Юліянія Іванаўна Гальшанская
Юліянія або Ульяна з Гальшанскіх (польск.: Julianna Holszańska; каля 1375 — паміж 27 кастрычніка 1432 і 25 верасня 1433[6]) — вялікалітоўская арыстакратка. Дачка літоўскага арыстакрата, кіеўскага намесніка Івана Альгімонтавіча і смаленскай княжны Агрыпіны Святаслаўны. Мела братоў Андрэя, Міхаіла, Сямёна і Аляксандра. У першым шлюбе была з карачаўскім князем Іванам , пэўна яго асоба не вызначана, магчыма, гэта Іван Мсціславіч Хоцет[7]. Паводле нямецкага храніста Ёгана фон Пасільге, вялікі князь Вітаўт загадаў адсекчы галаву князю Івану, каб ажаніцца са сваёй палюбоўніцай (amye) Юліянай, ці праўда гэта — пэўна невядома[8][9]. 31 ліпеня 1418 года памерла Вітаўтава жонка княгіня Ганна, а 13 лістапада ён ажаніўся з Юліяніяй. Нябожчыца Ганна была цёткай (сястрой маці) Юліяніі, то-бок Вітаўт даводзіўся ёй сваяком трэцяй ступені. Таму віленскі біскуп Пётр Кракоўчык адмовіўся вянчаць іх без дыпенсы ад Папы. Вянчаў улацлавацкі біскуп Ян Крапідла , які меў прыязныя адносіны з Вітаўтам. Вяселле чынілі ў Гародні з вялікім з’ездам князёў і баяр, быў і польскі кароль Ягайла з жонкай Эльжбетай Граноўскай. Браўшы шлюб Юліянія перайшла ў каталіцтва. Урэшце, на мяжы 1418—1419 гадоў вялікалітоўскае пасольства на чале з Пятром Вальфрамам да Папы Марціна V атрымала дыспенсу на ўжо заключаны шлюб у кананічна забароненай трэцяй ступені сваяцтва.[8][10][11][12][13] Ян Тэнгоўскі называе шлюб «раптоўнай прыхамаццю» (nagły afekt) і «чыстым капрызам» (czystу kaprys) вялікага князя Вітаўта[14], а Яраслаў Нікодэм і Вільям Урбан бачаць і палітычны матыў, што сваяцтва з Гальшанскімі ўмацоўвала пазіцыі Вітаўта на рускіх землях дзяржавы, а магчымы сын мог бы стаць спадчыннікам стальца[10][15]. У шлюбе не было дзяцей[14]. У адрозненне ад Ганны, Юліянія не брала актыўнага ўдзелу ў палітыцы, звесткі пра яе фрагментарныя. Напрыклад, у 1421 годзе пасол англійскага караля, падарожнік Жыльбер дэ Лануа сустрэўся з Вітаўтам і Юліяніяй у Камянцы, атрымаў ад вялікай княгіні як падарунак залаты ланцужок і вялікую татарскую манету (дукачам), каб насіць на шыі як знак яе двара[16]. Юліянія таксама атрымлівала падарункі, напрыклад ад вялікага магістра Паўля фон Русдорфа[17], а калі ў 1425—1426 гадах княгіня цяжка захварэла, Русдорф на просьбу Вітаўта даслаў лекі і лекара Генрыка (arczt meister Henrich)[18]. У 1429 годзе стала членам Ордэна Дракона[19]. Адзіны вядомы яе ўраднік (чашнік) — князь Канстанцін Друцкі-Прыхабскі[20]. Перахрышчаная па каталіцкім абрадзе Юліянія засталася прыхільнай праваслаўю. Менавіта «на просьбу и на жоданье» жонкі Вітаўт надаў добры праваслаўнаму манастыру Раства Прачыстай Багародзіцы ў Троках, на думку Юрыя Мікульскага, княгіня магла быць заснавальніцай гэтага манастыра[21]. Для асабістых патрэб Юліяніі пабудавалі мураваную царкву святога Георгія на адным з астравоў возера Гальве паблізу астраўнога Троцкага замка[22]. 1 красавіка 1428 года Вітаўт запісаў сваёй жонцы вена на Наваградку з шэрагам «двароў» і сёл[23], а менавіта з Новым Сялом (ці Кубаркай), Гарадзечнам, Брацянкай, Басіным, Поўберагам, Дзяляцічамі, Любчай, Асташыным, Нягневічамі, Паланай, Карэлічамі, Свержанем, Цырыным, Палонкай, Пачапавым, Ляхавам, Бабрамі(?) і Вакінікамі (Войдатавым)[24][25]. Паводле Яна Длугаша, паміраючы, Вітаўт даручыў апеку над жонкай Ягайлу[12]. Паводле Длугаша ж, на пахаванні Юльяна рыдма галасіла, паўтараючы, што засталася сіратой[12]. Па смерці вялікага князя Вітаўта князь Свідрыгайла прысягаў Юліяніі, што будзе бараніць яе, але неўзабаве зняволіў і загадаў «ўмарыць», пра гэта нагадвае каралю Ягайле князь Жыгімонт Кейстутавіч лістом ужо ад 25 верасня 1433 года[6]. Паводле ж Тэадора Нарбута, Юліянія памерла ў 1448 годзе ў Дубровіцы каля Львова ва ўзросце 70 гадоў і пахавана ў віленскім касцёле св. Ганна[26], але сучасныя даследчыкі адхіляюць гэтыя звесткі як неверагодныя[9]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia