У XVII стагоддзі, частка зямельных участкаў Ракаўскага прадмесця перайшла ва ўладанне Свята-Петрапаўлаўскага праваслаўнага манастыра. На вуліцы з часам пачалі з'яўляцца каменныя і драўляна-мураваныя будынкі. Галоўным чынам, гэта былі так званыя даходныя дамы, якія знаходзіліся ва ўласнасці буйных домаўладальнікаў і царквы[1].
Вуліца Ракаўская пазначана на захаваным «Плане губернскага горада Мінска 1793 года». Па тых часах яна была даволі працяглай; Яна адыходзіла ад Нямігскай вуліцы з паўночнага захаду і ўлівалася ў былы Ракаўскі тракт (сучасная вул. Харкаўская), які злучаў Мінск з мястэчкам Ракаў. Ніжні ўчастак Ракаўскай нейкі час называўся Юр'еўскай вуліцай, але ўжо да канца XIX стагоддзі апошняя знікае з карты горада. Паводле паліцэйскай справаздачы 1893 года, яе працягласць на той час складала 320 сажаняў (672 метра), а шырыня вагалася ад 3 (6,3 метра) да 4,7 сажаняў (9,9 метра). Ракаўская мела маставую і ў цёмны час сутак асвятлялася ліхтарамі[1].
З канца XIX стагоддзя Ракаўская ператвараецца ў фабрычна-завадскую вуліцу. У 1896 годзе тут адкрылася шпалерная фабрыка Шыфмановіча. Яна размясцілася ў доме Дам'е на рагу Ракаўскай і Няміга-Ракаўскай вуліц (сёння будынак належыць хлебазаводу № 1). У 1912 годзе на фабрыцы працавалі 29 рабочых, ужываліся паравая і дынама-машыны. Праз два гады пасля адкрыцця гэтага прадпрыемства купец Абрам Эпштэйн атрымлівае дазвол гарадскіх улад на размяшчэнне шпалернай фабрыкі ў доме Поляка на вуліцы Ракаўскай (будынак на гэтай вуліцы пад № 30 захаваўся і да гэтага часу). Прадпрыемства было абсталявана чатырма друкарнымі машынамі і вырабляла ў суткі каля 4 тысяч кавалкаў шпалер. У 1909 годзе на фабрыцы Эпштэйна здарыўся пажар. Тады ж гаспадар атрымаў дазвол на ўзвядзенне новага будынка, які быў пабудаваны непадалёк ад Ракаўскай у 1910 годзе. У пачатку ХХ стагоддзі на Ракаўскай адна за другой з'яўляюцца абутковыя фабрыкі. Першая з іх — «Труд» Гольдберга, Бенцмана і Гурвіча — адкрылася ў 1910 годзе пад адным дахам са шпалерным прадпрыемствам Эпштэйна. Паводле справаздач 1913 года, тут было выраблена 15 тысяч пар абутку. Прадпрыемства «Скараход» пачало працаваць у 1912 годзе ў будынку, які захаваўся да нашага часу (дом № 18). Праз год на фабрыцы, запушчанай Маскоўскім акцыянерным таварыствам скуры і механічнага абутку «Шэўрахром», працавалі 35 рабочых. У 1914 годзе, калі пачалася Першая сусветная вайна, прадпрыемства шыла боты для дзеючай арміі. У гэты перыяд у вытворчасці былі заняты ўжо 79 чалавек[1].
У 1937 г. названа ў гонар рускага савецкага пісьменніка М. А. Астроўскага, які памёр за год да гэтага.
У 1973 годзе пры рэканструкцыі Нямігі была знішчана забудова ў пачатку вуліцы[1].
Характэрныя будынкі і збудаванні
Забудова вул. Ракаўскай з'яўляецца кампазіцыйнай воссю Ракаўскага прадмесця. Забудова складаецца з трох асноўных комплексаў, якія створаны ў 19—пачатку 20 ст. Першы ўключае дамы № 12-20/45, другі — дамы № 15-19, трэці — дамы № 24—32. Архітэктура асобных будынкаў мае эклектычны характар. Разам яны ўтвараюць цікавы куток старога Мінскa[2].
Будаўніцтва мураванай царквы і мужчынскага манастыра было распачата праваслаўным брацтвам у 1611—1612 гг. з дазволу польскага караля і вялікага князя літоўскагаЖыгімонта ІІІ. Пляц для будаўніцтва быў дараваны 23 лістапада1611 г. княгіняй Аўдоццяй Рыгораўнай Друцкай-Горскай, удавой каралеўскага маршалкаБагдана Статкевіча. У 1619 г. тэрыторыя манастыра пашырылася за кошт пляца, ахвяраванага Ганнай Агінскай, які таксама знаходзіўся на вул. Вялікай Юр’еўскай (сучасная вул. Ракаўская) сумежна з манастырскай зямлёй. У 1624 г. кіеўскі мітрапалітПётр Магіла выдаў грамату з благаславеннем на адкрыццё пры храме жаночага манастыра[3].
У часы Расійскай імперыі Свята-Кацярынінская царква была надзелена статусам кафедральнага сабора, але ў 1799 г. з-за таго, што храм знаходзіўся на ўскраіне горада, пераўтвораны ў прыходскую царкву і толькі ў 1844 г. зноў узведзены ў статус гарадскога сабора. У 1812 г. пад час французскай акупацыі царква моцна пацярпела. Аднак у 1813—1814 гг. храм быў адрамантаваны. У 1870—1872 гг. на вылучаныя графам Мураўёвым сродкі храм капітальна перабудаваны і былі распісаны сцены. У чэрвені 1881 г. у Мінску адбыўся вялікі пажар, пад час якога была пашкоджана царква. У 1911 г. зноў разглядалася пытанне аб рамонце царквы. Вядома, што ў 1914 г. быў праведзены ўнутраны рамонт. Знадворныя рамонтныя работы (замена даху, афарбоўка сцен) не выкананы[3].
Царква ўяўляе сабой мураваную трохнефавую шасціслуповую базіліку з пяціграннай апсідай і дзвюма вежамі. Галоўны фасад трохчасткавы: цэнтральная частка завершана высокім трохвугольным франтонам, над уваходам вялікае паўцыркульнае акно; дзве бакавыя часткі дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркульнага і прамавугольнага абрысу, фланкіраваны трох’яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаны шлемападобнымі купаламі. Над апсідай — франтон асноўнага аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах размешчаны спараныя паўцыркульныя вокны, якія асвятляюць бакавыя і цэнтральныя нефы. Сцены завершаны тонкапрафіляваным карнізам. У інтэр'еры цэнтральны неф мае цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовыя[3].
№ 12а — трохпавярховы Г-падобны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў 19 ст. Размешчаны ў глыбіні квартала. Накрыты чатырохсхільным вальмавым дахам. Фасады вырашаны строга і лаканічна. Плоскія сцены члянёны лучковымі вокнамі без ліштваў. Дэкаратыўныя элементы ў архітэктурнай аздобе адсутнічаюць. Выкарыстоўваецца як жылы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
№ 14 — Дом Рубінштэйна[4] — двухпавярховы складанай у плане формы цагляны будынак, пабудаваны ў сярэдзіне 19 ст. з цэглы. Мае асіметрычную кампазіцыю і злучаны з домам № 12 дэкаратыўнай сценкай, у цэнты якой прарэзана лучковая арка. Да вуліцы пастаўлены тарцовым фасадам. Паверхі падзелены карнізным поясам. На першым паверсе лучковыя аконныя праёмы, на другім — прамавугольныя. У цэнтры галоўнага фасада на другім паверсе маленькі балкон. Будынак накрыты вальмавым дахам, схілы якога ўтвараюць у дваровай частцы няправільныя трохвугольныя франтончыкі. Цяпер у будынку размешчана грамадская ўстанова[2], раней — Другое мужчынскае аднакласнае прыхадское вучылішча[4], пры якім дзейнічала нядзельная школа, дзе навучалася мужчынскае насельніцтва горада. Ініцыятарам стварэння школы была эсэрка Кацярына Ізмайловіч, пакараная смерцю ў 1906 годзе ў Севастопалі за замах на адмірала Чухніна. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
№ 14а — аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак, пабудаваны з цэглы і дрэва ў 19 ст. Размешчаны ў глыбіні квартала. Мае невялікую драўляную прыбудову, накрыты двухсхільным дахам. Аконныя праёмы прамавугольныя без ліштваў. З тарцоў схілы даху ўтвараюць трохвугольныя франтоны. Выкарыстоўваецтда як жылы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
№ 16 — двухпавярховы чатырохвугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны на рубяжы 19—20 стагоддзяў. Не атынкаваны, мае прыбудову ў дваровай частцы, што надае яму асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. У паўднёва-ўсходняй частцы — лучковая арка ва ўнутраны двор. Першы і другі паверхі галоўнага і дваровага фасадаў падзелены карнізам. Галоўны фасад члянёны лучковымі аконнымі праёмамі з дэкаратыўнымі ліштвамі. Цэнтральную частку фасада аздабляе невялікі балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Выкарыстоўваецца як жылы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
№ 16а — Двухпавярховы будынак з асіметрычнай кампазіцыяй плана і фасадаў, пабудаваны з цэглы і дрэва ў 19 ст. Размешчаны ў глыбіні квартала. Накрыты двухсхільным дахам. Фасады плоскасныя, члянёны прамавугольнымі вокнамі без ліштваў. З паўднёва-ўсходняга боку да дома прымыкае драўляная гарызантальна ашаляваная прыбудова на мураваным фундаменце[2]. У час нямецкай акупацыі і пасля вызвалення Мінска ў доме жыла беларускі архітэктар Ірына Антонаўна Іода[5]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
№ 20/15 — двухпавярховы вуглавы Г-падобны ў плане цагляны, не атынкаваны будынак, пабудаваны на рубяжы 19—20 ст. Накрыты вальмавым дахам, злучаны з суседнімі пабудовамі. Паверхі фасада, які выходзіць на вуліцу Ракаўскую, падзелены карнізным поясам. Лучковыя аконныя праёмы маюць дэкаратыўныя ліштвы на другім паверсе і аздоблены прамымі сандрыкамі на першым. У паўночна-заходняй частцы фасада — скразная лучковая арка, побач размешчаны ўваход. На другім паверсе невялікія балконы. Пад карнізам даху праходзіць пояс сухарыкаў. Уваходныя дзверы аздоблены фігурнымі філёнгамі, вітымі калонкамі па баках, якія завершаны стылізаванымі капітэлямі. Вуглавая частка будынка скошана, акцэнтавана балконам з чыгуннай агароджай і атыкавай сценкай. Фасад, які выходзіць на вул. Вызвалення, таксама падзелены карнізным поясам, дэкарыраваны паясамі сухарыкаў, ліштвамі, накладнымі цаглянымі падаконнымі ўстаўкамі, лапаткамі[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
Ад вул. Вызвалення да вул. Шпалернай
Былая сінагога
№ 24 — Сінагога Зальцмана — двухпавярховы са складаным планам цагляны будынак, пабудаваны ў пачатку 19 ст. У пачатку 20 ст. перабудаваны. Галоўны фасад асіметрычнай кампазіцыі, цэнтральная яго частка вылучана рызалітам, завершаным фігурным атыкам. Вокны першага паверха паўцыркульныя, высокія, без ліштваў, другога — прамавугольныя. У вуглавым (у паўднёва-ўсходняй частцы) неглыбокім рызаліце прарэзана вузкае высокае акно, якое асвятляе лесвічны вузел[2] Цяпер у будынку размяшчаецца спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву па шахматах і шашках[1]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
№ 26 — Двухпавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. У цэнтры галоўнага фасада сіметрычнай кампазіцыі — лучковая арка-праезд. Паверхня сцен прарэзана строгімі прамавугольнымі вокнамі без ліштваў. На другім паверсе праёмы дэкарыраваны прамымі сандрыкамі, пад вокнамі — невялікія прамавугольныя нішы. Пад карнізам даху праходзіць пояс фігурных сухарыкаў. Несіметрычна на другім паверсе навісае невялікі балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Выкарыстоўваецца як жылы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
№ 28, 30 — Дом Поляка[1] — двухпавярховыя прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі пад двухсхільнымі дахамі, пабудаваны ў канцы 19 ст. Шчыльна далучаны адзін да аднаго, утвараючы агульны фасад. Першы і другі паверхі аддзелены міжпаверхавым карнізным поясам. Пад карнізам даху праходзіць пояс фігурных сухарыкаў. Плоскасць сцяны на другім паверсе расчлянёна плоскімі лапаткамі. Вокны першага паверха ў доме № 28 лучковыя, у доме № 30 з прамымі сандрыкамі, на другім паверсе прамавугольныя і лучковыя, без ліштваў, аздобленыя прамымі сандрыкамі і дэкаратыўнымі маленькімі прамавугольнымі нішамі — па дзве на кожнае акно. Выкарыстоўваюцца як жылыя[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
№ 32 — двухпавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. Накрыты чатырохсхільным вальмавым дахам. Галоўны фасад вырашаны плоскасна, расчлянёны прамавугольнымі вокнамі без ліштваў. Цяпер у доме размешчаны грамадскія ўстановы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001