Беларуская канцэпцыя ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага![]() Беларуская канцэпцыя[2] (таксама канцэпцыя Ермаловіча[3]) — гістарыяграфічная канцэпцыя, якая разглядае Вялікае Княства Літоўскае як дзяржаву, утвораную на славянскай (беларускай) аснове[4]. Стала базай для ліцвінства. У межах беларуска-літоўскай дыскусіі пра ВКЛ галоўныя апаненты прадстаўнікоў такой пазіцыі гэта прыхільнікі літоўскай канцэпцыі, якія лічаць дзяржаву літоўскай. Як «трэцяя сіла» выступілі прыхільнікі цэнтрысцкага падыходу, якія ўлічваюць ролю абодвух народаў. Менавіта апошняя канцэпцыя набірае папулярнасць, так як адхіляе крайнія і аднабаковыя падыходы да праблемы[5]. ГісторыяНа думку апанентаў з Літвы, гэты падыход зарадзіўся як сінтэз велікарускай канцэпцыі (прадстаўленне ВКЛ як пра Літоўска-Рускую дзяржаву) і міжваеннай польскай гістарыяграфіі, якая лічыла паланізаваных літоўцаў Усходняй Літвы ўласна «ліцвінамі» (гэта значыць «сапраўднымі літоўцамі»), у адрозненне ад балтаў Літоўскай Рэспублікі. Як заснавальнік быў названы Восіп Сянкоўскі. Гісторык высунуў ідэю, што дзяржава была створана русінамі, якія перасяліліся на захад з-за мангольскага нашэсця[6][7]. Выключна беларускай дзяржавай ВКЛ адным з першых назваў палітык Мікалай Шкялёнак. У 1938 годзе ён апублікаваў кароткі артыкул «Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды». Яго ідэя была наступнай: вялікі князь Міндоўг першапачаткова зацвердзіўся «ў заходнім куце беларускіх зямель», уключаючы Навагрудак, а затым «на чале беларускіх дружын» заваяваў Аўкштайцію і Жамойць. Гэтая ідэя ў гады нямецкай акупацыі папулярызавалася беларускімі калабарацыяністамі, а ў пасляваенны час згадвалася ў эмігранцкіх выданнях[8]. У 1968 годзе Мікалай Ермаловіч скончыў працу «Па слядах аднаго міфа». Болей за 20 гадоў кніга распаўсюджвалася як самвыдат. У 1989 годзе праца апублікаваная легальна. Ермаловіч лакалізаваў гістарычную Літву на тэрыторыі Верхняга Панямоння, то-бок у сучаснай Беларусі. Аўтар назваў Літву адной з гістарычных зямель Беларусі. Далей, паводле гісторыка, назва распаўсюдзілася на ўсю краіну і ўсход сучаснай Літвы. Ермаловіч адзначаў, што за большай часткай цяперашняй Літоўскай Рэспублікі гістарычна была замацавана назва «Жамойць», а вызначэнне «Русь» аўтар звязваў з Украінай[9]. Мікола Ермаловіч, аднак, не сумняваўся ў балцкім паходжанні летапіснай Літвы[10]. Падобныя да Ермаловіча погляды былі ў Паўла Урбана. У 2001 годзе ён публікуе кнігу «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць», дзе канчаткова сфармуляваў свае погляды па праблеме ВКЛ, якія выказваў з 1970-х гадоў. Урбан таксама замацоўваў «Літву» за Беларуссю, а «Жамойць» за Літвой. Урбан адзначаў адасобленасць Жамойці ад гістарычнай Літвы, таксама і адасобленасць ад яе Аўкштайціі. Павел Урбан, у адрозненне ад Ермаловіча, сумняваўся ў балцкім паходжанні летапіснай Літвы[11]. Падобныя да Ермаловіча і Урбана погляды меў Аляксандр Рогалеў, які ў 1994 годзе пісаў, што ліцвіны гэта «новы ўсходнеславянскі этнас», а русіны — абагульненая назва ўсіх усходнеславянскіх субэтнасаў[12]. Большасць беларускіх навукоўцаў канцэпцыю не падтрымала, але яна адыграла велізарную ролю ў вывучэнні беларускай гісторыі. У прыватнасці, калі ў гістарычных падручніках савецкіх часоў вялося пра літоўскае заваяванне беларускіх зямель, ВКЛ трактавалася выключна як літоўская дзяржава, а адлік беларускай гісторыі фактычна пачынаўся ад 1917 года, то пад уплывам новых ідэй старыя погляды сталі пераглядаць[8]. АпісаннеПрадстаўнікі беларускай канцэпцыі адзначаюць, што ў гістарычных крыніцах няма сведчанняў пра літоўскія заваёвы. Таксама яны адзначаюць, што стварэнне ВКЛ суправаджалася заваяваннем балцкіх зямель, у прыватнасці Дзяволтвы і Нальшан, знішчэннем і выгнаннем мясцовых літоўскіх феадалаў, што магло быць у інтарэсах феадалаў беларускіх зямель. Акрамя таго, заяўляецца пра памылковасць атаяснення летапіснай Літвы (ХІ—ХІІІ стст.) з усходняй часткай сучаснай Літвы (тагачаснай Аўкштайціяй). Гістарычныя сведчанні і тапаніміка паказваюць, што ў Сярэднявеччы пад Літвой разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і была разам з імі адной з гістарычных абласцей Беларусі[13][14]. Ролю Міндоўга ў гісторыі беларуская канцэпцыя лічыць перабольшанай. Аддаецца большае значэнне дзейнасці Войшалка. Менавіта ім праведзена аб’яднанне Новагародскай, Пінскай, Нальшанскай, Дзяволтаўскай, Полацка-Віцебскай і летапісных Літоўскіх зямель у адзіную дзяржаву. Аднак калі далучэнне балцкіх тэрыторый было гвалтоўным, то далучэнне гарадоў Пінск, Полацк і Віцебск праходзіла добраахвотна. Падобным чынам да Вялікага Княства Літоўскага далучаліся і іншыя беларускія землі. Вырашальную аб’яднальную ролю ў пачатковы перыяд адыгрываў Навагрудак[15]. Адзначалася, што ўсходнеславянскія землі шмат у чым вызначалі культурнае і эканамічнае развіццё ВКЛ. Паводле гэтага пункту гледжання, хоць уладарная дынастыя і частка арыстакратаў мелі літоўскае паходжанне, але феадалы беларускіх і іншых зямель Русі таксама ўдзельнічалі ў кіраванні краінай[16]. Часам балтаў або не заўважаюць, або перамяншаюць іх ролю ў стварэнні ВКЛ[17]. Больш за тое, продкам сучасных літоўцаў, як і ім самім, адмаўляецца ў праве лічыцца Літвой і літоўцамі, а замест гэтага прапануюцца гістарычныя назвы «Жмудзь» («Жамойць», «Жамойція»[9]) і «жмудзіны», якімі раней беларусы іх і называлі. На думку прыхільнікаў гэтай трактоўкі, першыя тэрміны заўсёды адносіліся толькі да продкаў беларусаў[18][19]. Абазначэнне «Русь» замацоўваецца за тэрыторыяй сучаснай Украіны[9]. Пры гэтым Жмудзь лічыцца адасобленым ад гістарычнай Літвы, гэта значыць Беларусі, рэгіёнам, таксама як і Аўкштайція[20]. Прыхільнікі паказваюць, што па Статуту ВКЛ дзяржаваўтваральнымі народамі былі ліцвіны (беларусы) і русіны (украінцы), а вось жмудзіны (літоўцы) аб’яўляліся разам з яўрэямі пазбаўленымі правоў нацыянальнымі меншасцямі. Прысваенне назвы Літвы жмудзінам адбылося пры расійскіх уладах, замест «літвіны» ў значэнні беларусаў царызм увёў у 1870-х паняцце «літоўцы» ў значэнні жмудзінаў[21]. Балцкі кампанент тлумачыцца наяўнасцю на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці яцвягаў, якія беларусізаваліся і ніяк не звязаны з літоўцамі[22]. КрытыкаКрытыкі адзначаюць, што ўклад і роля продкаў літоўцаў пры такім падыходзе не разглядаюцца[23][19]. Як прымеціў гісторык Алег Дзярновіч, абвяшчэнне ўсіх балтамоўных жыхароў ВКЛ жамойтамі — штучная канструкцыя. Спецыяліст абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што ў продкаў літоўцаў было два інтэрдыялекты: адзін прадстаўлены гаворкамі Віленшчыны (Усходняй Аўкштайціі), другі існаваў на тэрыторыі Жамойці. Менавіта апошні называўся жамойцкай мовай, а першы — літоўскай[24]. Георгій Галанчанка раскрытыкаваў разуменне паняцця «ліцвіны» як саманазвы продкаў беларусаў. На яго думку, слова мела дзяржаўна-палітычную афарбоўку, то-бок азначала належнасць чалавека да ВКЛ незалежна ад этнічнага паходжання. Аналагічна ён адхіліў меркаванне пра атаясненне Русі і яе вытворных з украінцамі. Ён таксама вызначыў паняцце як палітонім для ўсёй былой тэрыторыі Старажытнай Русі[25]. Прадстаўнікі цэнтрысцкай канцэпцыі крытыкуюць беларускую канцэпцыю, таксама як і літоўскую, за тое, што дзяржаўнасць не разглядаецца як палітычнае ўтварэнне, сукупнасць палітычных інстытутаў, а зводзіцца да тэрыторыі, мовы і іншых этнічных прыкмет[17]. Вялікае Княства Літоўскае названа імі поліэтнічнай дзяржавай[26]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia