Ян Юр’евіч Забярэзінскі
Ян Юр’евіч Забярэзінскі (каля 1440 — 2 лютага 1508) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак дворны (1482—1496), намеснік полацкі (1484—1496), кашталян троцкі (1492—1498) і адначасова намеснік новагародскі, ваявода троцкі і земскі маршалак літоўскі (1498—1505), намеснік гарадзенскі (з 1505) і ваўкавыскі (1506). Пры вялікім князі Казіміры набыў вымарачныя маёнткі свайго родзіча Пятра Гедыгольдавіча Камень і Волма ў Менскім павеце, ад стрыечных братоў Аляхновічаў — частку Крывічоў, Княгініна і іншыя маёнткі, праз шлюб з Ганнай (дачка Мікалая Насуты) — Поразава ў Ваўкавыскім, Шарашова ў Берасцейскім, Квасоўку ў Гарадзенскім паветах, Мяжырычы, Белую і іншыя маёнткі на Падляшшы, што зрабіла яго адным з найбуйнейшых магнатаў. Быў паслом вялікага князя літоўскага Аляксандра да вялікага князя маскоўскага Івана III са сватаўством да яго дачкі Алены. Узначальваў групоўку паноў, якая варагавала з фаварытам вялікага князя Міхаілам Глінскім. У выніку скаргі апошняга ў 1505 годзе быў пазбаўлены Троцкага ваяводства. У лютым 1508 года, калі Міхаіл Глінскі ўзняў мяцеж супраць новага вялікага князя Жыгімонта Старога, то ў першую чаргу ён вырашыў расправіцца са сваім асабістым ворагам. У выніку Ян Забярэзінскі быў забіты ў сваім доме ў Гародні ў самым пачатку мяцяжу. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia