Асманы (дынастыя)

Асманы
турэцк.: Osmanlı Hanedanı
Родапачынальнік Асман I
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Асма́ны (асман. خانه دان آل عثمان‎, турэцк.: Osmanlı Hanedanı) — дынастыя манархаў Асманскай імперыі.

Лічыцца, што дынастыя паходзіць ад Эртагрула — правадыра племя кайы, якое ў сярэдзіне XIII стагоддзя пакінула Цэнтральную Азію і пасялілася ў Малой Азіі.

Асман I аб’яднаў пад сваёй уладай некалькі цюркскіх плямёнаў і атрымаў ад дзяржавы Сельджукідаў прызнанне незалежнасці (1299/1300 г.). Ён жа пачаў праводзіць палітыку тэрытарыяльных захопаў і выступіў ініцыятарам шэрагу заваявальных паходаў супраць Візантыі.

У 1326 годзе яго пераемнік Архан I узяў штурмам горад Бурса, які стаў сталіцай новай дзяржавы. У перыяд кіравання Архана туркі заваявалі Галіпальскі паўвостраў, прыбярэжныя гарады Мармуровага мора Нікею (Ізнік) і Нікамедыю (Ізміт), а таксама ўварваліся на Балканы. Быў далучаны шэраг бейлікаў Анатоліі.

Пад кіраўніцтвам Мурада I, які абвясціў сябе султанам, у 1362 годзе туркі захапілі горад Адрыянопаль (цяпер Эдырнэ) і зрабілі яго сваёй новай сталіцай. У Косаўскай бітве 1389 года турэцкая армія, якую ўзначальваў Мурад I, а затым яго сын Баязід I, нанесла паражэнне аб’яднанаму войску сербаў і баснійцаў.

Пры Баязідзе I улада Асманаў распаўсюдзілася амаль на ўсю Анатолію, а таксама ён завяршыў заваяванне Балгарыя. Аднак спробы ўзяць Канстанцінопаль скончыліся безвынікова.

Першыя султаны Асманскай імперыі былі таленавітымі палкаводцамі і арганізатарамі. Яны, як правіла, асабіста кіравалі ўнутранай і знешняй палітыкай дзяржавы. Пасад пасля смерці султана пераходзіў да таго з яго сыноў, хто паспяваў першым заняць яго; пераможца атрымліваў права фізічнай расправы з патэнцыйнымі канкурэнтамі.

У 1403—1413 гады, ў сувязі з барацьбой спадчыннікаў Баязіда I за сталец, Асманская імперыя перажыла востры крызіс[ru]. У 1413 годзе да ўлады прыйшоў Мехмед I, які аднавіў адзінства дзяржавы.

Яго спадчыннік Мурад II далучыў да ўладанняў Асманаў усе бейлікі Малой Азіі (за выключэннем Карамана[ru]), заваяваў горад Салонікі, спыніў спробы крыжакоў супрацьстаяць асманскім заваёвам на Балканах.

Мехмед II Фаціх у 1453 годзе ўзяў Канстанцінопаль, які быў перайменаваны ў Стамбул і стаў новай сталіцай Асманскай імперыі, пакарыў Албанію, Сербію і Боснію, падпарадкаваў сабе беяў Анатоліі, якія да гэтага захоўвалі незалежнасць, паставіў у васальную залежнасць Крымскае ханства.

Баязід II (1481—1512) вёў пастаянныя, але беспаспяховыя войны з Польшчай, Венгрыяй, Венецыяй, Егіптам і Іранам.

Сын Баязіда II, які адхіліў яго ад улады, Селім I (1512—1520) у 1513 годзе расправіўся з шыітамі Анатоліі, уступіў у вайну з іранскім шахам Ісмаілам I і спустошыў яго валадарствы. У 1515—1517 гады ён пакарыў Курдыстан, Сірыю, Месапатамію, Палестыну, Хіджаз і Егіпет. Пасля заваёвы Каіра Селім I абвясціў сябе халіфам — спадчыннікам прарока Магамета і кіраўніком усіх мусульман-сунітаў. За час яго валадарання тэрыторыя Асманскай імперыі падвоілася.

Пры сыне Селіма I Сулеймане I Асманская імперыя дасягнула найвышэйшай магутнасці. У 1521 годзе быў узяты Бялград, пасля Бітвы пры Мохачы[ru] 1526 года далучана вялікая частка Венгрыі, у 1520—1530-я гады заваяваны Ірак, востраў Родас і шэраг астравоў Эгейскага мора, Трыпалітанія, Алжыр і іншыя тэрыторыі. Туркі вялі ўпартую барацьбу з Іранам за Паўднёвы Каўказ.

Са смерцю Сулеймана I адбылася адмова ад ранейшых традыцый атрымання ў спадчыну стальца — зацвердзіўся сеньяратны прынцып перадачы ўлады (трон атрымлівае старэйшы ў родзе). Спадчыннікі, чакаючы сваёй чаргі, як правіла, пражывалі пры двары і не атрымлівалі досведу кіравання дзяржавай і войскам. У цэлым, у XVII—XVIII стагоддзях роля Асманаў у кіраванні дзяржавай знізілася, яны сталі менш самастойнымі, больш залежнымі ад меркавання вышэйшых саноўнікаў і янычараў, не зацікаўленых у істотных зменах.

Селім II, які ўзышоў на пасад у 1566 годзе (кіраваў да 1574 года), вёў войны з Венецыяй, Венгрыяй і Іранам, заваяваў востраў Кіпр і пакарыў Аравію. У гады яго кіравання выявіліся першыя рысы крызісу Асманскай імперыі, якія выявіліся ў пашкоджанні манеты і карупцыі.

Гэтыя з’явы, нараўне з крызісам ваенна-леннай сістэмы, яшчэ больш узмацніліся пры Мурадзе III (1574—1595). Ім была праведзена паспяховая ваенная кампанія супраць Ірана, якая завяршылася далучэннем Паўднёвага Каўказа і некаторых іншых тэрыторый. Аднак вайна спустошыла казну і аслабіла войска.

У гады кіравання Мехмеда III (1595—1603) імперыю скалыналі паўстанні на тэрыторыях, адваяваных у Ірана, а таксама ў Анатоліі; расла незадаволенасць войска. У выніку гэтага пры Ахмедзе I (1603—1617) былі страчаны правінцыі, захопленыя раней у Ірана.

У XVII стагоддзі ў Асманскай імперыі пачалася эпоха палацавых пераваротаў. Султаны Мустафа I (1617—1618, 1622—1623) і Асман II (1618—1622) былі марыянеткамі ў руках прыдворных і янычараў, якія змянялі султанаў па сваіх меркаваннях. Мурад IV (1623—1640) узведзены на пасад камарылляй[ru] у малалецтве ў разліку на тое, што ён будзе ўсё жыццё знаходзіцца пад іх ўплывам. Аднак у 1632 годзе ён пазбавіўся ад апекуноў і масавымі пакараннямі аднавіў парадак у імперыі.

Мурад IV правёў паспяховую ваенную кампанію супраць Ірана, аднак не здолеў вырашыць праблему папаўнення казны. Яго спадчыннік Ібрагім I (1640—1648) паспрабаваў справіцца з гэтай задачай праз абкладанне падаткамі улемаў, нерэгулярнай выплаты грашовага забеспячэння янычарам, але быў імі скінуты.

Першыя гады кіравання Мехмеда IV (1648—1687) былі адзначаны анархіяй і ваеннымі паразамі ад венецыянцаў. У 1656 годзе пасаду вялікага візіра заняў Мехмет-паша, які здолеў прывесці ў парадак фінансы, войска, упарадкаваць ваенна-ленную сістэму. Гэта дазволіла асманам правесці паспяховую вайну супраць Рэчы Паспалітай, а ў 1683 годзе аблажыць Вену. Аднак у далейшым турэцкая армія пацярпела шэраг параз. Мехмед IV, абвінавачаны ў няздольнасці кіраваць краінай, у выніку паўстання янычар у Стамбуле быў зрынуты.

Узведзены імі на пасад Сулейман II (1687—1691) адрозніваўся рэлігійнасцю і не займаўся дзяржаўнымі справамі. Яго пераемнік Ахмед II (1691—1695) пацярпеў ваенную паразу ад аб’яднанай арміі Свяшчэннай Рымскай імперыі і страціў кантроль над большай часткай Венгрыі. Наступны султан Мустафа II (1695—1703) спрабаваў пераламаць ход вайны і асабіста камандаваў войскамі, аднак не дамогся поспеху. Па Карлавіцкім мірным дагаворы і Канстанцінопальскаму міру 1700 года Асманская імперыя страціла Марэю, Далмацыю, Венгрыю, Трансільванію, Падолле і Азоў. У 1703 годзе ў выніку новага бунту янычар Мустафа II адрокся ад пасаду.

Ахмед III вёў актыўную дыпламатыю, цікавіўся еўрапейскай культурай (гэта выявілася ў тым ліку ў еўрапейскіх запазычаннях у асманскім мастацтве; так званая «эпоха цюльпанаў»[ru]). У гэты перыяд у вайне з Аўстрыяй Асманы страцілі шэраг уладанняў на Балканах, у вайне з Венецыяй вярнулі сабе Марэю, у вайне з Расіяй вярнулі сабе Азоў. Аднак падатковая палітыка Ахмеда III выклікала незадаволенасць гарадскіх нізоў і прывяла да чарговага паўстання янычар, у выніку якога султан быў скінуты.

Пры султанах Махмудзе I (1730–1754), Асмане III (1754—1757), Мустафе III (1757—1774) і Абдул-Хамідзе I (1774—1789) унутраная дэградацыя імперыі ўзмацнілася, адкрыта праявіўся сепаратызм ускраінных правінцый, Асманы страцілі Паўночнае Прычарнамор’е і Крым, саступілі шэраг абласцей Ірану.

Адставанне Асманскай імперыі ад заходне-еўрапейскіх дзяржаў і Расіі, якое стала відавочным у канцы XVIII стагоддзя, і пагроза распаду дзяржавы заахвоцілі Асманаў пачаць рэформы. Аднак верхнія пласты грамадства пярэчылі ім праз асцярогі страціць сваі прывілеі. Самі рэформы мелі палавіністы характар, не закраналі структуру дзяржаўнай улады і таму ўспрымаліся як капрыз султана і вузкай групы яго паплечнікаў.

Селім III, які ўступіў на пасад у 1789 годзе, паспрабаваў рэарганізаваць войска, ім былі створаны атрады еўрапейскага ўзору. Аднак знешняе і ўнутранае становішча не спрыяла ажыццяўленню пачынанняў султана: Асманская імперыя не змагла самастойна супрацьстаяць уварванню французскай арміі ў Егіпет, на Балканах паднялося сербскае паўстанне 1804—1813 гадоў, у 1806 годзе пачалася новая руска-турэцкая вайна. У 1807 годзе султан быў скінуты ў выніку бунту янычар, пасаджаны пад варту, а затым задушаны.

Узведзены на трон Мустафа IV (1807—1808) быў зрынуты кіраўніком Рушчуцкай акругі Мустафа-пашой Байрактарам.

На пасад узышоў Махмуд II, які працягнуў палітыку Селіма III. Ён аднавіў войскі еўрапейскага ўзору, пачаў адміністрацыйную і фінансавую рэформы, у 1826 годзе ліквідаваў янычарскі корпус — галоўную крыніцу смут і антысултанскіх змоў у імперыі, у 1834 годзе скасаваў ваенна-ленную сістэму, прыцягнуў на службу вялікую колькасць еўрапейцаў, перш за ўсё французаў і немцаў. Аднак знешняя палітыка Махмуда II была малапаспяховай: у выніку нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі ў Грэцыі 1821—1829 гадоў Асманы страцілі ўладанні на поўдні Балканскага паўвострава, яны пацярпелі таксама паражэнне ў дзвюх войнах з Расіяй (1806—1812 і 1828—1829), фактычна страцілі Егіпет, які кіраваўся Мухамедам Алі.

Султан Абдул-Меджыд I па ўзыходжанні на пасад у 1839 годзе абвясціў правядзенне цэлага комплексу рэформаў, якія атрымалі назву «Танзімат». Заканадаўства імперыі было рэфармавана па ўзоры французскага, усім падданым абяцана роўнае заступніцтва султана незалежна ад веравызнання, немусульманам дазвалялася служыць у арміі і займаць адміністрацыйныя пасады. Разгарнулася будаўніцтва чыгунак, паравога флота, створана сістэма тэлеграфнай сувязі.

Яго пераемнік Абдул-Азіз рэгламентаваў воінскі прызыў, увёў новы грамадзянскі кодэкс. Аднак злоўжыванні замежнымі пазыкамі прывялі да таго, што ў 1875 годзе імперская казна не змагла абслужыць знешні доўг, у 1876 годзе Асманская імперыя прызнана банкрутам, а сам Абдул-Азіз зрынуты і неўзабаве забіты.

Узведзены на трон Мурад V (30 мая 1876 — 31 жніўня 1876) пад ціскам «новых асманаў»[ru] распарадзіўся распрацаваць канстытуцыю (прынята 23 снежня 1876 года), аднак неўзабаве быў адхілены ад улады з прычыны нервовага расстройства.

Новы султан Абдул-Хамід II, апошні самадзяржаўны ўладар Асманскай імперыі, з пачаткам руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў прыпыніў дзеянне канстытуцыі і пачаў пераслед апазіцыйных сіл. Пры ім Асманы страцілі амаль усе свае ўладанні на Балканах, а таксама Кіпр. Султан быў вымушаны ў кошт выплат па даўгах перадаць казну ва ўпраўленне еўрапейцам і саступіць Егіпет Вялікабрытаніі. Пад уплывам младатурэцкай рэвалюцыі 1908 года Абдул-Хамід II пагадзіўся пайсці на саступкі, аднавіць дзеянне канстытуцыі і склікаць парламент. Аднак у 1909 годзе ён падтрымаў антыканстытуцыйны мяцеж у Стамбуле, у выніку чаго рашэннем парламента быў зрынуты і пазбаўлены сану халіфа.

У наступныя гады роля Асманаў у кіраванні дзяржавай звялася да адабрэння кандыдатур вялікага візіра і шэйха уль-іслама[ru], якія прапаноўваліся ўрадам.

Мехмед V Рэшад (1909-1918) цікавіўся галоўным чынам літаратурай і не ўмешваўся ў дзяржаўныя справы, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні камітэта «Яднанне і прагрэс»[ru], а з 1913 года — трыумвірата на чале з Энвер-пашой.

Яго пераемнік Мехмед VI Вахідэдзін (1918—1922) уступіў на пасад на заключным этапе першай сусветнай вайны 1914—1918 гадоў. Пасля ўцёкаў урада младатурак султану прыйшлося прыняць на сябе кіраўніцтва краінай і падпісаць Мудраскае перамір’е 1918 года. У выніку «кемалісцкай рэвалюцыі» Мехмед VI у 1922 годзе быў адхілены ад улады Вялікім Нацыянальным Сходам Турцыі і эміграваў на Мальту.

У ходзе рэформаў Атацюрка[ru], у сувязі са скасаваннем манархіі і падзелам султаната і халіфата, на пасаду халіфа ў 1922 годзе запрошаны Абдул-Мэджыд II. Ён не ўмешваўся ў палітычнае, эканамічнае і духоўнае жыццё краіны, аддаваў перавагу заняткам жывапісам. У 1924 годзе ў сувязі з ліквідацыяй халіфата Абдул-Мэджыд II быў высланы з краіны.

Пасля яго смерці род асманаў прыняў прозвішча Асманаглу (турэцк.: Osmanoğlu). Нашчадкі дынастыі пражываюць пераважна ў ЗША і (з 1974 года) у Турцыі[1].

Гл. таксама

Крыніцы

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya