Самуэль Эйленберг
Самуэль Эйленберг (англ.: Samuel Eilenberg; 30 верасня 1913, Варшава — 30 студзеня 1998, Нью-Ёрк) — амерыканскі і польскі матэматык. Вучань польскага матэматыка Караля Борсука, пад кіраўніцтвам якога напісаў дысертацыю для атрымання доктарскай ступені ў Варшаўскім універсітэце. У 1936 годзе атрымаў доктарскую ступень. У 1939 годзе з-за пагрозы акупацыі Польшчы нацыстамі і па патрабаванні бацькі эміграваў у ЗША. З 1940 па 1946 гады працаваў выкладчыкам у Мічыганскім універсітэце, затым ва Універсітэце Індыяны ў 1946 і 1947 гадах. З 1947 па 1982 гады выкладаў у Калумбійскім універсітэце. У 1948 годзе атрымаў грамадзянства ЗША. Асноўныя працы адносяцца да алгебраічнай тапалогіі (найболей вядомая сістэма аксіём тэорыі гамалогій Эйленберга — Стынрода) і гамалагічнай алгебры. Эйленберг быў стваральнікам (разам з С. Мак-Лейнам) тэорыі катэгорый. Таксама яны ўвялі прасторы Эйленберга — Маклейна K(G,n), якія маюць адзіную нетрывіяльную групу гаматопій G у размернасці n. Маюць значэнне яго працы ў галіне тэорыі аўтаматаў. Член НАН ЗША (1959) і Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук (1974). Лаўрэат прэміі Вольфа (1986) і прэміі Стыла (1987). Двойчы атрымаў стыпендыю Гугенхайма (у 1950 і 1974 гадах). Быў чальцом знакамітай групы «Нікаля Бурбакі», прычым адным з нямногіх яе ўдзельнікаў — не французаў. Падпісаў «Папярэджанне навукоўцаў чалавецтву» (1992). Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia