Асабняк Юсупавай
Асабняк Юсупавай — помнік архітэктуры Санкт-Пецярбурга, пабудаваны для Зінаіды Іванаўны Юсупавай (1810—1893), народжанай Нарышкінай. Першапачатковы праект будынка распрацаваў архітэктар Гаральд Босэ, затым завяршаў працу над праектам і кіраваў будаўніцтвам Людвіг Бонштэт. Сучасны адрас: Ліцейны праспект, д. 42. Будаўніцтва пачалося ў 1852 годзе і скончылася ў 1858 годзе. Двухпавярховы будынак выкананы ў формах архітэктуры італьянскага Адраджэння з выкарыстаннем элементаў барока. Будынак цалкам абліцаваны каменем — пясчанікам: мясцовым, гатчынскім, і брэменскім, з Германіі. Карыятыды ля параднага ўваходу, вылучанага парталам, зроблены з таго ж каменя. Фасад упрыгожваюць калоны і пілястры. Пышна аформленыя і інтэр’еры палаца. Многія плафоны і медальёны выкананы мастаком М. А. Майкавым. Асабліва прыгожыя бібліятэка, Партрэтная і Канцэртная залы. Апошні дарэвалюцыйны ўладальнік асабняка — праўнук Зінаіды Іванаўны Фелікс Юсупаў (малодшы). Падчас Першай сусветнай вайны тут працаваў шпіталь. Пасля 1917 года — Польскі дом асветы імя Ю. Ю. Махлеўскага, з 1934 года — Дом палітычнай асветы. У 1950 годзе будынак быў перададзены ў распараджэнне таварыства «Веды». З 1994 года ў гэтым жа будынку знаходзіцца Інстытут знешнеэканамічных сувязей, эканомікі і права. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia