Парламенцкія выбары ў Іспаніі (1936)
Выбары ў II Картэсы Рэспублікі (ісп.: Cortes Generales) 1936 года ў Іспаніі адбыліся 16 (першы тур) і 23 лютага (другі тур), сталі трэцімі і апошнімі парламенцкімі выбарамі ў перыяд Другой Рэспублікі. У цэлым вынікі выбараў прынята лічыць справядлівымі, хоць мелі месца абмежаваныя выпадкі фальсіфікацыі. Яўка на выбары склала 9 792 700 выбаршчыкаў (72,95 %). ПерадгісторыяПаражэнне левых на выбарах 1933 года прывяло да заканчэння «рэфармісцкага двухгоддзя» (1931—1933). Наступныя два гады, падчас якіх кіравалі правацэнтрысцкія кабінеты, увайшлі ў гісторыю краіны як «кансерватыўнае двухгоддзе» (1933—1935). Пачынаючы з 16 снежня 1933 і па 25 верасня 1935 змянілася два кабінета, першы з якіх узначальваў Алехандра Лерус. Усе яны былі падтрыманы Хасэ Марыі Хіль-Роблесам, лідарам Іспанскай канфедэрацыі незалежных правых (CEDA), прадстаўнікі якой двойчы ўключаліся ў склад урада. Таксама ў кабінеты радыкалаў уваходзілі міністры ад правых лібералаў, аграрыеў, галісійскіх аўтанамістаў і ліберальных дэмакратаў. 25 верасня 1935 года Лерус сфармаваў новы кабінет, у які ўключыў адразу траіх прадстаўнікоў правых.[1] Уваходжанне ва ўрад членаў CEDA справакавала масавыя выступы левых рэспубліканцаў, незадаволеных «кансерватыўным паваротам». Найбольш значнай акцыяй стала агульнаіспанская масавая забастоўка, якая ўвайшла ў гісторыю як рэвалюцыя 1934 года. Уладам у выніку ўдалося падавіць масавыя пратэсты. Паўстанне было задушана войскамі пад камандаваннем генерала Франсіска Франка. У красавіку 1935 года правыя ініцыявалі падзенне кабінета і два месяцы ва ўладзе быў урад меншасці, складзены з радыкалаў і правых лібералаў. 6 мая Лерус сфармаваў новы кабінет, у які ўвайшлі ўжо пяць членаў CEDA, у тым ліку і сам Роблес.[2] Пачынаючы з выбараў 1933 года, у выніку дзейнасці правацэнтрысцкіх урадаў заработная плата сельскагаспадарчых рабочых упала ўдвая, армія была рэфармавана, практычна цалкам ачысціўшыся ад рэспубліканцаў, у той час як афіцэры лаяльныя Роблесу атрымлівалі павышэнне.[3] Аднак нават пасля ўваходжання CEDA ва ўрад, правым не ўдалося дамагчыся ўнясення паправак у Канстытуцыю.[2] Тым часам, у 1935 годзе Мануэль Асанья Дыяс, які ўзначальваў урад у перыяд «рэфармісцкага двухгоддзя» і Індалесіа Прыета, лідар умеранага крыла сацыялістаў, пачынаюць аб’ядноўваць левыя сілы з мэтай стварэння шырокай леварэспубліканскай кааліцыі (Народны фронт).[4] Канец «кансерватыўнаму двухгоддзю» быў пакладзены восенню 1935 года, калі высветлілася, што ўлады, насуперак забароне азартных гульняў у рулетку, дазволілі адкрыць казіно з рулеткай. Узамен лідары радыкалаў, у тым ліку і Алехандра Лерус, атрымлівалі частку прыбытку. У выніку, Лерусу прыйшлося падаць у адстаўку. Быў сфармаваны кабінет на чале з беспартыйным Хаакінам Чапапрыета. У лістападзе 1935 года, ужо пасля сыходу ў адстаўку Леруса разгарэўся яшчэ адзін карупцыйны скандал. Шэраг лідараў радыкалаў, у першую чаргу намеснік прэм’ер-міністра Марэна Кальва, былі абвінавачаны ў махлярстве пры выплаце кампенсацый Compañía de África Occidental. Чарговы кабінет, які стварылі пасля здарэння, таксама апынуўся правацэнтрысцкім і не атрымаў неабходную падтрымку парламента[5]. Прынята рашэнне аб роспуску парламента і прызначэнні датэрміновых выбараў.[4][1] Выбары і вынікіЯк і на выбарах 1933 года Іспанія была падзелена на шматмандатныя выбарчыя акругі; напрыклад, у Мадрыд абіраліся 17 дэпутатаў. Кожны выбаршчык мог прагаласаваць за некалькі кандыдатаў, напрыклад, у выпадку Мадрыда, за 13 чалавек. Гэта спрыяла шырокім кааліцыям, у прыватнасці, у Мадрыдзе Народны фронт, набраўшы 54,64 % галасоў, выйграў 13 мандатаў, а кааліцыя правых і радыкалаў, атрымаўшы 45,36 % галасоў, заваявала толькі 4.[6] 16 і 23 лютага былі абраны 473 дэпутаты аднапалатнага іспанскага парламента, з іх чатыры жанчыны: Анхелес Хіль (CEDA), Маргарыта Нелькен (ІСРП), Далорэс Ібаруры (КПІ) і Вікторыя Кент (Рэспубліканская левая). Выбары завяршыліся пераважнай перамогай левых сіл. Левыя рэспубліканцы, марксісты і левыя нацыяналісты змаглі атрымаць у агульнай складанасці 278 месцаў у Картэсах (58,77 % ), павялічыўшы сваё прадстаўніцтва ў парламенце ў 2,78 разы. Правыя, у тым ліку манархісты і традыцыяналісты, змаглі заваяваць толькі 128 месцаў, амаль на траціну менш чым у 1933 годзе. Панеслі страты і іх саюзнікі, рэспубліканцы цэнтра і правага крыла (страцілі амаль 3/4 сваіх мандатаў). У адрозненне ад папярэдніх выбараў 1933 года левыя сілы змаглі аб’яднацца, утварыўшы шырокую кааліцыю леварэспубліканскіх сіл. Хоць аб’яднаным левым па галасах выбаршчыкаў атрымалася толькі ненашмат апярэдзіць сваіх правых апанентаў, у той жа час перавага Народнага Фронту над Саюзам правых па колькасці парламенцкіх мандатаў аказалася пераважнай, дазволіўшы левым вярнуцца да ўлады і сфармаваць свой урад. Новым кіраўніком Савета Міністраў стаў Мануэль Асанья, які ўзначальваў кабінет у перыяд так званага «рэфармісцкага двухгоддзя» (1931—1933). Вынікі выбараў 1936 года сталі адной з галоўных прычын путчу 17-18 ліпеня таго ж 1936 года, якіх хоць і не прывёў да звяржэння ўрада Народнага фронту, але паслужыў пачаткам грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Канфлікт завяршыўся падзеннем Другой Рэспублікі і ўсталяваннем дыктатуры Франка. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia