Хаўме́а (сімвал: ),[1] ці Хаўме́я (136108 Haumea паводле каталога ЦМП[2]; старое абазначэнне 2003 EL61) — чацвёртая па велічыні карлікавая планетаСонечнай сістэмы.
Класіфікуецца як плутоід, транснептунавы аб’ект (ТНА)[3]. Паводле даных астраномаў з Паламарскай абсерваторыі (Каліфорнія), мае памер, параўнальны з памерам Плутона, моцна выцягнутую форму і перыяд кручэння вакол сваёй восі каля 4 гадзін. Мае 2 спадарожнікі з перыядамі абароту 18 і 49 сутак. Названа ў гонар гавайскай багіні ўрадлівасці і дзетараджэння[4].
Аб’ект быў адкрыты ў 2005 годзе[7], 29 ліпеня 2005 года яму быў прысвоены папярэдні парадкавы нумар 2003 EL61 («2003» азначала дату адкрыцця іспанскімі даследчыкамі[8]). 7 верасня 2006 года аб’ект быў занесены ў афіцыйны каталог малых планет як (136108) 2003 EL61.
На званне першаадкрывальнікаў гэтага аб’екта прэтэндавалі дзве групы астраномаў: з Іспаніі і ЗША. Міжнародны астранамічны саюз абраў імя, прапанаванае амерыканцамі. 17 верасня было абвешчана аб прысваенні аб’екту імені Хаўмеа і прысваенні яму статусу карлікавай планеты[9].
Характарыстыкі
Арбіта Хаўмеі (жоўтая), супастаўленне з арбітай Плутона (чырвоная) і экліптыкі (шэрая). Перыгелій (q) і афелій (Q) акрэсленыя датамі праходжання. Становішча планет на май 2009 года адзначанае сферамі, якія ілюструюць адносны памер і розніцу ў альбеда і колеры
Форма і памеры
Першыя ж фотаметрычныя назіранні, зробленыя групай Браўна ў 2005 годзе праз телескоп у Абсерваторыі Кека, выявілі, што Хаўмеа верціцца вельмі хутка — яе перыяд абароту вакол уласнай восі складае 3,9155±0,0002 гадзіны[10]
Вельмі хуткае вярчэнне Хаўмеі павінна скажаць яе форму. Гэта ўскосна пацвярджаецца тым, што ў яе назіраюцца вялікія ваганні яркасці — іх амплітуда дасягае (0,28±0,04)m.[10] Хоць прычынай гэтых ваганняў можа быць неаднароднасць паверхні (як у Плутона, у якога адхіленні ў яркасці дасягаюць 35%), для Хаўмеа прычынай змянення яркасці з'яўляецца, хутчэй за ўсё, яе выцягнутая форма[11]. Даследчыкі прамадэліравалі форму аб'екта і ўстанавілі, што найлепшую адпаведнасць дае мадэль у выглядзе эліпсоіда Якобі[en] з памерамі 1960×1518×996 км і альбеда 0,73[10].
У гэтым выпадку памеры Хаўмеі — каля дыяметра Плутона «ўздоўж» і ў два разы менш — «папярок», і Хаўмеа займае трэцяе або чацвёртае месца сярод транснептунавых аб’ектаў пасля Эрыды, Плутона і, магчыма, Макемаке.
У 2007 годзе былі апублікаваны вынікі вымярэння дыяметра і альбеда Хаўмеі, зробленыя пры дапамозе інфрачырвонага касмічнага тэлескопа Спітцэр. Згодна з гэтымі вымярэннямі, сярэдні дыяметр Хаўмеі аказаўся ровен 1150+250−100 км, а альбеда — 0,84+0,10−0,20[12].
Вымярэнні памераў аб'екта, праведзеныя ў 2009 годзе пры дапамозе інфрачырвонай касмічнай абсерваторыі Гершэль, паказалі, што яе сярэдні дыяметр ляжыць у дыяпазоне 1212—1491 км[13].
Маса
Маса Хаўмеі вызначана па арбітах спадарожнікаў і роўная (4,004±0,040)×1021 кг, што складае 24 % ад масы Эрыды і 32 % масы Плутона[14]. Зыходзячы з разліковай формы аб'екта, яго сярэдняя шчыльнасць у 2006 годзе ацэньвалася ў 2,6—3,34 г/см³.[10] Такім чынам, шчыльнасць Хаўмеі вышэй, чым у яе суседзяў па поясу Койпера. У 2007, 2010 і 2014 гадах шчыльнасць Хаўмеі была ацэнена ў 2,5—2,6 г/см³[13][15][16].
Паверхня
Спектр Хаўмеа паказвае, што яе паверхня, як і паверхня Харона, пакрыта пераважна вадзяным лёдам.
У 2009 годзе доктар Педра Ласерда (Pedro Lacerda) з Каралеўскага ўніверсітэта ў Белфасце паведаміў аб выяўленні на паверхні Хаўмеа каляровай анамаліі — вялікай плямы, якая мае чырвонае адценне ў бачным дыяпазоне. Прырода і паходжанне дадзенага аб’екта дакладна не ўстаноўлены. Меркавана гэта можа быць вобласць акладанняў нейкіх мінералаў ці арганічных злучэнняў[11][17]. Па іншай гіпотэзе «чырвоная пляма» ўяўляе сабой след ад сутыкнення Хаўмеа з іншым нябесным целам[18][19].
Кольцы
У кастрычніку 2017 года стала вядома аб выяўленні кольцаў у Хаўмеі[5]. Іх радыус складае прыкладна 2287 км, з шырынёю ў 70 км і празрыстасцю 0,5.
Дыяметр большага спадарожніка (Хііяка) — каля 350 км, перыяд абарачэння — 48,9 сутак, радыус арбіты — 49,9 тыс. км. Другі спадарожнік (Намака) прыкладна ўдвая менш першага, верціцца вакол Хаўмеа па арбіце з вялікай паўвоссю 25,6 тыс. км з перыядам 18 сутак[14].
Асколкі
Магчыма, Хаўмеа ўтварылася ў выніку сутыкнення двух нябесных цел. Большая частка лёгкіх кампанентаў (метан і вадзяны лёд) пасля ўдару часткова знікла, часткова была выкінута ў навакольную прастору і пасля ўтварыла два спадарожнікі (магчыма, будуць адкрыты яшчэ спадарожнікі). Гіпотэза сутыкнення ўскосна пацвярджаецца тым, што на падобных арбітах абарочваюцца яшчэ як мінімум тры ТНА меншага памеру з аналагічнымі Хаўмеа спектрамі — магчыма, «асколкі» Хаўмеа і разбітага ўдарам аб’екта дыяметрам каля 1600 км. Два іншыя ТНА-спадарожнікі, якія раней лічыліся «асколкамі», маюць чырвоны колер і таму не адносяцца да ўдзельнікаў гэтага катаклізму[20]. Пошук «асколкаў» працягваецца[21].
↑136108 Haumea (2003 EL61)(англ.) // JPL Small-Body Database Browser, California Institute of Technology
↑ абOrtiz, J. L.; Santos-Sanz, P.; Sicardy, B.; et al. (2017). "The size, shape, density and ring of the dwarf planet Haumea from a stellar occultation". Nature. 550 (7675): 219–223. doi:10.1038/nature24051. ISSN0028-0836.
↑Дакладней, Хаўмеа была адкрыта групай даследчыкаў Калтэха ў Паламарскай абсерваторыі 28 снежня 2004, і ў ліпені 2005 года групай з іспанскай абсерваторыі Сьера Невада. Аб палеміцы з нагоды даты і прыярытэту адкрыцця гл. спрэчка вакол адкрыцця Хаўмеа[en].
↑Agence France-Presse. Astronomers get lock on diamond-shaped Haumea(нявызн.)(недаступная спасылка). European Planetary Science Congress in Potsdam. News Limited (16 верасня 2009). Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2009. Праверана 16 верасня 2009.