя два гады вайны накіравала генералу Франка 650 самалётаў, 200 танкаў, 700 артылерыйскіх гармат[10]. Фінансавая дапамога паступала ад Ватыкана[11]. Пазіцыі асобных грамадзянУ падтрымку нацыяналістаў выказваліся асобы з правымі поглядамі, у той час як рэспубліканцаў — левымі. Тысячы замежных валанцёраў змагаліся на франтах грамадзянскай вайны. Больш за 11 тысяч падтрымалі нацыяналістаў[12]. 32 тысячы далучыліся да рэспубліканцаў[13]. Зброевы гандальНекаторыя краіны адначасна пастаўлялі зброю адразу і рэспубліканцам, і нацыяналістам, альбо пэўнаму боку, але не з-за ідэалагічных, а эканамічных меркаванняў. Сярод іх Польшча[14], Грэцыя[15], Чэхаславакія і Эстонія[16]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia