Аперацыя «Стрымліванне агрэсіі» (араб.ردع العدوان) — наступленне, распачатае ў лістападзе 2024 года сірыйскімі антыўрадавымі сіламі на чале з ісламісцкай групоўкай «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) на пазіцыі Сірыйскай арабскай арміі (САА) і яе саюзнікаў у заходняй частцы правінцыі Алепа ў Сірыі[5][6].
Наступленне стала першай буйной аперацыяй сіл апазіцыі пасля перамір’я ў Ідлібе ў сакавіку 2020 года[6].
Для стрымлівання прасоўвання праціўніка ўрадавыя войскі пачалі аперацыю «Зара свабоды»[7].
Перадгісторыя
У 2011 годзе ў Сірыі ўспыхнула грамадзянская вайна паміж урадавымі сіламі і рознымі апазіцыйнымі групамі. З часам да канфлікту падключыліся трэція краіны — ЗША, Расія, Турцыя, Іран і іншыя. Да 2020 года тэрыторыя Сірыі дэ-факта кантралявалася ўрадавымі сіламі на поўдні і цэнтры краіны, курдскімі фарміраваннямі на ўсходзе і апазіцыйнымі сіламі на поўначы. У 2020 годзе бакі канфлікту абвясцілі аб рэжыме спынення агню.
Напярэдадні аперацыі ўтварыўся вакуум праз паслабленне «Хезбалы» ў выніку вайны з Ізраілем, ціску на Іран і вядзеннем Расіяй вайны супраць Украіны. Менавіта яны дапамагалі Башару Асаду заставацца ва ўладзе на працягу ўсёй грамадзянскай вайны ў краіне[8][9].
На той момант паўстанцы сталі значна лепш падрыхтаваны, чым 10 гадоў таму; яны шырока выкарыстоўвалі беспілотнікі для разведкі і барацьбы, а асноўным сілам нападу папярэднічалі налёты спецназа[10].
Ход падзей
Лістапад
27 лістапада 2024 года апазіцыйная ўраду Башара Асада кааліцыя «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) абвясціла аб пачатку наступленне пад назвай «Стрымліванне агрэсіі» на пазіцыі ўрадавых сіл у заходняй частцы правінцыі Алепа[11][12]. Сірыйская апазіцыя заявіла, што наступленне стала адказам на артылерыйскія абстрэлы з боку сірыйскага ўрада Башара Асада[6].
На працягу першых 10 гадзін наступлення паўстанцы ўзялі пад кантроль 20 гарадоў і вёсак, у тым ліку пасёлкі Урм аль-Кубра, Анджара, Урм аль-Сугра, Шэйх Акіл, Бала, Аджыл, Авіджыл, Аль-Хаўта, Таль ад-Дабаа, Хайр Даркал, Кубтан Аль-Джабаль, ас-Салум, аль-Касімія, Кафр Бісін, Хаўр, Азназ і Басратун. Акрамя таго, база 46-га палка ўрадавых войскаў была абложаная паўстанцамі і захопленая праз некалькі гадзін[13][14][15]. Паводле паведамленняў некалькіх крыніц, расійскія вайскоўцы трапілі ў засаду баевікоў. Страты невядомыя[16][17]. Сірыйскія войскі пры падтрымцы ПКС РФ спрабавалі спыніць далейшае наступленне падраздзяленняў праціўніка да Алепа[18]. Расійскія знішчальнікі нанеслі авіяўдары па Атарыбе, Дарат-Ізе і найбліжэйшых вёсках, у той час як урадавыя войскі абстралялі кантраляваныя паўстанцамі Ідліб, Арыху, Сармаду і іншыя раёны на поўдні правінцыі[19][20][21].
28 лістапада ХТШ пачаў прасоўванне ва ўсходняй частцы Ідліба, захапіўшы вёскі Дадзіх, Кафр-Батых і Шэйх-Алі, а таксама раён у горадзе Саракіб. Дзякуючы гэтаму апазіцыянеры апынуліся за 2 кіламетры ад шашы М5. Групоўка таксама атакавала аэрапорт Аль-Найраб, размешчаны на ўсход ад Алепа, дзе прысутнічалі пра-іранскія групоўкі[22]. У другой палове дня ХТШ захапілі вёскі Кафр-Басін, Арназ, Эль-Барфум, Эль-Эйс, Бірну і Аль-Зарба ў заходняй частцы Алепа і перакрылі шашу М5[23]. Да канца дня сірыйскія паўстанцы захапілі агулам каля 40 гарадоў і вёсак[8]. Таксама некалькі груп паўстанцаў, пераапранутыя ў форму САА, спрабавалі пракрасціся ў тыл праціўніка на захадзе Алепа і на трасе М5, аднак дыверсія правалілася[24].
29 лістапада падкантрольныя Асаду ўзброеныя сілы паспрабавалі контратакаваць пазіцыі паўстанцаў[25][26][27].
З паўночы да раніцы 29-га чысла САА адваявала Кфар-Даіль, Хан-эль-Асаль, Бабіс і Бшантару, Аз-Зарба, Кафр-Баціх, Дадзіх і Джубас. Апошнія тры паселішчы былі стратэгічна важныя, бо яны размешчаны на поўдзень ад Саракіба. Пазней САА заняла больш раёнаў, уключаючы горад Башацін і горад Аль-Баркум на поўдзень ад Аз-Зарбы. Раніцай ПКС РФ нанеслі ўдар па штабу сірыйскай апазіцыі ў раёне Марэ[30], а ВПС Сірыі ўдарылі па пунктах кіравання і артпазіцыях баевікоў на захадзе правінцыі Алепа[31]. У другой палове дня амаль усе заваёвы ў ходзе контрнаступлення САА былі адбітыя сіламі ХТШ, якія ўсталявалі кантроль над больш чым 70 паселішчамі, плошчай — больш за 550 кв. км. Да вечара таго ж дня паўстанцы ўвайшлі ў Алепа[32][33][34]. Да раніцы 30 лістапада паўстанцы дасягнулі цэнтра Алепа, захапіўшы палову горада[35]. На фоне краху ўрадавых сіл на паўночным захадзе Сірыі, курдскія SDF увайшлі ў гарады Дайр-Хафір, Тэль-Аран, Тэль-Хасель і раён Шэйх-Наджар горада Алепа[36]. У другой палове дня SDF захапілі аэрапорт Алепа і горада Нубль і Аз-Захра пасля адступлення ўрадавых сіл[37]. Паведамлялася аб сутыкненнях SDF з баевікамі ў раёне Тэль-Аб’яд на поўначы мухафазы Рака[38]. Паўстанцы хутка развілі наступленне ў бок горада Хама, урадавыя сілы працягвалі адступаць[39].
Снежань
Ранняй раніцай 1 снежня стала вядома, што ўрадавыя войскі спынілі адступленне і займаюць абарону на поўначы Хамы, перакідаючы падмацаванні ў раён гары Джэбель-Зайн-аль-Абідзін і гарады Тайбат-эль-Імам, Камхану і Хітаб[40]. ПКС РФ атакавалі занятыя паўстанцамі гарады ў правінцыях Ідліб і Хама[41]. Да поўдня паўстанцы захапілі гарады Ас-Сафіра, Ханасір і авіябазу Кувейрыс, у той час у раёне Шэйх-Наджар у Алепа адбываліся сутыкненні паміж SNA і SDF. Войскі ХТШ захапілі цеплавую электрастанцыю, каледж палявой артылерыі і ваенную акадэмію ў горадзе Алепа і яго ваколіцах[42].
Увечары 1 снежня Сірыйская нацыянальная армія пачала наступленне на горад Тэль-Рыфаат, які ўтрымліваўся СДС, захапіўшы яго разам з некалькімі найбліжэйшымі вёскамі. Пакінутыя пад кантролем СДС гарады ў рэгіёне былі абложаны[43].
2 снежня СДС пачалі аперацыю па вывадзе мірных грамадзян з кварталаў Бустан-эль-Баша і Шэйх-Максуд на поўначы Алепа[44]. ПКС РФ нанеслі ўдар па кантраляваных апазіцыяй раёнах[45]. Баевікі сірыйскай апазіцыі нанеслі ўдар беспілотнікам па пазіцыям САА ля гары Зайн аль-Абідзін, на поўнач ад Хамы, удар прывёў да шматлікіх ахвяр і раненняў вайскоўцаў[46]. Да поўдня сутыкненні паміж апазіцыяй і праўрадавымі сіламі ўзмацніліся ў правінцыі Хама, асабліва ў раёне гарадоў Карназ і Суран. Ва ўсходняй частцы правінцыі Хама апазіцыйныя сілы прасунуліся наперад і захапілі горад Каср-Абу-Самра[47]. Да вечара апазіцыя ўзяла пад кантроль вёскі Аль-Джубайн, Тэль-Малах, Джаламах, Аль-Джубайн, Брэйдэй, Карназ і Аль-Каркат у ваколіцах Хамы, у самім горадзе працягваліся жорсткія баі з урадавымі войскамі[48].
3 снежня ў правінцыі Хама сілы сірыйскай апазіцыі працягвалі наступленне[49]. Расія прыступіла да вываду караблёў з ваенна-марской базы ў сірыйскім Тартусе на фоне прасоўвання баевікоў[50][51]. Ва ўсходняй частцы Алепа ў горадзе Ханасір адбыліся жорсткія сутыкненні паміж паўстанцамі і праўрадавымі сіламі[52]. Да вечара ўзмацніліся баі ўрадавых войскаў і паўстанцаў, якія ўзялі каля 10 гарадоў і вёсак пад свой кантроль у правінцыі Хама[53].
4 снежня ўрадавыя войскі пачалі контратаку на паўночнай ускраіне Хамы і адбілі вёскі Кофра і Маар-Шухур[54]. У заходняй частцы Хамы апазіцыйныя групоўкі пачалі наступленне на раўніне Габ. Да вечара сілы апазіцыі перакрылі дарогі, якія злучаюць Хаму з Ракай і Алепа, і ўзялі пад кантроль вёскі Шэйх-Хілал, Аль-Саан і Сарудж на ўсходзе Хамы[55].
5 снежня антыўрадавыя сілы ўвайшлі ў Хаму, пасля чаго падраздзяленні сірыйскай арміі пакінулі горад[56][57]. Адразу ж пасля заняцця горада, войскі апазіцыі накіраваліся на поўдзень у напрамку найбуйнейшага і стратэгічна важнага горада Хомс[58]. Урадавыя войскі працягвалі адступаць на поўдзень, пакінуўшы гарады Саламія і Талбісех. Сілы апазіцыі дасягнулі іх да вечара і, дамовіўшыся з гарадскімі старэйшынамі і рэлігійным ісмаіліцкім саветам, увайшлі ў Саламію без бою[59]. ПКС РФ у спробах запаволіць баевікоў, узарвалі галоўны мост, які злучае Хаму і Хомс[60].
6 снежня паўстанцы ўзялі пад кантроль Аль-Растан і Талбісу і падышлі да ўскраін Хомса. У паўднёвай частцы правінцыі Хама паўстанцы захапілі гарады Таксіс і Джумаклію, урадавыя сілы адступілі з гарадоў Аль-Заафаранія, Аль-Маджал, Дэйр-Фул, Асіла, Фарханія, Аль-Вазія Аль-Гасібія, Аль-Макрамія і Із ад-Дзін[61]. Таксама ўрадавыя войскі адступалі з Дэйр-эз-Зора ў напрамку Дамаска[62].
7 снежня ў прыгарадзе Хомса актывізаваліся баі паміж войскамі апазіцыі і пакінутымі ў гарады ўрадавымі сіламі[63][64]. 8 снежня апазіцыянеры на поўдні ўзялі Дамаск[65][66].
Іранскія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што брыгадны генерал Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі Кіюмарс Пурхашэмі, які служыў старэйшым ваенным саветнікам у Сірыі, быў забіты паўстанцамі ў Алепа[8].