Цэнтрысцкая канцэпцыя ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага

Цэнтрысцкая канцэпцыя[1][2] (таксама «беларуска-літоўская», «літоўска-беларуская», «літоўска-руская»[3], кампрамісная[1]) — гістарыяграфічная канцэпцыя, якая разглядае Вялікае Княства Літоўскае як шматнацыянальную дзяржаву, утвораную на балта-славянскай аснове. Такую трактоўку першапачаткова высунулі прадстаўнікі заходнерусізму, а затым развілі беларускія навукоўцы. Паводле меркавання прыхільнікаў канцэпцыі, дзяржава ўзнікла як аб’яднанне ваеннай моцы балцкіх плямёнаў (продкаў сучасных літоўцаў) і культурных дасягненняў заходнерускага насельніцтва (продкаў сучасных беларусаў і ўкраінцаў). Падкрэсліваецца мірны характар пераходу другіх пад уладу першых.

Канцэпцыя ўмацавалася ў афіцыйным гістарычным наратыве Беларусі. Яе таксама падзяляюць некаторыя расійскія, польскія і літоўскія даследчыкі.

Бачанне і трактоўка тэмы

Цэнтрысцкая канцэпцыя звязвае генезіс Вялікага Княства Літоўскага з балта-славянскім узаемадзеяннем у Верхнім і Сярэднім Панямонні[4]: дрыгавічоў з яцвягамі і крывічоў з аўкштайтамі[5]. Менавіта гэты рэгіён прыхільнікі вызначаюць як месца зараджэння дзяржавы[6]. Тут паўстала некалькі славянскіх гарадоў, уключаючы Ваўкавыск, Навагарадак, Гародня, Слонім[7]. Падкрэсліваецца мірны характар кантактаў з балцкім насельніцтвам[8], а тэзіс пра балта-славянскае супрацьстаянне ў рэгіёне лічыцца стэрэатыпам[9]. На думку прыхільнікаў, за некалькі стагоддзяў узаемадзеяння ў краі сфарміраваліся стабільная этна-культурная сістэма. Спасылаючыся на пісьмовыя крыніцы яны прыводзяць прыклады запрашэння ў славянскія гарады князёў-балтаў, адзначаючы, што няма зафіксаваных выпадкаў, калі падобнае адбывалася шляхам ваеннага захопу[10].

Непасрэднае фарміраванне дзяржавы прыхільнікі канцэпцыі звязваюць з узнікненнем у літоўцаў перадумоў дзяржаўнасці, імкненнем беларускіх зямель пераадолець феадальную раздробленасць і кансалідавацца, знешніх пагрозам у асобе крыжакаў і татара-манголаў[11]. Мяркуецца, што адбылося аб’яднанне ваеннай моцы балтаў з культурнымі дасягненнямі ўсходніх славян[12]. Літоўскі этнас у XIII—XIV стст. быў на ўздыме, з’яўляючыся больш маладым і энергічным. У той жа час рускія княствы апынуліся ў крызісе праз раздробненасць, маючы патрэбу ў энергічных і валявых людзях[13].

Як заяўлялася, стварэнне ВКЛ пачалося з дзейнасці Міндоўга. У міжусобнай барацьбе за ўладу ён пацярпеў паразу і быў вымушаны бегчы з першапачатковай Літвы (у той час пад тапонімам, як мяркуецца, разумеліся балцкія землі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі і поўдні сучаснай Літвы) у Навагарадак. Мясцовае насельніцтва выбірае Міндоўга сваім князем і ставіць перад ім задачу пашырыць тэрыторыю княства за кошт суседняй Літвы[2].

Тэзіс пра заваяванне літоўцамі беларусаў як асноўнае ў станаўленні дзяржавы адпрэчаны канцэпцыяй[12]. Тым не менш, пашырэнне тэрытарыяльных уладанняў праз ваенныя захопы не адмаўляецца, а толькі ставіцца ў адзін шэраг з іншымі варыянтамі экспансіі, напрыклад, шлюбнымі саюзамі і дамовамі[14][15]. Сцвярджаецца, што ў XIII—XIV стст. вырашальную ролю ў стварэнні і развіцці краіны ігралі як заходнерускія, так і літоўскія феадалы. Аднак у XV—XVI стст. усталявалася панаванне эліты славянскага паходжання[2]. Вялікае Княства Літоўскае ўспрымаецца як поліэтнічная дзяржава, дзе кіруючая дынастыя паходзіла з балтаў, а асноўнае насельніцтва складалі славяне[16][17].

Астатнія пазіцыі, а менавіта «беларуская» і «літоўская» канцэпцыі, крытыкуюцца за тое, што дзяржаўнасць не разглядаецца як палітычнае ўтварэнне, сукупнасць палітычных інстытутаў, а зводзіцца да тэрыторыі, мовы і іншых этнічных прыкмет[18]. Прыхільнікі гэтай трактоўкі адмаўляюцца ўспрымаць княства як механізм дамінавання адной этнічнай групы над іншай[19], бо перыяд яго існавання належыць да данацыянальнай эпохі, калі не існавала цяперашніх нацый, а людзі не думалі ў нацыянальных катэгорыях. Таму Вялікае Княства Літоўскае, з пункту гледжання канцэпцыі, зусім не было дзяржавай пэўнага народа[15].

На карысць такой трактоўкі прыводзіцца асаблівая спецыфіка канцылярыі, а менавіта двухмоўе, дзе суіснавалі латынь і «руская мова» (у навуковых колах таксама старабеларуская, заходнеруская альбо стараўкраінская) — адзін з літаратурна-пісьмовых нашчадкаў старажытнарускай мовы. У сваю чаргу літоўская не здабыла такога статусу і доўгі час нават не была пісьмовай. Яна заставалася ва ўжытку ў балцкага простага люду. Часам, магчыма, ёй карысталіся вялікія князі ў гутарках, хоць веданне роднай мовы ў іх было зусім неабавязковым[15].

Гісторыя зараджэння і развіцця

Найстаражытныя сувязі літоўскага народа былі з рускімі; праз рускі свет праніклі да яго першыя пачатку грамадзянскасці, першыя прамяні хрысціянства. Літоўскі народ льнуў, так бы мовіць, да рускага свету. Нават у той час, калі ён панаваў над шырокімі рускімі абласцямі, ён не толькі не ўціскаў рускай народнасці, а наадварот, ахвотна сабе яе засвойваў, даваў рускай мове правы мовы афіцыйнага ў сваёй уласнай краіне.
А. Гільфердынг у артыкуле «Літва и жмудзь» (1863)[20].

У палемічнай літаратуры першай паловы XVIII стагоддзя змяшчалася ідэя мірнага характару ўключэння зямель Русі ў літоўскую дзяржаву і гарантаванага прывілеямі асаблівага статусу для праваслаўнай царквы і рускай шляхты. На гэтай аснове была сфарміравана «вялікаруская» версія паходжання ВКЛ, якая знайшла сваё адлюстраванне ў працах гісторыкаў наступных перыядаў, у тым ліку традыцыйнай беларускай гістарыяграфіі XX—XXI стагоддзяў[1].

У другой палове XIX стагоддзя паглыбленае вывучэнне крыніц, новыя канцэптуальныя і метадалагічныя падыходы садзейнічалі выкрыццю раней невядомага пласта інфармацыі. Быў зроблены вывад, што працэс далучэння тэрыторый былой Русі не можа быць растлумачаны выключна заваявальнай стратэгіяй літоўцаў або аслабленнем заходнерускіх княстваў[21].

У далейшым у даследчыкаў-заходнерусістаў (другая палова XIX—пачатак XX) з’яўляецца паняцце «Літоўска-руская дзяржава». Прыхільнікі гэтай плыні акцэнтавалі ўвагу на ролі «рускага пачатку» дзяржавы. Сярод такіх — Ф. Леантовіч, М. Уладзімірскі-Буданаў, М. Дашкевіч, М. Доўнар-Запольскі, М. Любаўскі і іншыя[22][21]. Апошні ў «Нарысе гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» (1915) падкрэсліваў, што з самага пачатку ВКЛ была дзяржавай «не проста літоўскай, а літоўска-рускай». Пад тэрмінам «рускі» гісторык разумеў усходнеславянскае насельніцтва на былых старажытнарускіх землях, якія апынуліся ў складзе ВКЛ. Улічвалі ўсходнеславянскія землі ва ўтварэнні і некаторыя польскія гісторыкі, напрыклад, Г. Пашкевіч[23]. У далейшым у расійскай гістарычнай навуцы назва «Літоўска-Руская дзяржава» замацавалася за перыядам да Люблінскай уніі 1569 года[24].

У брашуры В. Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) была версія пра заваяванне беларускіх зямель літоўскімі князямі Рынгольдам і яго сынам Міндоўгам і паказвалася, што пасля заваёвы літоўскімі князямі беларускія землі страцілі незалежнасць. Пры гэтым Ластоўскі лічыў, што ВКЛ аформілася як дзяржава пасля замацавання літоўскіх князёў у Полацку (у нарысе дзяржава называлася «Літоўска-Крывіцкай дзяржава», бо на думку даследчыка крывічы склалі аснову этнагенезу беларусаў)[25].

М. Доўнар-Запольскі ў брашуры «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919) назваў княства «Літоўска-Беларускай дзяржавай». Заяўлялася пра добраахвотнае аб’яднанні Беларусі і Літвы. Сталіца ВКЛ Вільня была заснавана на беларускіх землях. Як пісаў аўтар у наступных рукапісах, поспех распаўсюджвання ўлады балтаў тлумачыцца тым, што літоўцы і жыхары заходнерускіх зямель «былі добра знаёмыя адзін з адным у выніку ранейшых адносін», прычым адносін мірнага характару. Продкі беларусаў добраахвотна падпарадкоўваліся ўладзе замежнікаў, які валодалі ваеннай моцай, з мэтай абараніцца ад крыжакоў і прыпыніць міжусобіцы. Як лічыў гісторык, «літоўцы з’явіліся не як заваёўнікі, а як элемент, які ўносіў пэўны трывалы правапарадак у народнае жыццё». Больш за тое, яны не ўмешваліся ў мясцовыя парадкі і хутка падпарадкоўваліся культурнаму ўплыву славян[26].

У. Ігнатоўскі ў навукова-папулярнай працы «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (1926) узнікненне ВКЛ звязваў з захопам літоўскім князем Міндоўгам Чорнай Русі, што паклала пачатак дзяржаве «не проста Літоўскай, а Літоўска-Беларускай». Як пісаў навуковец, «адзінства і згода паміж літоўскім і рускім элементамі дзяржавы залежалі ад таго, што Літоўска-Беларуская дзяржава была пабудавана больш шляхам згоды, чым шляхам прыгнёту і вайны». З пункту гледжання аўтара, значны ўплыў на культуру аказвала Полацкае княства, бо «племя літвінаў было невялікім, акрамя таго, у ім не было культурнай сілы»[26].

У сваю чаргу У. Пічэта прытрымліваўся ідэі пра заваёву. У манаграфіі «Гісторыя Літоўскай дзяржавы да Люблінскай уніі» (1921) і абагульняючай працы «Гісторыя беларускага народа» (1924) ён заявіў, што першапачатковым ядром дзяржавы сталі балцкія землі. Зрэшты, даследчык не адмаўляў, што яна па сваёй культуры была беларускай і заставалася такой да сярэдзіны XVI стагоддзя[26].

У далейшым, бо ў БССР замацавалася сцвярджэнне пра заваяванне літоўцамі беларусаў і катэгарычна адпрэчвалася меркаванне пра мірнае ўваходжанне, канцэпцыю развівалі беларускія эмігранты. А. Станкевіч у манаграфіі «Хрысціянства і беларускі народ (спроба сінтэзу)» (1939) выказаў думку, што знаходжанне ў складзе дзяржавы мела вялікае значэнне для фарміравання і кансалідацыі беларускай нацыі. М. Шкялёнак у навуковым артыкуле «Дзяленне гісторыі Беларусі на перыяды» (1938) сцвярджаў, што ВКЛ варта разглядаць як агульную дзяржаву беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў[27].

У пачатку 1968 гады ў часопісе «Полымя» быў апублікаваны артыкул гісторыка-прававеда Я. Юхо з заклікам разглядаць ВКЛ як беларуска-літоўскую дзяржаву. Даследчык адзначыў, што славянская культура мела высокі ўзровень развіцця, а тэрмін «Літва» выкарыстоўваўся для абазначэння беларускіх зямель аж да канца XVIII стагоддзя[28].

У постсавецкі перыяд канцэпцыю развіваў А. Краўцэвіч. Ядром фарміравання Вялікага Княства Літоўскага навуковец назваў Верхняе і Сярэдняе Панямонне. Гэтыя землі ў той час былі зонай актыўных балта-славянскіх кантактаў[29].

Сучасны гістарычны наратыў

У 1992—1994 гадах у Рэспубліцы Беларусь праходзілі навуковыя дыскусіі адносна ролі і месца ВКЛ у працэсе фарміравання беларускай дзяржаўнасці. У выніку гэтых дыскусій было вырашана лічыць яго «поліэтнічнай федэрацыяй» і заканамерным этапам развіцця беларускай дзяржаўнасці. У калектыўнай працы «Нарысы гісторыі Беларусі» наўпрост гаварылася, што гістарычнымі правапераемнікамі ВКЛ з’яўляюцца беларускі і літоўскі народы, а ВКЛ на ранняй стадыі свайго існавання была «беларуска-літоўскай дзяржавай»[30]. У 2018 годзе цэнтрысцкая канцэпцыя знайшла сваё адлюстраванне ў канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці[31]. Заклікі асобных палітыкаў лічыць княства першаасновай беларускай дзяржаўнасці ў гісторыкаў падтрымкі не атрымалі[32].

Літоўскі бок лічыць ВКЛ выключна сваім праектам. Аднак асобныя прадстаўнікі пагаджаюцца з тым, што іх продкі супрацоўнічалі са славянамі, будуючы ВКЛ. Некаторыя літоўскія і польскія гісторыкі падзяляюць цэнтрысцкую канцэпцыю, у тым ліку Р. Камунтавічус[33], Ю. Бардах[3], А. Бумблаўскас[34] і Э. Александравічус[35]. У расійскай гістарычнай навуцы яна прасоўваецца праз тэрмін «Літоўска-Руская / Руска-Літоўская дзяржава». Сярод прадстаўнікоў канцэпцыі ў Расіі — А. Дварнічэнка[36], І. Данілеўскі[37], С. Думін і М. Кром. Частка расійскіх даследчыкаў адмовілася ад старых тэзізаў пра імкненне беларусаў уз’яднацца з Расіяй і пра русінска-літоўскую канфрантацыі ўнутры ВКЛ[38].

Крытыка

Савецкая гістарыяграфія да падобнай пункту гледжання ставілася скептычна. Ужо першыя гісторыкі Савецкага Саюза крытыкавалі сваіх калегаў за «вялікадзяржаўнасць»[36]. Л. Абецэдарскі, які лічыўся буйным спецыялістам у галіне сярэднявечнай гісторыі Беларусі, у працы «У святле неабвержных фактаў» (1969) заявіў, што «Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася ў XIII стагоддзі на тэрыторыі ўласна Літвы як дзяржава літоўскіх феадалаў», а беларускія феадалы істотнага ўплыву на палітыку гэтай дзяржавы не аказвалі. Ён вельмі негатыўна ацэньваў спробы пераацаніць ролю ВКЛ у развіцці беларускай нацыі. На ягоную думку, падобнае тлумачылася спробай супрацьпаставіць беларусаў рускім[28].

Літоўскі навуковец С. Лазутка адзначаў, што Вялікае Княства Літоўскае — гэта дзяржава «не „Руска-Літоўская“ ці „Беларуска-Літоўская“ ці як там яшчэ, а менавіта „Літоўская“», крытыкуючы савецкага калегу У. Пашута, які прытрымліваўся падобных поглядаў[39][40]. Літоўскія гісторыкі падчас публічнай дыскусіі ў Мінску ў 2013 годзе раскрытыкавалі пазіцыю беларускіх даследчыкаў па пункце пра мірнае супрацоўніцтва: бо літоўцы ў ваеннай справе пераўзыходзілі жыхароў заходнерускіх зямель, лагічна было б выказаць здагадку пра заваяванне славян[41][42].

Як пісалі беларускія крытыкі канцэпцыі Л. Крыштаповіч (доктар філалагічных навук) і У. Казлякоў (доктар гістарычных навук) у сумесным артыкуле «Квазігісторыя пад выглядам гісторыі беларускай дзяржаўнасці» (2019), у дзяржаве вельмі хутка ўсталявалася «панаванне антырускай палітычнай наменклатуры, якая нічога агульнага не мела з беларускай ментальнасцю». На іх думку, заходнерускае насельніцтва было прыгнечаным. Як прыклад ён даваў эпізод з жыцця князя Канстанціна Астрожскага, праваслаўнага, які быў прызначаны на ўрад вялікага гетмана літоўскага. Аднак каталікі выступілі катэгарычна супраць прызначэння Астрожскага з прычыны яго веравызнання. Урэшце, Жыгімонт Стары з вялікай цяжкасцю як выключэнне ўгаварыў згадзіцца з гэтым прызначэннем[39].

Цэнтрысцкую трактоўку крытыкавалі расійскія дзяржаўныя СМІ, якія аглядалі гістарычную палітыку ў Беларусі. У прыватнасці, EurAsia Daily называла гэту трактоўку як «нацыяналістычную»[40]. У сваю чаргу Украина.ру паказвала[43]:

  1. ВКЛ кіравалася чужой заходнерускім землям іншаземнай дынастыяй, якая не падзяляла рэлігійных поглядаў усходніх славян[заўв 1].
  2. Бліжэйшае атачэнне літоўскіх князёў складалася з балцкай арыстакратыі, пазней ахрышчанай у каталіцтва. Пераважная большасць магнацкіх родаў вядуць сваё паходжанне з карэннай Літвы. Заходнеруская знаць прадстаўлена толькі невялікай колькасцю родаў.
  3. Сталіца дзяржавы размяшчалася ў цэнтры літоўскіх, а не заходнерускіх зямель, там сама знаходзіўся і паганскі, а пазней каталіцкі яе цэнтр.
  4. Выкарыстанне славянскага пісьменства, а таксама заходнерускай культуры насіла вымушаны характар, які не ўплываў на самаідэнтыфікацыю.
  5. Заходнеруская знаць у XIV стагоддзі звязвае свае надзеі з аднапляменнай Масквой, а не з Літвой.
  6. Літоўцы заставаліся ў дзяржаве асаблівым этнасам, не звязаным з заходнерускім насельніцтвам.

Заўвагі

  1. Спачатку літоўцы вызнавалі паганства, потым каталіцтва.

Крыніцы

  1. а б в Сумина 2013, с. 14.
  2. а б в Новик 2011, с. 68.
  3. а б Дмитрачков 1999, с. 53.
  4. Краўцэвіч 1998, с. 5.
  5. Краўцэвіч 1998, с. 162.
  6. Краўцэвіч 1998, с. 100.
  7. Краўцэвіч 1998, с. 105.
  8. Краўцэвіч 1998, с. 122, 129.
  9. Краўцэвіч 1998, с. 163.
  10. Краўцэвіч 1998, с. 170—171.
  11. Дмитрачков 1999, с. 49—53.
  12. а б Анастасия Хролович. Дисскусия в Минске: разное видение истории ВКЛ — проблема? Архівавана 24 снежня 2023. // Delfi, 8 мая 2013
  13. Матарас 2012, с. 219.
  14. Матарас 2012, с. 217.
  15. а б в Глезеров, С. Е. Латынь с русской мовой. История Великого княжества Литовского // Санкт-Петербургские ведомости : газета. — № 074 (6427). — 23.04.2019
  16. Матарас 2012, с. 221.
  17. Новик 2011, с. 69.
  18. Новик 2011, с. 66.
  19. Краўцэвіч 1998, с. 140.
  20. Гильфердинг А. Ф. Литва и жмудь // Россия и славянство — М.: Институт русской цивилизации, 2009.
  21. а б Мегем М. Е., Давиденко А. А. Литва — «защитник» русских земель: литовская история в зеркале отечественной медиевистики второй половины XIX — начала XX века // Наука. Общество. Оборона. 2021. Т. 9, № 4(29). С. 34
  22. Краўцэвіч 1998, с. 41.
  23. Дмитрачков 1999, с. 48.
  24. Литовско-Русское государство // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
  25. Тихомиров 2014, с. 70.
  26. а б в Тихомиров 2014, с. 71.
  27. Тихомиров 2014, с. 71—72.
  28. а б Тихомиров 2014, с. 72.
  29. Алег Дзярновіч Пошукі Айчыны: “Літва” і “Русь” у сучаснай беларускай гістарыяграфіі // Палітычная сфера. — 2012. — № 18–19 (1–2). — С. 30—53.
  30. Тихомиров 2014, с. 74—75.
  31. Вячеслав Данилович Концепция истории белорусской государственности // Наука и инновации : журнал. — 2018. — Ноябрь — № 11. — С. 9—15.
  32. Тихомиров 2014, с. 75.
  33. Литовский историк о ВКЛ: «Белорусы приносили культуру, литовцы больше воевали» Архівавана 26 сакавіка 2024.//Еврорадио,13 октября 2021
  34. Литовский историк — о наследии ВКЛ и «детских болезнях» национализма
  35. Великое княжество было литовское или беларуское? // Деды. Дайджест публикаций о Беларуской истории. № 12-2013. С. 107—117.
  36. а б Дворниченко, А. Ю.«Присвоение» истории или ее постижение? (Русская литуанистика XIX — начала XX века) // Тетради по консерватизму: Альманах. — № 2. 2020.
  37. «Великое княжество Литовское — это часть российской истории» // RuBaltik.Ru, 16 февраля 2017.
  38. Краўцэвіч 1998, с. 85.
  39. а б Криштапович, Л., Козляков, В. Квазиистория под видом истории белорусской государственности // Постсоветский материк : журнал. — 1(21)/2019. — C. 100—110.
  40. а б Максим Самойлов. Великое княжество Литовское никогда не было «белорусским государством» // EurAsia Daily, 31 декабря 2019
  41. Анастасия Хролович. Дисскусия в Минске: разное видение истории ВКЛ — проблема? Архівавана 24 снежня 2023. // Delfi, 8 мая 2013
  42. Беларусь и Летува делят наследие ВКЛ // Секретные исследования : газета. — 2013. — № 13.
  43. Евгений Константинов. Являлось ли Великое княжество Литовское белорусским государством // Украина.ру, 13 июля 2022

Літаратура

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya