Сцегнавая косць
Сцегнава́я ко́сць (лац.: femur) — самая доўгая і тоўстая трубчастая косць у целе чалавека. Даўжыня яе складае 1/4 даўжыні цела дарослага чалавека і ў сярэднім роўная 43 см[1]. Праксімальны эпіфіз косці прадстаўлены галоўкай (лац.: caput femoris)[2], якая злучае сцегнавую косць з лагвовай косцю[1]. Уніз ад сярэдзіны на галоўцы знаходзіцца невялікая шурпатая ямачка (лац.: fovea capitis femoris) — месца прымацавання звязкі галоўкі сцегнавой косці. Галоўка злучана з астатняй косцю праз шыйку (лац.: collum femoris)[2]. Галоўка злучаецца пад тупым вуглом: у мужчын ён складае каля 130°, у жанчын — набліжаецца да прамога[1]. У месцы пераходу шыйкі ў цела сцегнавой косці выпінаюцца два касцявыя груды, якія называюцца вяртлюгамі (апофізы). Вялікі вяртлюг (лац.: trochanter major) і малы вяртлюг (лац.: trochanter minor) злучаюцца паміж сабой ззаду міжвяртлюжным грэбнем (лац.: crista intertrochanterica), а на пярэдняй паверхні — міжвяртлюжнай лініяй (лац.: linea intertrochanterica)[2]. Цела сцегнавой косці трохі выгнута наперад і мае трохгранназакругленую форму; на заднім яго баку маецца след прымацавання цягліц сцягна — шурпатая лінія (лац.: linea aspera), якая складаецца з двух губ: латаральнай (лац.: labium laterale) і медыяльнай (лац.: labium mediate). Абедзве губы ў праксімальнай сваёй частцы маюць сляды прымацавання аднайменных цягліц, латаральная губа — крумянковую грудаватасць (лац.: tuberositas glutea), медыяльная — грабеньчатую лінію (лац.: linea pectinea). Унізе губы, разыходзячыся паміж сабой, абмяжоўваюць на задняй паверхні сцягна гладкую трохвугольную пляцоўку — падкаленную паверхню (лац.: facies poplitea)[2]. Ніжні дыстальны эпіфіз сцегнавой косці ўтварае дзве акруглыя мышчалкі, якія загінаюцца назад (лац.: condylus medialis et condylus lateralis). З пярэдняга боку сустаўныя паверхні мышчалак злучаюцца, утвараючы надкаленіцавую паверхню (лац.: facies patellaris), да якой прылягае надкаленіца (лац.: patella). Ззаду мышчалкі падзелены глыбокай міжмышчалкавай ямкай (лац.: fossa intercondylaris). Збоку ад мышчалак знаходзяцца надмышчалкі (лац.: epicondylus medialis et lateralis) (апафізы)[2], да якіх прымацоўваюцца звязкі[3]. Гэтыя выступы, як і мышчалкі, лёгка намацваюцца пад скурай, асабліва калі галёнка сагнута ў каленным суставе[3]. Трываласць сцегнавой косці вельмі вялікая. Пры сціску па падоўжнай восі яна можа вытрымаць нагрузку, якая перавышае 1500 кг[3]. Галерэя
Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia