Касцёл Святога Аляксея (Сялец)
Касцё́л Свято́га Аляксе́я — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Сяльцы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, помнік архітэктуры неагатычнага стылю. Размешчаны ў цэнтры паселішча, на былой гандлёвай плошчы. Аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. ГісторыяКаталіцкі прыход у Сяльцы вядомы з 1471 года, на той час тут існаваў драўляны касцёл Святога Лаўрэнція. У 1519 годзе Бона Сфорца пабудавала і абсталявала ў мястэчку новы храм. Станам на 1744 год, парафія адносілася да Шарашоўскага дэканата, у 1797 годзе знаходзілася ў складзе Пружанскага дэканата Луцка-Берасцейскай дыяцэзіі, налічвала 1634 вернікаў[2]. У 1860 годзе прыход храма складаў 1998 католікаў. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады зачынілі касцёл і перавялі прыхаджан у праваслаўе, тагачасны ксёндз Байкоўскі ў сувязі з «палітычнай нядобранадзейнасцю» быў высланы ў Пермскую губерню. Неўзабаве стары будынак храма знеслі і ўзвялі на яго месцы праваслаўную Успенскую царкву. На той час нешматлікая каталіцкая грамада праводзіла набажэнствы ў могілкавай капліцы Святога Лаўрэнція. Доўгі час вернікі не маглі атрымаць дазвол на будаўніцтва новага храма і ў выніку звярнуліся да Мікалая II, які ўхваліў прапанову. Праект, распрацаваны архітэктарам Вільгельмам Срокам, быў зацверджаны 16 лютага 1906 года Іванам Плотнікавым[3]. Узвядзенне пачалося ў 1908 годзе і вялося на сродкі вернікаў і ахвяраванні мясцовых шляхціцаў. Газета «Наша ніва» ў 1912 годзе паведамляла пра касцёл наступнае: «У самым мястэчку Сяльцы есць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касцёл у стылю готыка - раманскім; ...Будуе гэты касцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус». Будаўніцтва скончылася ў тым жа годзе, новы храм быў асвячоны ў гонар царэвіча Аляксея — сына Мікалая II[4]. У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. На могілках захавалася колішняя прыпісаная да касцёла капліца, перад касцёлам — брама, вырашаная трохпралётнай спічастай аркадай уваходу. Сталага пробашча ў прыходзе няма[5]. АрхітэктураЗнаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на былой кірмашовай плошчы. Помнік архітэктуры неаготыкі. Уяўляе з сабе трохнефавую базіліку сіметрычна-восевай кампазіцыі. У сілуэце будынка дамінуе трох’ярусная шатровая вежа-званіца (васьмярык на двух чацверыках) цяжкіх прысадзістых прапорцый. Нізкія бакавыя прыдзелы, накрытыя аднасхільнымі дахамі, кампазіцыйна аб’ядноўваюць званіцу з асноўным аб’ёмам пад вільчыкавым дахам, завершаным над алтарнай часткай плоскай сігнатуркай. Ярусы званіцы па восі сіметрыі прарэзаны стральчатымі ўваходным парталам і акном-ружай над ім, акном-трыфорыумам на другім ярусе і арачным прасветам наверсе. Раўнамерны рытм бакавых фасадаў ствараецца ствараецца стральчатымі вокнамі-біфорыумамі і двухступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Пяцігранная апсіда фланкіравана нізкімі сакрысціямі з асобнымі ўваходамі[3]. Нягледзячы на багацце запазычаных з сярэднявечнай готыкі архітэктурных форм — контрфорсаў, спічастых ніш і праёмаў, вокнаў-руж — манументальны будынак не здабыў вертыкальную накіраванасць[6]. Прастора інтэр’ера расчлянёна на тры нефы дзвюма парамі магутных слупоў. Нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Над нартэксам хоры, злучаныя лесвіцкай з бакавым прыдзелам. Пробашчы
Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia