Свята-Успенская царква (Лаўрышава)
Свята-Успенская Ла́ўрышаўская царква, Ла́ўрышаўская царква Успення Прасвятой Багародзіцы — праваслаўны храм у в. Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць), помнік драўлянага дойлідства канца XVIII ст. Належыць Свята-Елісееўскаму Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру, аднаму з найбольш старадаўніх у Беларусі (заснаваны ў XIII ст.). Упершыню згадваецца ў 1517 г. як царква манастыра, наноў пабудавана ў 1775 г. (магчыма, на месцы ранейшага храма), і за сваю гісторыю ніколі не зачынялася. Знаходзіцца на першапачатковым месцы размяшчэння манастыра, у цяперашні час з’яўляецца самым старадаўнім яго будынкам. Асноўныя звесткіРазмешчана ў паўднёвай частцы вёскі, па правы бок ад р. Валоўка, пры ўездзе ў Лаўрышава па шляху з в. Шчорсы (сам маныстыр цяпер знаходзіцца ля суседняй в. Гнесічы). Службы праводзяцца (2016): субота, 18.00 гадзін — Усяночнае трыванне; нядзеля, 8.30 — малебен з акафістам Успенню Божай Маці, 8.45 — споведзь, 9.30 — Бажэственная літургія. Прастольнае свята — Успенне Прасвятой Багародзіцы 15 (28 па сучаснаму стылю) жніўня. Храмы манастыра да XV стагоддзя![]() Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, каля 1260 года сын вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Міндоўга — Войшалк (вялікі князь літоўскі ў 1264—1267) — заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[1]. Згодна царкоўнаму паданню, манастыр быў заснаваны ў сярэдзіне XIII ст. прападобным ігуменам Елісеем. Відавочна, што першы храм быў пабудаваны пры заснаванні манастыра, але пісьмовых звестак пра яго не захавалася. ![]() Лаўрышаўскі манастыр з’яўляўся адным з важнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэння ВКЛ. Не пазней 1329 года для манастыра было перапісана Лаўрышаўскае евангелле — выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі XIV ст. Лаўрышаўскае евангелле — напрастольнае, яно выкарыстоўвалася ў храме манастыра. Ва ўкладной грамаце манастыру за 1488 г. ад імя Дашкі Яцкавіча Храптовіча згадваецца царква святой Прачыстай Божай Маці: «за | писую къ ц[е]ркви с[вя]тое пр[е]ч[ис]тое б[о]гом[а]т[е]ре къ лаврашову манастырю ч[е]л[ове]ка данника [с]вое[го] отчино | го в щерсехъ на имя маронка михалковича съ его братаничом иванцомъ»[2] (старабелар.). ![]() ![]() У даравальнай грамаце манастыру за 1517 г. ад імя А. І. Хадкевіча — маршалка дворнага Вялікага Княства Літоўскага — ёсць згадка пра Успенскі храм. Перадаючы манастыру свой маёнтак у в. Лычыцы, А. І. Хадкевіч адрасуе яго такім чынам: «монастыру пречистое Божое Матери храму честнаго Ея Успения во обшеру Лавры преподобнаго отца Елисея» (старабелар.)[2]. З граматы вынікае, што манастыр у той час называўся Багародзіцкім, прычым у дакуменце ён двойчы названы лаўрай. (Гэта грамата з’яўляецца таксама найбольш раннім дакументам, у якім згадваецца Елісей Лаўрышаўскі.) ![]() У выніку Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. манастыр стаў грэка-каталіцкім. У інвентарным вопісу манастыра 1601 г. адзначана драўляная царква, «збудованая пре з ихъ м[и]л[о]стей пановъ Войныловичовъ и Беликовичовъ без притвору кгонтами критая, крестовъ на ней железных позолотистых три, на дзвонныци дзвоновъ пятъ»[2] (старабелар.). З 1615 г. манастыр належаў Ордэну базыльян святога Іасафата. У 2-ой палове XVII ст. манастыр збяднеў і заняпаў ў сувязі са скасаваннем лаўрышаўскай архімандрыі, абмежаваннем правоў на свецкія ахвяраванні і падпарадкаваннем з 1628 г. навагрудскаму манастыру. У 1650 г. гісторык А. Каяловіч у сваёй кнізе «Розныя звесткі, якія маюць дачыненне да царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім» (на лацінскай мове) піша, што ад манастыра засталася пры в. Лаўрышава «толькі царква адна, якая падпарадкаваная манастыру ўніятаў у Навагрудку»[3], і ў той царкве знаходзілася пахаванне (лац. «sepulc(h)rum») прападобнага Елісея, якое здаўна славілася тым, што пры пабожным яго наведванні можна было прагнаць з просьбітаў злых духаў[4]. (У 1864 г. у кнізе «Гісторыка-статыстычнае апісанне Мінскай епархі, якое складзена рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі архімандрытам Мікалаем», верагодна, з-за недакладнага перакладу звестак А. Каяловіча было напісана, што ў храме ў XVII ст. знаходзілася не пахаванне, а труна прападобнага Елісея, ў далейшым гэта паўтаралі і іншыя аўтары[4].) Успенская царква згадваецца ў 1719 г. у завяшчанні Яна Бужынскага, які прасіў «ксяндзоў-базыльян лаўрышаўскіх» пахаваць яго ў царкве Успення Маці Божай «парадкамі каталіцкімі»[3]. Успенскі храм 1775 г.У 1770-х гг. Лаўрышаўскі манастыр базыльян был адбудаваны наноў. У ходзе гэтага будаўніцтва быў узведзены і новы манастырскі храм — таксама Ўспенскі[3]. Можна меркаваць, што будаўнічыя працы ажыццяўляліся на аснове ўжо існаваўшай манастырскай планіроўкі[2]. У аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта захоўваюцца інвентарны вопіс манастыра 1824 г. і яго копія 1829 г. Паводле вопісу, манастырская царква пабудавана ў 1775 г. з брусавай драўніны, на цагляным падмурку, крыжовай формы. Дах быў пакрыты гонтай (дранкай). Вышыня будынка — 12, даўжыня разам з прысенкамі — 38, шырыня — 15, а разам з каплічкамі (прыдзеламі) — 26 літоўскіх локцяў. Купал быў заснаваны на чацвярыку, пакрыты бляхай, на ім быў крыж жалезны. Падобны купалок і над алтаром, на ім быў крыж жалезны, унутры быў падвешаны звон вагой каля 16 фунтаў. Пры краях дахаў над прыдзеламі знаходзіліся 2 жалезныя крыжы. Згодна інвентарнаму вопісу, царква мае 3 дзверы і 8 акон; у прытворы — лесвіца на хоры. У вопісу адзначана, што ў царкве ёсць 3 склепы, адзін з іх — для пахаванняў, да яго дзверы з прыступкамі ўнутры царквы. З абодвух бакоў алтара прыбудаваны 2 рызніцы з часанай драўніны, якія былі пакрытыя дранкай і абабітыя дошкамі, абедзве аднолькавага памеру (8 у даўжыню, 4 у шырыню, 5 у вышыню локцяў). Першая з рызніц называлася пераходная і служыла свяшчэннікам для аблачэння і падрыхтоўкі да службы. Яна знаходзіцца з левага боку храма і вяла раней да манастырскіх пабудоў. У ёй 2 дзверы, адна — уваход з двара, другая, наадварот, у асноўнае памяшканне царквы. Агароджа царквы была агульная з манастыром. «Ад царквы тутэйшай ступаючы, ідучы трохі налева да дарогі, якая ідзе міма манастыра, на адлегласці крокаў 25» была званіца драўляная на каменным падмурку. Яна складалася з двух паверхаў. Першы быў утвораны 12 слупамі з бруса, другі — 6-цю. На ёй былі ўсталяваны жалезны крыж і размешчаныя 4 званы вагой 10, 7, каля 5 пудоў і каля 25 фунтаў адпаведна. Пад званіцай знаходзілася ўязная брама з драўлянымі засовамі[3]. ![]() У 1836 г. манастыр быў зачынены, а храм прызначаны прыходскім. У 1839 г. пераведзены ў праваслаўе. У канцы ХIX ст. перабудаваны пад праваслаўны. У 1939 г. у Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада. Храмы ў іншых вёсках вакол Лаўрышава былі зачынены, аднак старадаўнюю манастырскую царкву бальшавікі не кранулі. Зараз тут бачаць у гэтым нябеснае заступніцтва прп. Елісея Лаўрышаўскага. У 2007 г. быў узноўлены Лаўрышаўскі манастыр, а ў лютым 2010 г. лаўрышаўскі храм увайшоў у склад манастыра. Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.08.2016 № 607 царкве нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі 3 (рэгіянальнага значэння)[5]. Царква — помнік народнага дойлідства. Выражана прамавугольным зрубам і працяглай пяціграннай апсідай, над якой двухсхільны дах пры дапамозе трохвугольных застрэшкаў пераходзіць у гранёнае вальмавае пакрыццё з купалам-цыбулінай на барабане ў завяршэнні. Дах над галоўным фасадам мае двух’ярусную (васьмярык на чацверыку) званіцу, шацёр якой завершаны купалам-цыбулінай. Да асноўнага аб'ёму па баках далучаны квадратныя ў плане прыдзелы, аб’яднаныя з апсідай больш нізкімі бакавымі рызніцамі. Уваход праз невысокі прамавугольны прытвор пад двухсхільным дахам. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, расчлянёныя брусамі-сцяжкамі ў прасценках. У малітоўную залу выступаюць хоры, падтрыманыя 2 гранёнымі слупамі і агароджаныя балюстрадным парапетам. Асабліва шануецца абраз «Прападобны Елісей Лаўрышаўскі». ДворУ двары храма знаходзяцца некалькі пахаванняў 2-ой паловы XIX — пачатку XX стст. У 1996 г. у двары ўсталяваны помнік Елісею Лаўрышаўскаму, у выглядзе пліты з рэльефнай выявай святога ў поўны рост, стылізаваным надпісам «Прападобнаму Елісею ігумену лаўрышаўскаму» і тэкстам трапара (кароткага песнапення) у яго гонар (царкоўнаслав.) Археалагічныя даследаванніУ 1990 г. А. К. Краўцэвіч абследаваў 6 м² каля царквы. Культурны пласт на краі пагорка каля 1,5 м, утрымліваў шматлікія фрагменты кафлі XVII ст. (развал печы), керамічнага посуду (самыя раннія з іх XIV—XV стст.), шкляных квартаў. Сабрана больш за 500 фрагментаў зялёнапаліванай кафлі, большасць з іх мае выявы дзяржаўных гербаў Вялікага Княства Літоўскага, Польскага каралеўства і нявызначанага геральдычнага знака, які нагадвае дзядоўнік[6]. З 2011 г. даследаванні вялі Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі. Свяшчэннаслужыцелі (XVI — пачатак XX ст.)
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia