Ілья Капіевіч
![]() Ілья Капіевіч (1651—1714) — кнігадрукар, перакладчык і пісьменнік. У архівах кальвінскіх абшчын яго імя падаецца як «Eliasz Kopiiewicz», у расійскай традыцыі імя перадаецца як «Илья Федорович Копиевский». У беларускамоўных публікацыях можна сустрэць і варыянт перадачы яго імя «Гальяш»[2]. У літаратуры замацавалася меркаванне аб некалькіх магчымых месцах нараджэння Ільі Капіевіча. Падставай для вызначэння месца нараджэння паслужыла інтэрпрэтацыя яго слоў у прадмове да кнігі «Краткое собрание Льва Миротворца…», адрасаванай расійскаму цару Пятру І, з якім Капіевіч напрыканцы XVII стагоддзя ў Амстэрдаме наладзіў шчыльную супрацу:
Адпаведна, месца нараджэння яго альбо шукалі ў Ляхавічах Брэсцкай вобласці альбо Ляхавічах пад Мсціславам. З гэтай жа прадмовы звычайна ў біяграфіях Капіевіча пазычаецца сцверджанне пра канфіскацыю яго бацькоўскага маёнтка езуітамі («Езуиты, попы римския веры, перед королём Казимером возпослушествоваша на мя свидетельство ложное: сказоваша, што я еретик, изменник, предался великому государю. Сею же лестию упросиша себе деревню мою с мужиками у короля»), што быццам паслужыла прычынай яго ад’езду ў Амстэрдам, але гэта не пацвярджаецца іншымі крыніцамі. Лектар Слуцкай кальвінісцкай гімназіі (ВКЛ)Беларускія гісторыкі Дзяніс Лісейчыкаў, Людміла Іванова і Зміцер Юркевіч на аснове вывучэння захаваных архіваў кальвінісцкіх абшчын ВКЛ здолелі рэканструяваць ранні этап яго біяграфіі. Паводле іх, Ілья Капіевіч нарадзіўся ў 1651—1652 гадах у мястэчку Капыль Навагрудскага павета ВКЛ. Менавіта ў Капыль, казнадзеем кальвінскага збору якога з сярэдзіны1660-х гадоў служыў яго брат Піліп, у 1668 годзе вярнуўся з маскоўскага палону Ілья. З 1670 года ён вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, у 1673 годзе пры гэтай установе атрымаў пасаду лектара, а ў 1676 годзе тут сама высвечаны ў святарскі сан[3]. Са Слуцка ён некалькі разоў на год вяртаўся ў родныя мясціны. 15 кастрычніка 1676 года ў Койданаўскім зборы ён узяў шлюб з маладой шляхцянкай Аленай Бальтазараўнай Жыдовіч, якой на той момант было 11 гадоў[4]. Сямейнае жыццё ў сужэнцаў не заладзілася. Цьмяным ёсць час іх вянчання і нараджэння дачкі. Намаганнямі брата Піліпа Ілья разам з жонкай быў накіраваны на пасаду казнадзея пры зборы ў вёсцы Асташына Навагрудскага павета, а пасля — у мястэчка Копысь Аршанскага павета. Матэрыяльнае становішча сям’і было вельмі цяжкім. Падчас адной з сямейных сварак Ілья Капіевіч у канцы 1686 годзе ненаўмысна забіў сваю жонку[3]. Паводле прысуду грамады ён быў высланы ў далёкі Венграў на Падляшшы, дзе ўжо служыў яго брат Піліп. Праз год, пасля станоўчага разгляду скаргі цесця, Ілью пазбавілі сану і адлучылі ад царквы. Ён доўга вагаўся наконт далейшых дзеянняў, некалькі разоў вяртаўся ў родныя мясціны, пад Капыль. Урэшце з’ехаў у Данцыг, а пасля — у Амстэрдам. Кнігадрукар маскоўскага цара (Амстэрдам — Данцыг)![]() Быў кандыдатам-пастарам пры Амстэрдамскім саборы («духовнаго чина, веры реформатския собору Амстеродамскаго»). У 1697 годзе сустрэўся ў Галандыі з маскоўскім царом Пятром I, які высока ацаніў веды Ільі Капіевіча. У Амстэрдаме па ўказе Пятра ён стаў навучаць рускіх замежным мовам, шкіперскай справе і іншым «навукам і мастацтвам» па вучэбных дапаможніках, якія сам для іх і складаў. Маскоўскі цар надаў галандскаму купцу Яну Тэсінгу манапольнае права друкаваць рускія кнігі і распаўсюджваць іх у Расіі. Ілля Капіевіч фактычна выступіў як стваральнік і арганізатар працы друкарні Тэсінга, у ролі аўтара, складальніка і перакладчыка. Больш таго, менавіта ён амаль цалкам вызначаў рэпертуар яе прадукцыі. З сакавіка 1699 па сярэдзіну 1700 Капіевічам былі падрыхтаваны да друку і выдадзены шэсць падручнікаў, якія змяшчалі звесткі аб чатырох навуках (сусветнай гісторыі, арыфметыцы, астраноміі, вайсковай справе), трох замежных мовах (галандскай, нямецкай, лацінскай) і аб антычнай літаратуры (Байкі Эзопа). Ужо да канца 1699 года ў супрацоўніцтве Капіевіча з Тэсінгам паўсталі сур’ёзныя рознагалоссі, якія да другой палове наступнага года скончылася канчатковым разрывам іх адносін. Хутчэй за ўсё гэта адбылося з-за Капіевіча, незадаволенага не толькі памерам узнагароджання, які выплачваўся яму купцом, але і сваім статусам наёмнага работніка[5]. Ён не меў сродкаў для стварэння ўласнай друкарні, таму заключыў здзелку з іншым галандскім купцом, Янам дэ Ёнгам, і выдае за яго кошт у 1700—1701 гадах тры кнігі: лацінскую граматыку для рускіх вучняў («Latina grammatica in usum scholarum celeberrimae gentis sclavonico-rosseanae adornata»), панегірык на ўзяцце Азова («Gloria triumphorum & trophaeorum») і пераклад падручніка па мараплаванню Аўраама Дэграфа («Книга учащая Морского Плавания»). Аднак адносіны Капіевіча з Дэ Ёнгам працягваліся гэтак жа нядоўга і гэтак жа скончыліся канфліктам, за якім адбылося судовае разбіральніцтва. Па яго выніках суд пастанавіў, што створаная на сродкі дэ Ёнга друкарня ў Капіевіча была канфіскаваная, а выдадзеныя ў ёй кнігі пераходзілі ў яго ўласнасць[6]. Апынуўшыся зноў у цяжкім фінансавым становішчы, Капіевіч пачынае шукаць сродкі для выкупу сваёй друкарні. Для гэтага ён уступае ў перамовы з Каралеўскім прускім навуковым таварыствам у Берліне, са шведскім дыпламатам і навукоўцам Мікалаем Бергіусам, з кіраўніком нямецкіх піетыстаў Аўгустам Франке, аднак вялікага поспеху гэтыя перамовы не прыносяць. У 1703—1706 жыў у Данцыгу і Хэлме, сябраваў з прафесарам матэматыкі данцыгскай гімназіі Паўлам Пятрэем, заснавальнікам мясцовай друкарскай школы. Да гэтага ж часу адносяцца яго няўдалыя спробы арганізаваць уласную друкарню ў Капенгагене або ў Гале, пра што сведчыць перапіска Генрыха Лудольфа (1704). У сакавіку 1706 года ў прадмесці Данцыга Штольцэнбергу ў друкарні Х.-Ф. Гольца Капіевічу атрымалася надрукаваць «Руковедение в грамматику славянороссийскую или московскую» («Manuductio in grammaticam in sclavonico Rosseanam seu Moscoviticam»). У жніўні 1707 годзе быў прыняты як перакладчык на службу ў Пасольскі прыказ. Некаторы час Капіевіч знаходзіўся ў Варшаве пры галоўнакамандуючым маскоўскай арміяй фельдмаршале Якаве Брусе. Неўзабаве Брус адаслаў яго ў Маскву да баярына Галоўкіна, начальніка Пасольскай канцылярыі[7]. Маскоўскі перыядПра яго далейшае жыццё вядома мала. Ён працаваў над некалькімі перакладамі, аднак па нейкіх прычынах ні адзін з іх не быў апублікаваны. Рукапіс «Гісторыі» Пуфендорфа, над якой яму было загадана працаваць у самым пачатку, застаўся нявыдадзеным. Акрамя яе да нас дайшоў яшчэ рукапіс яго перакладу «Гісторыі Аляксандра Македонскага» Квінта Курцыя Руфа. Па паведамленні ўдавы Капіевіча, сярод завершаных ім перакладаў былі таксама тры катэхізісы. Адсутнасць прыкметных слядоў яго дзейнасці ў дзяржаўных дакументах і асабліва той факт, што за сем гадоў ім не было апублікавана ні адной кнігі, даюць гісторыкам падставу казаць пра частковую страту ім працаздольнасці. Цалкам магчыма, што адбылося гэта праз душэўны крызіс з прычыны незапатрабаванасці яго папярэдняга досведу выдання кніг.[8]. Таксама сустракаецца меркаванне, што Капіевіч быў стваральнікам грамадзянскага шрыфту, але дакументальнага пацвярджэння гэтаму не знойдзена. Ацэнка дзейнасціРасійскія даследчыкі ХХ стагоддзя лічылі, што амстэрдамскія падручнікі не атрымалі шырокага распаўсюджвання ў Расіі і не сыгралі прыкметнай ролі ў пятроўскіх рэформах культуры. Лічылася, што Пётр не быў задаволены іх тэматыкай і зместам, што іх навуковы складнік не вытрымліваў крытыкі і што яны былі напісаныя далёкай ад дасканаласці рускай мовай. Абапіраючыся на такія ацэнкі, некаторыя навукоўцы сцвярджалі, што выданне рускіх кніг за мяжой і не магло завершыцца поспехам. Аднак, паводле сучасных ацэнак Юрыя Зарэцкага, гэта былі першыя свецкія друкаваныя падручнікі, дзякуючы якім расіяне маглі атрымаць новыя для іх практычна карысныя веды. Гісторыкі кнігі кажуць яшчэ і пра навацыі, якія гэтыя выданні прыўнеслі ў расійскае кнігадрукаванне. У іх выкарыстоўваўся новы славянскі шрыфт, які стаў правобразам «грамадзянкі», упершыню ўжываліся арабскія лічбы і тытульны ліст еўрапейскага тыпу з падкрэслена вылучанымі загалоўкам і выходнымі звесткамі[9]. Капіевічу належыць і заслуга стварэння першай друкаванай бібліяграфіі расійскіх кніг[10]. Уплыў Капіевіча на беларускую культуру невядомы, але ў яго лексіконе выразна адчуваюцца беларускія моўныя ўплывы[11]. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia