Анастасія Яраполкаўна
Анастасія Яраполкаўна (1074 — 3 студзеня 1158[3]) — дачка князя валынскага Яраполка Ізяславіча і Кунігунды фон Арламюндэ, жонка менскага князя Глеба Усяславіча. Згадкі![]() Крыніцамі Анастасія згадана толькі аднойчы, Кіеўскі летапіс паведаміў пра яе смерць пад 1158 годам. Згадка цікавая для гісторыі царквы[4][5]. Летапісец адзначыў, што 3 студзеня ва ўзросце 84 гадоў а 2 гадзіне ночы памерла Яраполкаўна, удава князя Глеба, якая перажыла свайго мужа на 40 гадоў, і пахавана 4 студзеня ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскага манастыра побач ракі Феадосія Пячэрскага і магілы мужа[6]. Анастасія завяшчала 5 вёсак з чэляддзю і агулам усю сваю маёмасць манастыру. Там сама адзначаны наданні манастыру ад яе бацькі і мужа — Яраполк ахвяраваў некалькі валасцей і ўсю свае асабістую маёмасць, а Глеб пры жыцці ахвяраваў 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата, а 100 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата ахвяравала ўдава па яго смерці.[7] Даследчыца Ліза Лін Генрых, якая ў 1977 годзе пераклала Кіеўскі летапіс на англійскую мову, інтэрпрэтавала словы «и все да и до повоӕ» як тое, што Яраполкаўна «дала ўсё да таго, як стала манахіняй». На думку Інэс Гарсія дэ ла Пуэнтэ (2012), Генрых няслушна зразумела фразу, літаральна яна значыць «дала ўсё і да галаўнога ўбору», а ў пераносным сэнсе «ахвяравала ўсё, што мела».[8] Імя княгіні Кіеўскі летапіс не называе, яно вядома толькі з позняй крыніцы — Кіеўскага сінопсісу. Можна толькі спадзявацца, што складальнік сінопсісу, які працаваў у Кіева-Пячэрскім манастыры, адзначыў імя слушна, але «няма дастаткова пэўных звестак, каб зрабіць выснову, што ўдаву Глеба звалі Анастасія».[9] У 2012 годзе амерыканская даследчыца іспанскага паходжання Гарсія дэ ла Пуэнтэ, на грунце фрагмента Кіеўскага летапісу «сѣдѣвши по кн҃зи своемъ . вдовою лѣт̑ . м҃ .» (сядзела па князю сваім удавою гадоў 40), выказала здагадку, што Яраполкаўна 40 гадоў была ўладарнай княгіняй менскай. Даследчыца сама адзначыла, што гэты выпадак не мае аналагаў прынамсі ў гісторыі Русі, а таксама яму няма пераканаўчых доказаў.[10][11] На думку ўкраінскага даследчыка Сяргея Абукава (2016): «Цяжка прызнаць пераканаўчым меркаванне пра праўленне ўдавы Глеба да сваёй смерці ў Менскім княстве».[12] З іншага боку, у 2024 годзе здагадку Гарсія дэ ла Пуэнтэ падтрымаў амерыканскі даследчык Крысціян Рафенспергер[13]. Гіпотэза Гарсія дэ ла Пуэнтэ грунтуецца на тым, што як і ранейшая перакладчыца Кіеўскага летапісу Ліза Лін Генрых, фрагмент «сѣдѣвши по кн҃зи своемъ . вдовою лѣт̑ . м҃ .» яна перакладае па аналогіі са шматлікі згадкамі летапісу пра «сядзенне» князёў, што значыла іх княжанне. Так, «who had been ruling forty years in the place of her prince as a widow» у перакладзе Генрых (1977) і «having ruled after her husband['s death] as a widow for forty years» у перакладзе Гарсія дэ ла Пуэнтэ (2012). Пры гэтым Гарсія дэ ла Пуэнтэ ведае, што рускія мовазнаўцы даюць сэнс «сядзела па князю сваім ўдавою» іначай і іх меркаванне грунтуецца на ранняй рэдакцыі Рускай Праўды з XII ст., дзе асобны раздзел «А се ѡ женѣ, ѡже върчетьсѧ сѣдѣти по мужи» прысвечаны менавіта правам удоваў усіх станаў, і на масіве пазнейшых ужыванняў «сядзення па мужы» менавіта ў сэнсе ўдоўства[14]. Са старажытнарускага права паняцце трапіла ў права Вялікага Княства Літоўскага, дзе «сядзець на ўдовіным стальцы» значыла тое самае — быць, заставацца ўдавой[15]. Такім чынам, Гарсія дэ ла Пуэнтэ адмаўляе ранейшы навуковых даробак і 700-гадовую прававую традыцыю на карысць сваёй гіпэтозы. У 2024 годзе рускія мовазнаўцы і даследчыкі родавых традыцый Рурыкавічаў Ганна Літвіна і Фёдар Успенскі, знаёмыя і з версіяй Гарсія дэ ла Пуэнтэ, зрабілі англійскі пераклад адпаведнага фрагмету Кіеўскага летапісу і падалі яго ў звычайным сэнсе («had been widowed for 40 years»), то-бок як 40 гадовае ўдоўства, а не княжання па смерці мужа[16]. Шлюб і дзеціЧас заключэння шлюбу паміж Анастасіяй і Глебам Усяславічам пэўна невядомы, яго толькі разлічваюць. Вядома, што пасля забойства Яраполка ў 1086 годзе Кунігунда з’ехала ў Германію, забраўшы з сабой малодшую дачку, дзе тая выйшла замуж[3]. Анастасія ж засталася на Русі, імаверна таму, што ўжо была на апецы мужа або, прынамсі, была пасватана. У тыя часы замуж выдавалі з 12 гадоў, што дазваляе вылічыць 1086 год як крайні ранейшы час вяселля[17]. Але, часам шлюбу называюць пачатак 1090-х гадоў. Леанід Аляксееў лічыў, што Анастасія была пасватана за Глеба ў пачатку 1073 года, што было прычынай канфлікту паміж Ізяславам Яраславічам і яго малодшымі братамі, але ў 1073 годзе Анастасія яшчэ не нарадзілася[18]. Мела прынамсі трох сыноў:[19]
Гісторык Аляксандр Назарэнка сумняваўся, што Расціслаў быў сынам Глеба і Анастасіі, выказваў здагадку, што ён мог быць сынам з невядомага першага шлюбу Глеба[17]. Назарэнка спасылаўся на тое, што пазней Расціслаў узяў шлюб з траюраднай сястрой, а гэта забараняе кананічнае царкоўнае права. Аднак, шлюбы з траюраднымі сёстрамі тым часам усё ж вядомы, як выключэнне іх мог дазволіць мітрапаліт[25]. Гістарычны кантэкстШлюб, імаверна, быў вынікам імкнення полацкага князя Усяслава Брачыславіча заручыцца падтрымкай вялікага князя кіеўскага Ізяслава Яраславіча (пам. 1078) у барацьбе супраць яго братоў — чарнігаўскага князя Святаслава Яраславіча (вялікага князя кіеўскага ў 1073—1077) і пераяслаўскага князя Усевалада Яраславіча (вялікага князя кіеўскага ў 1078—1093)[26]. Паводле Літвіной і Успенскага (2013), гэта быў першы шлюбны саюз у Кіеўскай Русі паміж членамі княжацкага роду Рурыкавічаў — Глеб і Яраполкаўна, як прапраўнукі Уладзіміра Святаславіча па мужчынскай лініі, былі ў сваяцтве восьмай ступені; шлюбы паміж братамі і сёстрамі да сёмай ступені забараняліся царкоўнымі нормамі, таму жонкамі рускіх князёў звычайна станавіліся іншаземкі[27]. ![]() -- Кіеўскі летапіс (Хлебнікаўскі спіс) Калі Усяслаў памёр у 1101 годзе, Полацкае княства раздзялілася на шэсць удзелаў: Полацкі, Друцкі, Менскі (для Глеба Усяславіча), Віцебскі, Лукомскі, і, імаверна, Ізяслаўскае (Заслаўскае)[19]. Неўзабаве паміж шасцю сынамі Усяслава пачаўся міжусобны канфлікт, у які неаднаразова ўмешваліся кіеўскі князь і іншыя паўднёварускія князі[28]. Уладзімір Манамах умяшаўся ў 1115 (6623) і/або 1116 (6624) гадах,[29] зноў дзесьці ў 1119—1121 гадах,[30] і Мсціслаў Уладзіміравіч у 1127 годзе, змяніўшы баланс сіл у больш шырокай Полацкай зямлі[28]. Менавіта падчас другой інтэрвенцыі Манамахам быў захоплены Менск, а Глеб Усяславіч трапіў у палон у Кіеў, дзе і памёр; такім чынам, яго жонка, менская княгіня Яраполкаўна, аўдавела[8][31]. Пэўна не вядома, што стала з Менскім княствам пасля гэтага, але Гарсія дэ ла Пуэнтэ (2012) выказала гіпотэзу, грунтуючыся на даступных ёй тэкставых, лінгвістычных, гістарычных і археалагічных сведчаннях, што Манамах і наступныя кіеўскія князі ўвесь час пакідалі княгіню Яраполкаўну на княжанне ў Менск пад сваім наглядам, а не ставілі болей канфліктных сыноў або ўнукаў Усяслава, асабліва пасля таго, як большасць з іх была саслана ў 1129—1130 годзе ў Візантыю[32]. Рафенспергер і Бірнбаўм (2021) прынялі тлумачэнне Гарсіі[31]. У 1129 (6637) або 1130 (6638) гадах Мсціслаў адправіў некалькіх полацкіх князёў Усяславічаў у ссылку ў Візантыю. Кіеўскі летапіс тлумачыць гэта рэтраспектыўна sub anno 1140 (6648) годам тым, што Мсціслаў пакараў полацкіх князёў за саюз з полаўцамі, замест дапамогі яму змагацца з імі.[33] Невядома, хто з сыноў і ўнукаў Усяслава быў сасланы ў Канстанцінопаль, ці былі сярод іх сыны менскай княгіні Яраполкаўны, а таксама ці быў хто-небудзь з іх сярод тых двух, пра чыё вяртанне ў Кіеўскую Русь згадана ў 1140 годзе[34]. Яе старэйшы сын Расціслаў Глебавіч сапраўды быў полацкім князем у 1151—1159 гадах і, магчыма, меў нейкую ўладарную ролю ў Менску да 1151 года, але крыніцы неясныя[35]. Наконт таго, хто яшчэ мог княжыць у Менску паміж 1119 і 1158 гадамі, Суздальскі летапіс сцвярджае, што, калі Яраполк Уладзіміравіч сеў на кіеўскім стальцы ў 1132—1133 годзе, то аддаў свайму пляменніку Ізяславу Мсціславічу Тураў, Пінск і Менск, магчыма, у складзе яго полацкіх уладанняў, а не ўсе чатыры паасобку, хоць гэта і няпэўна[36]. Ізяслаў усё адно добраахвотна пакінуў гэтыя ўладанні і паехаў у Ноўгарадзе ў 1135 годзе, пазней Менск болей не згадваецца ў Суздальскім летапісе, а ў Кіеўскім летапісе толькі раз (а менавіта ў 1151 годзе) да смерці княгіні ў 1158 годзе. На думку Гарсія дэ ла Пуэнтэ, ёсць інфармацыйны вакуум і ў гэты час у Менску магла княжыць удава-княгіня.[37] Толькі ў 1159 годзе, праз год пасля яе смерці, яе другі сын Валадар Глебавіч называецца менскім князем[38]. Аднак, Іпацеўскі летапіс над 1151 і 1159 гадамі называе куды і каму палачане выдалі здрадніцкі схопленага князя Рагвалода-Васіля — «ӕша Полотчане Рогъволода . Борисовича кн҃зѧ своего и послаша Мѣньску и ту и держаша оу велицѣ нужи» (1151) і «въıдахом̑ тѧ Глѣбовичем̑ . на великую муку» (1159), то-бок, у 1151 годзе актарамі падзей у Менску былі Глебавічы — сыны Глеба, а не ўдава, якую называлі б Глебавай. Памяць![]() У Кіева-Пячэрскай лаўры доўга трымалася памяць пра Глеба і Анастасію. Саборны манах Кіева-Пячэрскага манастыра Афанасій Кальнафойскі ў сваім творы «Тэратургіма», напісаным у 1638 годзе, сярод эпітафій фундатарам Лаўры дае і эпітафію Глебу Усяславічу і яго жонцы з вершаваным прысвячэннем. А аўтар Кіеўскага Сінопсісу, імаверна, нават рабіў расшуканні, каб высветліць імя княгіні, у Афанасія Кальнафойскага яно не згадваецца. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia