Марыя Складоўская-КюрыМарыя Саламея Складоўская-Кюры (польск.: Maria Salomea Skłodowska-Curie, 7 лістапада 1867 — 4 ліпеня 1934) — выдатная вучоная, фізік і хімік, даследчыца радыеактыўнасці, двойчы лаўрэат Нобелеўскай прэміі: Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1903) і Нобелеўскай прэміі па хіміі (1911). Яна была першай жанчынай-прафесарам ва ўніверсітэце ў Парыжы, а ў 1995 годзе стала першай жанчынай, пахаванай у Пантэоне ў Парыжы[14]. Яна нарадзілася ў Варшаве, у тагачасным Царстве Польскім. Яна пачала сваю навукова-практычную падрыхтоўку ў Варшаве. У 1891 годзе, ва ўзросце 24 гадоў, яна рушыла ўслед за сваёй старэйшай сястрой Браніславай вучыцца ў Парыж, дзе яна атрымала вышэйшую адукацыю і потым праводзіла навуковую працу. Складоўская-Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію, і з’яўляецца адзінай жанчынай на сённяшні дзень, якая атрымала гэту ўзнагароду ў дзвюх абласцях. Яе дасягненні ўключаюць тэорыю радыеактыўнасці, метады выдзялення радыеактыўных ізатопаў, а таксама адкрыццё двух элементаў, палонія і радыя. Пад ейным кіраўніцтвам былі праведзены першыя ў свеце даследаванні ў галіне лячэння новаўтварэнняў з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў. Яна заснавала Інстытут Кюры ў Парыжы і Варшаве, якія сёння застаюцца найбуйнейшымі цэнтрамі медыцынскіх даследаванняў. БіяграфіяМарыя Складоўская-Кюры нарадзілася ў Варшаве ў настаўніцкай сям’і. У 1891 годзе пераязджае ў Парыж, дзе становіцца студэнткай факультэта прыродазнаўства Сарбонскага ўніверсітэта. У выніку напружанай працы праз тры гады яна атрымлівае два дыпломы ліцэнцыяту — па фізіцы і па матэматыцы. На працягу вучобы ва ўніверсітэце Марыя знаёміцца з П’ерам Кюры, кіраўніком навуковай лабараторыі ў Школе фізікі і хіміі пры Сарбонскім універсітэце. У 1895 годзе адбываецца іх вяселле, і Марыя пачынае працаваць у лабараторыі П’ера. 12 верасня 1897 года нарадзілася іх першае дзіця — дачка Ірэн. У 1897 годзе Марыя Кюры пачынае вывучаць з’яву радыеактыўнасці, якую ўпершыню выявіў у 1896 годзе Анры Бекерэль. Яна вызначае, што крыніцай радыеактыўнасці ў даследаваных злучэннях з’яўляюцца атамы ўрану і торыю. У ходзе эксперыментаў выяўляецца, што некаторыя мінералы з вокісам урану маюць значна большую радыеактыўнасць, чым сам уран. Марыя Кюры высоўвае гіпотэзу, што прычынай гэтага ёсць прысутнасць у злучэннях дагэтуль невядомага навуцы высокарадыеактыўнага рэчыва. У гэты час да даследавання далучаецца і П’ер Кюры. Здагадка знаходзіць пацвярджэнне: далейшая праца прыводзіць да выдзялення ў 1898 годзе двух новых элементаў — палонію (названы ў гонар радзімы Марыі Польшчы) і радыю. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, П’ер і Марыя вырашаюць не патэнтаваць тэхналогію здабыцця радыю, а пакінуць яе адкрытай для навуковай грамадскасці. 1903 год становіцца для сям’і Кюры годам прызнання іх навуковых дасягненняў. 25 ліпеня Марыя абараняе доктарскую дысертацыю. У лістападзе Лонданскае каралеўскае таварыства прысуджае ім адну з найвышэйшых узнагарод — медаль Дэві. А 10 снежня П’ер і Марыя Кюры разам з Анры Бекерэлем становяцца лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па фізіцы. Такім чынам, Марыя Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала прэмію Нобеля. З гэтага часу П’ер і Марыя Кюры становяцца сусветна вядомымі вучонымі. Яны працягваюць працу над вывучэннем уласцівасцей радыю і спосабаў яго прамысловай вытворчасці. У Сарбонскім універсітэце адкрываецца кафедра фізікі, загадчыкам якой становіцца П’ер Кюры. Марыя працягвае выкладанне ў Вышэйшай нармальнай школе для дзяўчын у Сеўры. Да таго ж, 6 снежня 1904 года ў іх нараджаецца другая дачка — Ева. Але 19 красавіка 1904 года ў выніку няшчаснага выпадку П’ер Кюры памірае. Пасля нечаканай смерці мужа Марыя Кюры становіцца на чале заснаванай для яго кафедры фізікі і атрымлівае ступень прафесара Сарбоны. Яна працягвае даследванні, выкладае ў Сарбоне і ў Сеўры. Распрацоўвае першы і на той час адзіны ў свеце курс лекцый па радыеактыўнасці, рэдагуе і выдае «Працы П’ера Кюры», выдзяляе эталон радыю. З 1909 года яна ўзначальвае радыеактыўную лабараторыю ў новаадкрытым Інстытуце радыю. У 1911 годзе Марыя Кюры зноў становіцца лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, гэтым разам па хіміі, — першы ў гісторыі выпадак, калі адзін чалавек двойчы атрымаў гэтую ўзнагароду. У час cусветнай вайны яна стварае «радыелагічную службу», арганізоўвае курсы падрыхтоўкі сясцёр-радыёлагаў, абсталёўвае 220 мабільных рэнтгенаўскіх установак. Пасля вайны яна актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, уваходзіць у склад шэрагу міжнародных арганізацый, стварае Інстытут радыю на сваёй радзіме — у Варшаве. Гады працы з радыеактыўнымі рэчывамі не прайшлі бясследна для вучонай. Яшчэ ў маладосці яна атрымала апёкі кісцей рук. Да гэтага часу лабараторныя сшыткі П’ера і Марыі Кюры захоўваюць высокі ўзровень радыеактыўнасці. А 4 ліпеня 1934 году Марыя Складоўская-Кюры памерла ад невядомай тады яшчэ хваробы — лейкеміі. Праз год выйшла апошняя кніга, якую яна паспела скончыць перад смерцю, — фундаментальная праца «Радыеактыўнасць». Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia