Мікіта Зносак
Мікі́та Зно́сак — галоўны герой трагікамедыі «Тутэйшыя» Янкі Купалы ўзростам ад 25 (люты 1918 года) да 28 гадоў (чэрвень 1920 года)[1]. Да 1917 года займаў пасаду калежскага рэгістратара ў губернатарскай канцылярыі. У перыяд з 1918 па 1920 гады, калі ў Менск уваходзяць чужынцы, спрабуе прыстасоўвацца да змен[2]. Аднак яго спробы прыстасавальніцтва заканчваюцца няўдачай, у канцы твора яго затрымліваюць бальшавікі. У вобразе Мікіты Зноска Янкам Купалам ярка паказаны тып людзей, якія адарваліся ад роднай глебы, прыстасаванцаў да любой улады. Паводзіны галоўнага героя ўключаюць у сябе як камізм, так і трагічнасць. Пэўную долю віны за з’яўленне такога чалавека нясе грамадства, заснаванае на ўціску і эгаізме[3]. Рысы і настроі Мікіты характэрныя сярод беларусаў, яны сфармаваліся пад уплывам неспрыяльных для беларускага народа гістарычных умоў[4]. ІмяПрозвішча персанажа вытворнае ад назоўніка зносак[5], які азначае маленькае курынае яйка, звычайна апошняе. Таксама ў пераносным сэнсе так кажуць пра слабога чалавека, які нічога не варты. Праз імя галоўны герой характарызуецца як адмоўны персанаж. Мікіта адмаўляецца ад свайго імя, кажа, што ён «і не дзядзька, і не Мікіта, і не Зносак, а… меджду протчым, калежскі рэгістратар Нікіцій Зносілов»[6]. Дробны чыноўнік называе сябе то на рускі манер Нікіціем Знасілавым, то на польскі — Нікіціушам Знасілоўскім[7]. Некаторымі літаратуразнаўцамі і метадыстамі выкарыстоўваецца такі варыянт прозвішча ў родным склоне: Зносака, які ўключае ў сябе поўную агаласоўку асновы. На думку беларускага мовазнаўцы Івана Лепешава, такі варыянт назоўніка зносак з’яўляецца памылкай[5]. Ён пачаў ужывацца ў працах з 1990-х гадоў, хоць яшчэ ў 1920-я гады прозвішча ў родным склоне пісалася як Зноска[8]. Прафесар Іван Лепешаў звяртае ўвагу на той факт, што твор Янкі Купалы замоўчваўся больш за 60 гадоў, з-за чаго імёны прызабыліся. Таму правільнай як у беларускай мове, так і ў маўленні трэба лічыць форму прозвішча з нулявой агаласоўкай асновы: Зноска[9]. Літаратурная біяграфія![]() Мікіта з’яўляецца адзіным сынам у сям’і Ганулі Зношчыхі[4]. У першай дзеі п’есы ў размове Ганулі з Янкам Здольнікам падкрэсліваецца сутнасць галоўнага героя, які аднак хоча выглядаць інакш[6]. Да 1917 года ён займаў пасаду калежскага рэгістратара ў губернатарскай канцылярыі. У перыяд з лютага 1918 па чэрвень 1920 года спрабуе прыстасоўвацца да розных улад, якія ўваходзяць у Менск. У час нямецкай акупацыі беспаспяхова спрабуе захаваць свой чын, затым служыць рэгістратарам у розных савецкіх установах. Персанаж спрабуе падладжвацца і пад палякаў[10]. Галоўны герой марыць атрымаць «асэсарства» для таго, каб ажаніцца з Настай Пабягунскай[4]. Акрамя гэтага ён шукае і розныя вольныя «прафесіі» адпаведна палітычнай сітуацыі: вывучае мовы ў настаўніка Спічыні (як нямецкую, так і польскую), гандлюе нямецкімі маркамі, прадае свае рэчы ў абмен на ежу, збіраецца быць аратарам. Усё гэта не прыносіць яму поспеху. У хатцы калежскага рэгістратара збіраюцца розныя знаёмыя і госці, з якімі ён размаўляе[11]. Мікіта ў залежнасці ад палітычнага надвор’я мяняе сваё імя, прозвішча, перакананні, аднак гэта не дапамагае яму. Выказванні галоўнага героя не маюць логікі, яны бессэнсоўны, таму Зносак ніяк не можа выбіцца ў людзі. У фінале п’есы калежскага рэгістратара арыштоўваюць як даносчыка і рабаўніка[4]. Твор заканчваецца затрыманнем Мікіты Зноска бальшавікамі. Яго выводзяць з хаты пад рулямі стрэльбаў, маці Гануля галосіць. Матроская прыпеўка «Ой ты, яблочко, куда коцішся? Не туда попадзёш — не вароцішся... » намякае на лёс галоўнага героя[12]. ХарактарыстыкаПоглядыГалоўны герой твора Янкі Купалы мае выразныя антыбеларускія погляды[13], якія ён не падмацоўвае аргументамі[14]. Персанаж не пазбаўлены шавінізму («мы цвёрда стаялі на варце святога расійскага самаўладзтва і баранілі тутэйшую рускую народнасць ад „інародчаскага засілля“»), які аднак у вуснах Мікіты выглядае як бравада[15]. Зносак лічыць сябе самым здольным вучнем Дзмітрыя Скрынчанкі і Лук’яна Саланевіча, якіх богаславіў Уладзімір Пурышкевіч[16]. Акрамя вышэйпералічаных настаўнікамі Мікіты таксама з’яўляюцца майстра «адбеларушваць» Генрых Мотавіч Спічыні ды Усходні і Заходні вучоныя, якія кожны па-свойму перакручваюць беларускую гісторыю на свой капыл[17]. Калежскі рэгістратар увасабляе сабой тып зрусіфікаванага «тутэйшага» першай чвэрці XX стагоддзя[18]. Савецкі лад Мікіта лічыць чырвонай паводкай, якая не снілася ні фараону, ні Саламону[19]. ПрыстасавальніцтваГалоўны герой спрабуе прыстасоўвацца да жыцця, ён кажа: «хто мне лепей плаціць, таму і служу і кіхаць хачу на ўсякія ідэі». Прыстасавальніцтва Мікіты паказваецца цераз пераапрананне. Зносак мяняе сваю вопратку (пажарніцкая форма, чырвоная хустачка, фрэнч ахоўнага колеру, белы арол на шапцы) згодна з палітычнай сітуацыяй. Своеасаблівым «пераапрананнем» дробнага чыноўніка можа разглядацца яго пошук новых «прафесіяў» (вывучэнне моў, гандаль валютай на Брахалцы, аратарства, разнос папер)[15]. Першапачаткова здаецца, што персанаж добра ведае палітычнае надвор’е. Ён становіцца пажарнікам, паколькі іх не бяруць на працу; для стасункаў з рознымі акупантамі (нямецкімі, польскімі, бальшавіцкімі) наймае настаўніка, каб вывучыць вітанні; па-свойму выкарыстоўвае і абразы́. Аднак у выніку атрымліваецца толькі мітусня, якая прыносіць герою шкоду. У персанажа няма такіх характэрных для прыстасаванца рыс як хітрасць, прагнасць, скупасць. Па сутнасці, Мікіта Зносак — гэта чалавек, якому не ўдалося знайсці спакойнага жыцця ў час перамен[20], недарэка[21]. МоваМова персанажа мудрагеліста-камічная, аднак парой бывае вобразнай і трапнай («дырэктар беларускай басоты», «меджду протчым, мамаша, выехалі з гэтым сваяцтвам, як з козамі на торг»), калі ім авалодвае якое-небудзь пачуццё (спалох, радасць, абраза, раздражненне). У асноўным Мікіта Зносак размаўляе як героі апавяданняў Міхаіла Зошчанкі. Адцураўшыся беларускай мовы, якая для Мікіты недалікатная, былы калежскі рэгістратар таксама не паважае і іншыя мовы[22]. Камічнае ў маўленні Зноска адлюстроўваецца цераз каламбуры, іранізмы, параўнанні, эпітэты, аксюмараны, сінонімы, фразеалагізмы, розныя формы назоўнікаў (склонавыя, родавыя, лікавыя), выклічнікі, лексічныя і сінтаксічныя аказіяналізмы, украпіны з іншых моў, стылістычна зніжаныя сродкі, формы звароту да тутэйшых асоб, праклёны, ідыялектныя клішэ, кантрастывы. Абмежаванасць маўлення галоўнага героя праяўляецца праз шматслоўнасць, штучнасць і алагічнасць, калі часам сказ пазбаўлены сэнсу[23]. Часта ў маўленні персанажа выкарыстоўваецца прыслоўе «меджду протчым», якое з’яўляецца калькай з рускай мовы[24]. АцэнкіПрафесар Іван Замоцін лічыў галоўнага героя занадта карыкатурным, што праяўляецца праз яго размовы. Акрамя карыкатурнасці навуковец адзначае прысутнасць у мове Мікіты гумару і іроніі[25]. На думку крытыка Тодара Глыбоцкага, вобраз Мікіты Зноска ўвасабляе сабой калектыўны партрэт «тутэйшых», для якіх характэрная такая іх рыса, як жывучасць[26]. Літаратуразнавец Пятро Васючэнка, аналізуючы вобраз Мікіты, адзначае, што ён спрабуе ацалець у віхуры змен. Яго агідныя рысы, якія моцна дэфармаваныя, выглядаюць як духоўная хвароба. Розум галоўнага героя досыць цікаўны, часам у блазнаванні Мікіты выглядае нешта цвярозае. Не атрымаўшы сапраўднай культуры, Зносак адмаўляецца ад беларускай мовы, не можа звязаць два словы па-расійску. Стыхія карае Мікіту, паколькі ён безабаронны[27]. Філосаф Ігар Бабкоў адзначае ў Зноску каланізаванасць, якая праяўляецца ў імітацыі пануючай ідэнтычнасці[28]. На думку пісьменніка Адама Глобуса, галоўны герой з’яўляецца самым жыццелюбівым персанажам п’есы Янкі Купалы[29]. Таццяна Гайдалёнак адзначае адцуранне ўсяго беларускага галоўным героем. Узгадаваны на сялянскай глебе Мікіта апынуўся ў горадзе, дзе ў той час не размаўлялі па-беларуску. Яго прыстасавальніцтва вельмі зручнае для любой улады. Такія, як Мікіта Зносак, будуць рабіць, што скажуць, вазіць з сабой на калымажцы шмат розных дакументаў, «мець светагляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае» для таго, каб іх не чапалі. Характар галоўнага героя сфармаваўся пад уплывам неспрыяльных гістарычных умоў беларускага народа. На думку даследчыцы, Мікіта ёсць у кожным беларусе. Дробны чыноўнік выклікае не толькі смех, не толькі асуджэнне, але і жаль[30]. На думку кандыдата гістарычных навук Аляксандра Уладзіміравіча Літвінскага, Мікіта Зносак увасабляе сабой тып заходнерусіста, які супрацьстаіць беларускаму нацыянальнаму руху[13]. У творы паказаны канфармізм Мікіты[31], які з’яўляецца адным з найбольш яскравых прыкладаў «тожабеларуса»[32]. Вобраз Мікіты Зноска ў адаптацыяхУ 1926 годзе БДТ-1 паставіў на сцэну п’есу, якая затым была знята з рэпертуару. Ролю Мікіты Зноска павінен быў сыграць Генрых Грыгоніс[33]. У 1982 годзе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера «Тутэйшых», ролю галоўнага героя ў якой выканаў акцёр Віктар Гудзіновіч. Як лічыць акцёр[34]:
У 1990 годзе ўжо на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы рэжысёрам Мікалаем Пінігіным быў пастаўлены спектакль. Ролю калежскага рэгістратара ў пастаноўцы выканаў акцёр Віктар Манаеў. Ім Мікіта трактаваны як бязвольны і няшчасны чалавек, што заблытаўся ў жыцці[35], як сімвал ён жыве самастойным жыццём[36]. У спектаклі Мікіту забіваюць чырвонаармейцы, ён валіцца ў яму, пасля чаго гінуць і астатнія персанажы п’есы[37]. У 2007 годзе на тэлеканале «Белсат» выйшаў фільм «Тутэйшыя» рэжысёра Валерыя Мазынскага паводле п’есы[38]. Ролю Мікіты ў белсатаўскім фільме выканаў Павел Харланчук[39], які пазней зноў сыграў галоўнага героя ў спектаклі 2020 года. На думку тэатральнага крытыка Настассі Панкратавай, Мікіта Зносак у выкананні Харланчука нагадвае пластыкай Віктара Манаева. Іншы тэатральны крытык Алена Мальчэўская захапляецца працай акцёра, які ў ролі Мікіты паказаў гібкасць, плаўнасць, зменлівасць героя[40]. У аўдыякнізе «Зь дзёньніка Ів. Ів. Чужанінава» Лявона Крывічаніна дзейнічае ў 1941 годзе падобны да Зноска персанаж, у час нямецкай акупацыі Мінска[41]. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia