Лаўрышаўскае евангелле
Лаўрышаўскае евангелле — рукапіснае ілюмінаванае напрастольнае евангелле-апракас, створанае ў пачатку XIV стагоддзя[1][2] для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Навагрудкам, выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі ў Сярэдневякоўі. Першая ўкладная грамата ў Евангелле датавана 1329 годам, што дае падставы для датавання самога Евангелля[3]. Некаторыя даследчыкі[1] звязваюць стварэнне кнігі з заснаваннем у пачатку XIV стагоддзя Літоўска-Навагрудскай мітраполіі і з дзейнасцю князя наваградскага Міхаіла-Карыята Гедзімінавіча (у першай укладной грамаце у Евангелле згадана будаўніцтва князем царквы пасля яго вяртання з ардынска-маскоўскага палону). Напісана на царкоўнаславянскай мове, прысутнічаюць надпісы на старабеларускай. Змест![]() Лаўрышаўскае евангелле ўяўляе сабой так званы поўны апракас, гэта значыць, змяшчае богаслужбовыя евангельскія чытанні на ўвесь год, акрамя шасці тыдняў Вялікага посту, для якіх прыведзены толькі суботнія і нядзельныя тэксты. Царкоўнаславянскі тэкст рукапісу займае 374 старонкі, для выдзялення ініцыялаў (вялікіх літар) выкарыстаны чырвоныя і зялёныя фарбы. Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая змяшчае чытанні ў парадку літургічнага года — ад Пасхі да Вялікай суботы — і займае старонкі з 3 да 320. Другая частка значна меншая (займае старонкі 320—366). Тут знаходзяцца чытанні (або пазначэнні на адпаведныя месцы ў першай частцы) па днях каляндарнага вераснёўскага года — ад 1 верасня да 29 жніўня (аркушы з тэкстамі на 30 і 31 жніўня не захаваліся). У прыпісцы да Евангелля знаходзіцца адно з ранніх рускіх гімнаграфічных сачыненняў — «Канон і плач Багародзіцы» (сярэдзіна XIV стагоддзя)[4]. Мастацкае аздабленне![]() ![]() Мастацкае аздабленне Лаўрышаўскага евангелля стварае складанае ўражанне, і ў некаторых сваіх тэндэнцыях супрацьстаіць усходнеславянскаму кніжнаму майстэрству XI—XII стагоддзяў. Евангелле ілюстравана 18 мініяцюрамі. Акрамя традыцыйных мініяцюр з чатырма евангелістамі, ў ім знаходзіцца яшчэ 14 мініяцюр — 12 на сюжэт евангельскай гісторыі, і выявы праведнага Іова і архангела Міхаіла[5]. ![]() ![]() Высокамастацкім творам з'яўляецца пераплёт кнігі (XVI ст.), які аздоблены бірузой, рубінамі, ізумрудамі. У цэнтры акладу на срэбнай пласціне — выява заступніка воінаў святога Дзмітрыя Салунскага ў даспехах з кап'ём і шчытом[6]. У свой час В. Ластоўскі лічыў гэтую выяву партрэтам вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Войшалка (аднаго з заснавальнікаў Лаўрышаўскага манастыра), гэтае меркаванне і цяпер можна сустрэць у даведачнай літаратуры і падручніках. Л. М. Яўсеева[7], правёўшы ўважлівы аналіз працы мініяцюрыста, прыйшла да высновы, што ілюстрацыі евангельскіх сюжэтаў узыходзяць да візантыйскага мастацтва: групаванне фігураў, дынаміка і маштабнасць сцэн захоўваюць асаблівасці візантыйскіх ансамбляў комнінаўскай эпохі. Аднак даследчыца пры гэтым адзначыла, што пераважная тэхніка мініяцюр Лаўрышаўскага евангелля мае падабенства з раннімі заходнімі іконаграфічнымі творамі X—XIII стст. — нямецкімі кніжнымі мініяцюрамі XII—XIII стст., што гаворыць пра даволі нечаканую арыентацыю на заходнееўрапейскія ўзоры, змяшэнне візантыйскага і заходнееўрапейскага стыляў. Ёсць паралелі таксама з паўночна-рускім мастацтвам: так, мініяцюра, што адлюстроўвае «Прыповесць пра слодыч гэтага мира», мае відавочнае падабенства да выявы на Васільеўскай браме 1336 года — медных царскіх варотах наўгародскага Сафійскага сабора. Укладныя запісыКніга змяшчае 14 укладных запісаў, найранейшы з якіх датаваны 1329 годам і адносіцца да заснавання царквы Святога Мікалая. 9 з 14 запісаў маюць непасрэдныя ўказанні на Лаўрышаўскі манастыр як на адрасата ўкладу, астатнія пяць паводле зместу і сэнсу таксама маюць дачыненне да Наваградскай зямлі. Сярод тых, хто рабіў уклады: князь наваградскі Міхаіл-Карыят Гедзімінавіч, князь Дзмітрый Альгердавіч, кіеўскі князь Алелька Уладзіміравіч[8] і іншыя[1]. Лёс кнігі![]() У перыяд знаходжання Беларусі ў Расійскай імперыі (між 1842—1882 годамі) кніга была вывезена ў Кракаў. У 1842 г. акадэмік Аляксандр Вастокаў зрабіў першае навуковае апісанне Лаўрышаўскага Евангелля, заўважыўшы: «…Евангелле разам з Пулаўскай бібліятэкай кн. Чартарыйскага перавезенае ў Санкт-Пецярбург і знаходзіцца цяпер у Імператарскай публічнай бібліятэцы». Частка Пулаўскай бібліятэкі ўвайшла ў 1833 годзе ў склад фондаў пецярбургскай Публічнай бібліятэкі, аднак ніякіх звестак пра паступленне Лаўрышаўскага евангелля няма. Магчыма, Евангелле знікла разам з тымі рукапісамі і старадрукаванымі кнігамі, адсутнасць якіх выявіла «бутурлінская» рэвізія 1843—1844 гг. У кожным разе, у 1882 Лаўрышаўскае евангелле ўжо знаходзілася ў Кракаве, у бібліятэцы князёў Чартарыйскіх[1]. Абставіны, пры якіх кніга трапіла ў Кракаў, невядомыя. У 1887 кніга была адрэстаўраваная. У 2009 годзе ў Беларусі было ўзнята пытанне пра вяртанне Лаўрышаўскага евангелля з Польшчы[9]. Намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Грыдзюшка заявіў, што «размова ў прынцыпе пра тое, каб перадаць у Беларусь копію гэтага Евангелля»[10]. У тым самым годзе было абвешчана, што выдавецтва Беларускага экзархата плануе выдаць факсімільнае выданне Евангелля[11]. Месца захоўвання![]() У цяперашні час арыгінал Евангелля захоўваецца ў навуковай Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх (вуліца Святога Марка , 17, 31-018, Кракаў, Польшча). Бібліятэка з’яўляецца ўласнасцю Фонду князёў Чартарыйскіх, кіраванне ёю ажыцьцяўляе Нацыянальны музей у Кракаве. Факсімільнае выданнеУ 2018 годзе ўкраінскае выдавецтва «Гарабец» ажыццявіла факсімільнае выданне Лаўрышаўскага евангелля. У Беларусі кніга маецца ў царкоўна-гістарычным музеі Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра ў в. Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет Навагрудскага раёна), Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Навагрудскай раённай бібліятэцы, Нацыянальнай бібліятэцы і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі. Выявы
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia