Архітэктура Вялікага Княства ЛітоўскагаАрхітэктура Вялікага Княства Літоўскага — мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў і іншых збудаванняў у адпаведнасці з іх прызначэннем, тэхнічнымі магчымасцямі і эстэтычнымі гледжаннямі грамадства XIII—XVIII стагоддзяў. Замкавае дойлідства![]() У XIII стагоддзі на землях сучасных Усходняй Літвы і Паўночна-заходняй Беларусі ўтварылася дзяржава, вядомая як Вялікае Княства Літоўскае. Неўзабаве яна ўжа далучала ўсю тэрыторыю сучасных Літвы і Беларусі, а таксама істотную частку тэрыторый Украіны (Валынь, Падолле, Кіеўшчына, Чарнігаўшчына, Севершчына, Дзікае поле), Расіі (Смаленшчына, Браншчына) і Польшчы (Падляшша). Яшчэ ў пару Кіеўскай Русі ўзніклі гарады, якія сталі пасля эканамічнымі, адміністрацыйна-палітычнымі, ваенна-абарончымі і культурнымі цэнтрамі Вялікага Княства Літоўскага. Вызначальная асаблівасць архітэктуры і горадабудаўніцтва гэтага часу — абарончы характар збудаванняў. Абарончая сістэма гарадоў спалучала натуральныя перашкоды (стромкія берагі рэк, схілы), штучныя ўмацаванні. Дзяцінец і горад атачаўся ровам і земляным валам з умацаваннямі з бярвення. Такая сістэма абароны адпавядала тагачаснай тактыцы раптоўных нападаў. З распаўсюджваннем аблогавай тактыкі з’явіўся і новы тып абароннага дойлідства — моцный драўляна-земляныя збудаванні з ўнутрывалавымі гліняна-каменнымі і драўлянымі канструкцыямі (Дрыса, Давыд-Гарадок, Быхаў, Гомель, Радашковічы, Глуск, Пінск, Сураж). Пазней асновай абароны шматлікіх гарадоў (Уладзімір-Валынскі, Камянец, Брэст, Навагрудак, Крэва і інш.) сталі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане каменныя вежы — «слупы»[1]. У канцы XIII — першай палове XVI стст. будуюцца новыя, а таксама перабудоўваюцца са старых, часцей за ўсё драўляна-земляных умацаванняў, крэпасці і замкі на беларускіх землях, на Валыні, у Падоліі, у такіх гарадах, як Вільня, Камянец-Падольскі, Луцк[2]. Узводзяцца манастыры, якія становяцца ўмацаванымі тэрыторыямі: Жыдзічынскі Мікалаеўскі манастыр каля Луцка (XIII ст.), Загораўскі манастыр каля Уладзіміра-Валынскага (XIV ст.), Мылецкі Мікалаеўскі манастыр (Мыльцы на Валыні, XIV ст.)[3],Віцебскі Свята-Траецкі Маркаў манастыр (XIV ст.), Свята-Духаў манастыр (1380-я гг.), Лукомльскі Мікалаеўскі манастыр (XIV), Усвяцкі Свята-Духаў манастыр каля Віцебска[4], заснаваны другі жонкай вялікага князя Літоўскага Альгерда Ульянай. ![]() Атрымала распаўсюджванне будаўніцтва прыватнаўласніцкіх замкаў рэгулярнай ці свабоднай у плане формы, на натуральных ці насыпных узвышшах, з развітай сістэмай абваднення (замак, пабудаваны Вітаўтам у Гродна (1398), замак князёў Чартарыйскіх у Клевані (1495), замак Радзівілаў у Алыку (1534), Троцкі замак (XIV), замкі ў Свіржы (1485), Нясвіжы, Смалянах, Геранёнах). Яны мелі магутныя сцены і вежы, — апошнія служылі і для жылля. Часта ў замка меўся прыбудаваны да яго палац з некалькімі памяшканнямі і замкавай царквой. Цікавы ў стылявым рашэнні Луцкі замак з высокімі прамавугольнымі ў плане вежамі і магутнымі, непрыступнымі сценамі вышынёй да 14 м. У плоскіх паўцыркульных нішах, якія дзе-нідзе ўпрыгожвалі фасады веж, як і ў двухступеньчатых з паўцыркульнымі завяршэннямі аконных праёмах яшчэ праступаюць рысы старажытнарускай архітэктуры. Але спічастыя парталы сведчаць пра ўплыў готыкі. Вельмі ўражвае крэпасць Камянца-Падольскага (XV—XVI стст.), якая ўяўляе сабой складаны архітэктурны ансамбль, наступнымі перабудовамі прыстасаваны для абароны ад артылерыйскага нападу[5]. Для замкавай архітэктуры аж да XV ст., да развіцця артылерыйскай тэхнікі, характэрны прыкметы, уласцівыя раманскаму дойлідству. Гэта быў час, калі абаронная архітэктура вяршэнствавала і ў будаўніцтве, і ў стылявых рысах. Але з развіццём тэхнікі арбалетнай, а пазней гарматнай, павялічваецца вышыня веж і сцен, ускладняецца кампазіцыя замкавых комплексаў. Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі, у Еўропе распаўсюдзілася будаўніцтва ўмацаванняў бастыённай сістэмы, прыйшло яно і ў ВКЛ (Заслаўе, Нясвіж). Абарончыя замкі, якія перашкаджалі татарскім набегам, паўсталі ад Усходняга Падолля да Дняпра. З іх вылучаліся Лідскі замак (1330-я гг.), Рагачоўскі замак каралевы Боны Сфорца (XVI ст.) з вадзяным ровам, земляным валам і мостам на ланцугах[6]. Найбуйнейшым жа драўляным замкам у паўднёвых землях ВКЛ быў кіеўскі, пабудаваны дойлідам Іванам Служкай у 1542: з 14-ю шасціграннымі вежамі, з хваёвага дрэва. У ім знаходзіліся рэзідэнцыя старасты, памяшканне для гарнізона, шматлікія службовыя пакоі, чатыры царквы, касцёл. Сцены замка былі абмазаны глінай, атынкованы і пафарбаваны. Замак з 6-ю вежамі, таксама з хвоі, у 1544 збудаваны ў Жытоміры. Самым невялікім у абарончай лініі быў Чаркаскі замак (1549). У гатычным стылі пабудавана брама гарадской сцяны з капліцай у Вільні (Вострая брама, 1503—1522). ![]() Своеасабліва выявіліся рысы Рэнесансу ў архітэктуры замкаў і палацаў, якія будуюцца ў XVI — першай палове XVII стст. у памесцях магнатаў. Напрыклад, вежы XVI ст. замка Астрожскіх у Астрогу ўвянчаны высокімі атыкамі і своеасаблівымі «каронамі» з развітай аркатурай і дэкаратыўным парапетам з франтончыкамі, валютамі і разьбяным дэкорам[7]. Тыя ж рысы мы бачым у замках у Беражанах (1534—1554 гг.) і Меджыбожы (XVI ст.), у Ляхавічах, Заслаўлі, Любчы[8]. Яшчэ выразней рэнесансныя рысы выявіліся, напрыклад, у замках у Алыку на Валыні з атыкам над брамай (1564)[9], у Збаражы (1631), пабудаваным (часткова) па праекце выбітнага італьянскага дойліда Вінчэнца Скамоцы, замак у Чашніках, у перабудове Мірскага замка ў канцы XVI ст[10]. Цяперашняя сталіца Беларусі горад Мінск напачатку XVII ст. быў абнесены земляным валам з бастыёнамі. Працяглы час горад заставаўся драўляным. У XVII—XVIII стст. была пабудавана двухпавярховая каменная ратуша і некалькі каменных храмаў у стылі барока (езуіцкі касцёл Дзевы Марыі, касцёлы манастыроў бернардынаў і бернардзінак). У 1795 у Мінску было 11 каменных храмаў і 6 драўляных. Узорам абароннага замка рэнесанснага стылю можна лічыць і рэзідэнцыю Сяняўскіх у Беражанах: у выглядзе шматгранніка, да двух бакоў якога ў двары прыбудаваны трохпавярховыя жылыя памяшканні, казарма і капліца. У 1586—1589 Крыштофам Радзівілам пабудаваны Біржайскі палац-замак са штучным возерам. У XIV ст. у Вільні пабудаваны некалькі каменных замкаў для вялікіх князёў літоўскіх (Віленскія замкі). У XIV ст. збудаваны Медніцкі замак каля Вільні з тоўстымі двухмятровымі сценамі, пяцівежавы замак у Оршы (1398). Будаўнічыя матэрыялы![]() Асноўнымі будаўнічым матэрыяламі служылі дрэва, цэгла і камень. Цэгла, якая ўжывалася для будаўніцтва манастыроў і замкаў, мела форму тонкіх і параўнальна шырокіх плітак. У пісьмовых крыніцах таго часу яна завецца грэчаскім словам «плінфа». Гліну разміналі ў вялікай яме, затым ёю запаўнялі драўляную форму. Потым гэты сырэц складалі ў штабелі і сушылі два тыдні, пасля чаго абпальвалі ў адмысловых печах. Пазней нароўні з плінфай пачалі рабіць і брусковую цэглу, якая ўжо распаўсюдзіўся ў Еўропе[11]. Для падмурка збудаванняў бралі валуны, пры змяшаным муры сцен — больш-меней плоскія буйныя камяні, галоўным чынам граніт, гейс ці кварцыт. Камяні шліфаваліся. Для дэкаратыўнасці часам выкарыстоўваўся пірафілітавы сланец (так званы чырвоны шыфер) — у прыватнасці, у збудаваннях Кіева, Чарнігава, Гродна, Оўруча. Таксама для аздаблення часам выкарыстоўваліся мясцовы пліткавы вапняк, рачны ракушачнік. Сувязным матэрыялам была вапна, якая атрымоўвалася абпалам. Запаўняльнікам раствора служыла дробнатаўчоная цэгла. У муры валынскіх замкаў акрамя таўчонай цэглы ў якасці запаўняльніка выкарыстоўвалі яшчэ і таўчоную крэйду. Пры будаўніцтве з валуноў і буйнапамернай цэглы (Навагрудскі замак, Лідскі замак, Крэўскі замак[12], Густынскі манастыр на Чарнігаўшчыне, Траецкі манастыр-крэпасць у Межырычах) выкарыстоўвалі 3-слаёвы мур (2 цагляныя сцены, а паміж імі забутоўка з дробных камянёў і бітай цэглы, залітая вапнавым растворам)[13]. Для падлог у замках, манастырах і палацах выкарыстоўваліся паліўныя керамічныя пліткі. Іх укладвалі па дыяганалі да восі будынка, пакрывалі палівай аднаго з колераў — жоўтага, зялёнага ці вішнёва-карычневага. Былі пліткі і з рознакаляровым роспісам, з арнаментам[14]. У мур скляпенняў будынкаў часта закладвалі керамічныя сасуды. У сучаснай архітэктуры іх завуць галаснікамі. Яны служылі не толькі для лепшай акустыкі будынка, але і для палягчэння вагі скляпення. Галаснікі ёсць у збудаваннях Валыні, Чарнігава, Полацка. Шмат іх закладзена, напрыклад, у сценах гродзенскай Каложскай царквы[15]. Гарадское будаўніцтва![]() Неабходнасць абароны вызначыла і аблічча горада. Ён меў вонкавыя ўмацаванні, якія апярэзвалі ўсю гарадскую тэрыторыю. У кампазіцыю ўмацаванняў уключаліся рэкі, вадаёмы. Асноўныя вуліцы з’яўляліся працягам дарог, якія злучалі горад з наваколлямі. У пачатку такіх вуліц у сцяне рабілі браму. Пазней радыяльныя вуліцы гарадоў злучаліся папярочнымі паўкальцавымі вуліцамі і стваралі радыяльна-кальцавую сістэму. У XV—XVI ст. звычайна фармавалася два гарадскіх цэнтра: замак князя і рыначная плошча з гандлёвымі шэрагамі; у гарадах, якія атрымалі магдэбургскае права, на плошчы ўзводзілася ратуша. З ростам рамяства і гандлю пашыраліся пасады, іх планіроўка стала больш спарадкаванай, брукаваліся вуліцы. Па перыметры плошчаў і на блізкіх да іх вуліцах размяшчаліся хаты рамеснікаў і гандляроў, пры будаўніцтве якіх часам выкарыстоўвалася тэхніка «прускага мура». Дамы ў горадзе звычайна будаваліся драўляныя, аднапавярховыя, выключэнне — асабнякі, будынкі для гарадскіх улад, культавыя збудаванні. Галоўныя вуліцы, як правіла, брукаваліся[16]. ![]() На гандлёвых плошчах гарадоў і буйных мястэчкаў будавалі гасціныя двары, важніцы, ко́рчмы (аўстэрыі). З XVI ст. размяшчэнне апошніх рэгламентавалася Статутамі ВКЛ, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі. Напрыклад, Статут 1529 (раздзел 3, стар. 17) забараняў будаўніцтва аўстэрый «пакутных, на местах неслушных», а Магілёўскі статут 1594 рэкамендаваў іх будаўніцтва «на гостинцах, и то не близко села… на местах некоторых назначоных, где домы въездные для людей переезджых… врад звудовати повинен». ![]() Некаторыя буйныя гарады і манастыры мелі сваіх майстроў-будаўнікоў (дойлідаў), з XVI ст. яны былі ўжо пры замках, у сядзібах магнатаў. Вядома, напрыклад, імя давыд-гарадокскага майстра Івана Буяковіча. Панскія маёнткіКомплекс будынкаў панскіх маёнткаў быў розным па памерах. У найбольш буйных былі і жылыя (палацы, хаты з сенцамі, святліцы), і гаспадарчыя (стайні, хлявы, клеці, свірны і інш.) будынкі. Пры некаторых маёнтках былі вадзяныя млыны, рудні, кузні. Будынкі ў маёнтках сярэдняй і дробнай шляхты галоўным чынам былі драўлянымі. Магнаты ж будавалі палацава-замкавыя ансамблі, выкарыстоўваючы камень і цэглу, дамы ўзводзілі складанай шматпакаёвай планіроўкі. У буйных маёнтках з’явіўся парк[17]. МястэчкіМястэчкі займалі своеасаблівае месца ў гістарычнай сістэме паселішчаў Вялікага Княства Літоўскага. Яны, як паселішчы пераходнага стану паміж вёскай і горадам, аб’ядноўвалі ў сабе ўклад вясковага і гарадскога жыцця, побыт селяніна і гараджаніна. Для свайго часу яны — магчыма, самы дасканалы і гарманічны тып паселішчаў[18]. Узніклі мястэчкі ў сувязі з таргамі, якія ў першай палове XV ст. праводзіліся каля велікакняжацкіх і буйных панскіх маёнткаў. Некаторыя мястэчкі ўзнікалі адначасова пры будаўніцтве замкаў (Іказнь, 1504, Машчаніца, 1546), іншыя — пры замках, ужо існуючых (Варонічы, 1563, Сураж, 1564). Шэраг мястэчкаў утварыўся блізка ад манастыроў на царкоўных землях (Баркалабава, 1623, Жыровічы, 1643, Ігумен, Відзы), а пры ажыццяўленні валочнай памеры — на месцы былых вёсак (Моталь) і на незасвоеных землях (Смалявічы, Ліпск, Васількова). З часам яны развіліся ў своеасаблівыя міжгарадскія гандлёва-рамесныя цэнтры. З развіццём гандлю закладваліся мястэчкі і на гасцінцах (Мілейчыцы, Нача, Барань, Старобін)[19]. Некаторыя мястэчкі налічвалі да 300 «дымоў», у XVI ст. да 1500 жыхароў. Будаўніцтва з сярэдзіны XVII стагоддзя![]() ![]() З другой паловы XVII ст. з-за войн і эпідэмій развіццё гарадоў у Вялікім Княстве Літоўскам прыпынілася амаль на стагоддзе. Хоць варта адзначыць з’яўленне такіх выдатных будынкаў, як касцёл манастыра трынітарыяў у Крывічах. Касцёл Маці Божай у Касцяневічах, касцёл дамініканцаў у Зембіне, касцёл дамініканцаў у Ракаве на месцы старога, пабудаванага ў 1686 па фундацыі К. Сангушка. У XV-першай палове XVI ст. толькі на беларускіх землях было каля 40 гарадоў і 200 мястэчкаў. У сярэдзіне XVII ст. у Вялікім Княстве Літоўскам было 757 гарадоў і мястэчкаў[20]. Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia