Шанхай Мастэрс 2012 (снукер)
Шанха́й Ма́стэрс 2012 (англ.: Shanghai Masters 2012, таксама вядомы як Bank of Communications Shanghai Masters 2012 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 17 па 23 верасня 2012 года на шанхайскай гранд-сцэне, у Шанхаі, Кітай. Турнір стаў шостым розыгрышам Шанхай Мастэрс, які праходзіць штогод з 2007 года. Bank of Communications у другі раз запар спансіраваў Шанхай Мастэрс. Прызавы фонд турніру склаў £410,000 (на £60,000 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £75,000 атрымаў пераможца (на £10,000 больш, чым у мінулым годзе). Турнір уключаў у сябе чатыры кваліфікацыйныя раўнды, якія праходзілі на працягу чатырох дзён з 24 па 27 ліпеня 2012 года ў Акадэміі Сусветнага снукера ў Шэфілдзе, Англія, і ў якіх гулялі 80 удзельнікаў (78 прафесійных снукерыстаў і 2 аматары). 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда трапілі ў асноўную стадыю, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных ігракоў і 8 уладальнікаў уайлдкард, якія гулялі ў папярэднім раўндзе супраць васьмярых гульцоў, якія прайшлі кваліфікацыю. Пасля гэтага, 32 снукерысты гулялі на выбыванне, пачынаючы з 1/16 фіналу. Ва ўайлдкард раўндзе і першых двух раўндах асноўнай сетцы на шанхайскай гранд-сцэне выкарыстоўваліся чатыры гульнявыя сталы, у чвэрцьфіналах — два, а ў паўфіналах і фінале — адзін. Леташні пераможца турніру Марк Сэлбі быў разгромлены Джэймі Коўпам у першым раўндзе з лікам 5:1. Тры з васьмі кітайскіх аматараў, якія атрымалі ўайлдкард, прайшлі ў 1/16 фіналу турніру, але не здолелі прабіцца далей, як і адзіны прафесіянал з Кітая на турніры Дзін Цзюньхуэй, які саступіў у першым раўндзе Марку Кінгу (4:5). Джон Хігінс з Шатландыі ўпершыню дайшоў да паўфіналу рэйтынгавага турніру пасля перамогі на чэмпіянаце свету 2011 года (16 месяцаў таму), а таксама, перамогшы Шона Мёрфі з лікам 6:3 у паўфінальным паядынку, выйшаў у фінал турніру. Другім фіналістам спаборніцтва стаў Джад Трамп, які быў апанентам Хігінса ў фінале чэмпіянату свету 2011 года, саступіўшы яму з лікам 15:18. У паўфінале Трамп перайграў леташняга фіналіста Шанхай Мастэрс Марка Уільямса з Уэльса з лікам 6:4. Пераможцам турніру стаў Джон Хігінс з Шатландыі, які саступаў Трампу ў фінальным матчы з лікам 0:5 і 2:7, але выйграў 6 фрэймаў запар, выйшаўшы наперад з лікам 8:7 і давёў паядынак да перамогі. Апроч таго, у шостым фрэйме фінальнага матча шатландзец аформіў максімальны брэйк, які стаў шостым у яго кар'еры і прынёс яму прыз у £10,000 і £2,000 за найвышэйшую серыю на спаборніцтве. Хігінс перайграў на сваім шляху да тытула Джэймі Джонса (5:2), Раяна Дэя (5:0), Алістэра Картэра (5:3), Шона Мёрфі ў паўфінальным матчы (6:3), і Джада Трампа ў напружаным фінальным паядынку (10:9). Гэтая перамога стала 38-м прафесійным і 25-м рэйтынгавым тытулам у кар'еры шатландскага снукерыста і паспрыяла яго ўздыму ў рэйтынгу з чацвёртай пазіцыі на трэцюю. Турнір![]() Шанхай Мастэрс 2012 года стаў шостым розыгрышам Шанхай Мастэрс (англ.: Shanghai Masters), які праходзіць штогод з 2007 года на шанхайскай гранд-сцэне, у Шанхаі, Кітай[1][2]. Шанхай Мастэрс 2012 праходзіў пад эгідай сусветнай асацыяцыі прафесійнага більярда і снукера (англ.: World Professional Billiards and Snooker Association)[3] і ўваходзіў у каляндар мэйн-тура, а таксама з'яўляўся трэцім рэйтынгавым турнірам снукернага сезона 2012/2013[4]. Матчы асноўнай стадыі турніру (39 паядынкаў) гуляліся за чатырма сталамі на шанхайскай гранд-сцэне ў шанхайскім раёне Сюйхой, а кваліфікацыя спаборніцтва праходзіла амаль за два месяцы да гэтага ў Акадэміі Сусветнага снукера ў Шэфілдзе, Англія[5][6]. Прызавыя грошыBank of Communications у другі раз запар спансіраваў Шанхай Мастэрс. Прызавы фонд турніру павысіўся ў параўнанні з мінулым годам на £60,000 і склаў £410,000 (з улікам прыза за максімальны брэйк, які мог быць не выкананы[7]), стаўшы рэкордным прызавым фондам гэтага турніру. Таксама на £10,000 больш у параўнанні з розыгрышам 2011 года атрымаў пераможца турніру — £75,000[8].
Рэйтынгавыя ачкіШанхай Мастэрс 2012 меў такое ж размеркаванне рэйтынгавых ачкоў, як і на астатніх турнірах, якія праходзілі ў Кітаі акрамя International Championship (Усі Класік, World Open і Адкрыты чэмпіянат Кітая). Пераможца турніру атрымаў 7000 рэйтынгавых ачкоў. Больш каштоўнымі турнірамі (у плане рэйтынгу) былі толькі International Championship, чэмпіянат Вялікабрытаніі (на абодвух пераможцы атрымлівалі па 8000 ачкоў) і чэмпіянат свету (пераможца атрымаў 10000 балаў)[9].
Фармат турніру![]() На Шанхай Мастэрс 2012 прыняло ўдзел 104 снукерысты, з якіх 94 — удзельнікі мэйн-тура і 10 — аматары. 32 удзельнікі — ігракі з нумарамі пасеву з 65 па 94, а таксама 2 аматары — пачалі турнір з першага кваліфікацыйнага раўнда ў фармаце матча на выбыванне (16 гульняў), які праходзіў 24 ліпеня 2012 года (амаль за два месяцы да асноўнай стадыі). У ім ігракі з нумарамі пасеву з 65 па 80 гулялі супраць астатніх снукерыстаў. 16 пераможцаў матчаў першага раўнда выходзілі ў другі кваліфікацыйны раўнд, у якім гулялі супраць удзельнікаў з нумарамі пасеву з 49 па 64 (16 гульняў). Другі круг праходзіў 25 ліпеня 2012 года. 16 пераможцаў матчаў другога раўнда выходзілі ў трэціі кваліфікацыйны раўнд, у якім гулялі супраць удзельнікаў з нумарамі пасеву з 33 па 48 (16 гульняў). Трэці круг праходзіў 26 ліпеня 2012 года. Затым 16 пераможцаў матчаў трэцяга раўнда выходзілі ў заключны чацвёрты кваліфікацыйны раўнд, дзе гулялі супраць удзельнікаў з нумарамі пасеву з 17 па 32 (16 гульняў). Чацвёрты круг кваліфікацыі праходзіў 27 ліпеня 2012 года. Кваліфікацыя Шанхай Мастэрс праходзіла ў Акадэміі Сусветнага снукера ў Шэфілдзе, Англія. Такім чынам, у асноўную стадыю спаборніцтва выйшлі 16 ігракоў, якія далучыліся да 16 снукерыстаў з нумарамі пасеву з 1 па 16 і 8 уладальнікаў уайлдкард. Васьмёра ўладальнікаў уайлдкард гулялі ў папярэднім уайлдкард раўндзе супраць васьмярых гульцоў з самымі нізкімі нумарамі пасеву, якія прайшлі кваліфікацыю[6][10]. Такім чынам, 8 пераможцаў чацвёртага кваліфікацыйнага раўнда, якія не гулялі ў уайлдкард раўндзе, 8 пераможцаў матчаў уайлдкард раўнда і 16 ігракоў, якія трапілі на чэмпіянат без кваліфікацыі, гулялі ў асноўнай стадыі на выбыванне, пачынаючы з 1/16 фіналу, дзе топ-16 сеяных гульцоў сустракаліся з астатнімі гульцамі. Лёсаванне турніру прадвызначала немагчымасць сустрэчы ігракоў топ-16 раней за 1/8 фіналу, ігракоў топ-8 раней чвэрцьфіналаў, ігракоў з першай чацвёркі сеяных раней паўфіналу і двух першых сеяных раней фіналу Шанхай Мастэрс. Пяць раўндаў асноўнай стадыі (а таксама ўайлдкард раўнд) праходзілі на працягу сямі дзён (гульні ўайлдкард раўнда і 1/16 фіналу былі расцягнутыя на тры дні) на шанхайскай гранд-сцэне ў Шанхаі, Кітай[11][12].
КваліфікацыяКваліфікацыйная сеткаСоценныя серыіУ 61 матчы кваліфікацыйнай стадыі было выканана 11 соценных серый. 54-ы сеяны Дэвід Гілберт быў адзіным снукерыстам, які здзейсніў два сэнчуры, у тым ліку найвышэйшы брэйк кваліфікацыі ў 142 ачкі ў матчы другога кваліфікацыйнага раўнда супраць Робі Уільямса. Такім чынам, ён атрымаў узнагароду ў £200 за найвышэйшы брэйк у кваліфікацыі. Ніжэй прадстаўлены ўдзельнікі, упарадкаваныя па іх найвышэйшай серыі на турніры. Насупраць пералічаны ўсе соценныя брэйкі кожнага гульца[15][16].
Удзельнікі![]() У асноўнай стадыі Шанхай Мастэрс 2012 прынялі ўдзел 16 гульцоў, якія мелі найвышэйшыя нумары пасеву, 16 снукерыстаў, якія перамаглі ў матчах чацвёртага кваліфікацыйнага раўнда, а таксама 8 уладальнікаў уайлдкард. 11 снукерыстаў: Марк Сэлбі[17], Марк Уільямс[18], Шон Мёрфі[19], Ніл Робертсан[20], Мэцью Стывенс[21], Дзін Цзюньхуэй[22], Сцюарт Бінэм[23], Алістэр Картэр[24], Пітэр Эбдан[25], Джэймі Коўп[26] і Раян Дэй[27] прымалі ўдзел у шостым розыгрышы Шанхай Мастэрс запар, не прапусціўшы, такім чынам, ніводнага турніру з самога заснавання ў 2007 годзе. 8 кітайскіх аматараў атрымалі ўайлдкард ад арганізатараў турніру: Цзінь Лун, які ўжо тройчы атрымліваў гэты прывілей і дайходзіў да 1/16 фіналу ў 2010 годзе[28], а таксама навічкі турніру Чжаа Сіньтун, Лу Нін, Ван Юйчэнь, Чжоу Юэлун, Чжу Інхуэй, Чэнь Фэйлун і Лю Хаацянь. У 2012 годзе на шанхайскую гранд-сцэну патрапіла 9 дэбютантаў: Джэймі Джонс (27)[29], Джымі Робертсан (52)[30], Чжаа Сіньтун[31], Лу Нін[32], Ван Юйчэнь[33], Чжоу Юэлун[34], Чжу Інхуэй[35], Чэнь Фэйлун[36] і Лю Хаацянь[37]. Да гэтага ніводны гулец не здолеў выйграць тытул Шанхай Мастэрс два разы. Чатыры ўдзельнікі розыгрышу 2012 года станавіліся пераможцамі спаборніцтва: Дамінік Дэйл (2007), Рыкі Уолдэн (2008), Алістэр Картэр (2010) і Марк Сэлбі (2011)[1]. Самым узроставым удзельнікам асноўнай стадыі Шанхай Мастэрс 2012 года стаў 55-гадовы Стыў Дэвіс. Пітэру Эбдану падчас турніру было 42 гады, а Дамініку Дэйлу, Фергалу О'Браену і Марку Дэвісу — па 40. Ніжэй прадстаўлена табліца, якая дэманструе статыстыку выступленняў удзельнікаў спаборніцтва на ўсіх папярэдніх турнірах Шанхай Мастэрс[38][39][40][41][42].
РэферыМатчы асноўнай стадыі Шанхай Мастэрс 2012 абслугоўвалі 8 рэферы, з якіх шасцёра былі кітайскімі[3].
Ход турніруПершы дзень (17 верасня)![]() Выбылі: Асноўная стадыя Шанхай Мастэрс 2012 пачалася 17 верасня на шанхайскай гранд-сцэне, а матчы гуляліся на працягу дзвюх сесій за чатырма сталамі адначасова. У першай сесіі былі згуляны чатыры матчы ўайлдкард раўнда. 55-гадовы Стыў Дэвіс перамог 16-гадовага кітайца Чжу Інхуэя з лікам 5:1, выканаўшы серыі ў 77 і 69 балаў і выйшаўшы ў 1/16 фіналу на Рыкі Уолдэна[43]. 34-ы нумар пасеву Роберт Мілкінс сустракаўся з 14-гадовым кітайскім гульцом Чжоу Юэлунам. Англічанін выйшаў наперад з лікам 2:0 і брэйкам у 79 ачкоў, пасля чаго малады снукерыст аднавіў раўнавагу ў матчы, здзейсніўшы падыходы ў 58 і 48 балаў і зрабіўшы лік 2:2 да перапынку. Мілкінс дамінаваў у дзвюх наступных партыях, але Чжоу выцягнуў сёмы фрэйм і зрабіў пераможны падыход у 54 бала ў восьмай партыі, зноў зраўняўшы лік. Роберт выканаў брэйк у 61 бал у пачатку вырашальнай партыі і давёў паядынак да перамогі з лікам 5:4, выйшаўшы ў наступны раўнд на Алі Картэра[44]. 24-гадовы валіец Джэймі Джонс гуляў супраць 18-гадовага ўладальніка ўайлдкард Лу Ніна. Брытанец выйграў першы фрэйм на апошнім чорным шары, пасля чаго ўзяў і другую партыю, а яго апанент здабыў перамогу ў трэцяй партыі з падыходамі ў 36 і 39 балаў. Джонс выйграў чацвёрты фрэйм на каляровых шарах, пасля чаго Лу зрабіў брэйк у 77 ачкоў і скараціў адставанне да ліку 2:3. Снукерыст з Уэльса пакінуў за сабой шостую партыю, дзякуючы некалькім падыходам, а таксама перамог у сёмым фрэйме на каляровых шарах і з лікам 5:2 выйшаў у 1/16 фіналу на Джона Хігінса[45]. Чацвёртым матчам першай сесіі турніру была сустрэча 28-га нумара рэйтынгу Маркі Фу і 14-гадовага кітайца Лю Хаацяня. Снукерыст з Ганконга ўпэўнена пачаў матч і з серыямі ў 61, 99 і 45 балаў выйграў тры першыя партыі, не даўшы шанцаў праціўніку. Лю выканаў першы сэнчуры-брэйк на турніры, 112 балаў, і скараціў адставанне да двух фрэймаў. У напружанай пятай партыі кітаец сабраў усе каляровыя шары і выцягнуў фрэйм, а ў шостай зрабіў пераможны падыход у 34 ачкі пры ліку 42:50 і здолеў зраўняць лік — 3:3. Пасля гэтага Хаацянь цалкам дамінаваў у сёмым фрэйме, але Фу, прайграўшы чатыры партыі запар, здзейсніў соценную серыю ў 124 балы і перавёў паядынак у вырашальную партыю. У дзявятым фрэйме Лю Хаацянь атрымаў магчымасць для атакі і набраў 76 балаў, давёўшы матч да перамогі з лікам 5:4[відэа 1] і ўпершыню выйшаўшы ў 1/16 фіналу рэйтынгавага турніру на Марка Алена[46][47]. ![]() У другой сесіі першага гульнявога дня былі згуляны яшчэ два матчы папярэдняга ўайлдкард раўнда і два першыя матчы 1/16 фіналу. 28-ы сеяны Раян Дэй упэўнена перайграў кітайскага аматара Вана Юйчэня з лікам 5:0 і выйшаў у 1/16 фіналу на Мартына Гоўлда. У першым фрэйме валійцу быў неабходны снукер пры ліку 21:46 і чатырох каляровых шарах на стале, і ён атрымаў неабходныя чатыры штрафныя ачкі, пасля чаго здзейсніў клірэнс і пакінуў за сабой першую партыю. Пасля гэтага ён дамінаваў у наступных фрэймах, выйграўшы тры апошнія з серыямі ў 68, 102 і 71 бал[48]. У матчы 1/16 фіналу 3-і нумар рэйтынгу Марк Уільямс гуляў супраць 40-гадовага Марка Дэвіса, які ў ліпені стаў двухразовым чэмпіёнам свету па снукеры з шасцю чырвонымі шарамі[49]. Англічанін выйграў першы фрэйм і павёў атаку ў другім, але спыніўся на 44 ачках, пасля чаго Уільямс, які дайшоў да фіналу Шанхай Мастэрс у 2011 годзе[50], выйграў партыю з падыходам у 53 балы і выйшаў наперад з серыяй у 67 ачкоў у трэцім фрэйме. У чацвёртай партыі атаку павёў Дэвіс, аднак набраў толькі 43 балы, дазволіўшы апаненту выйграць фрэйм з брэйкам у 88 ачкоў, пасля чаго 37-гадовы валіец дамінаваў у пятай партыі і зрабіў лік 4:1 на сваю карысць. Пры ліку 0:33 Марк Дэвіс здзейсніў падыход у 54 ачкі ў шостым фрэйме, аднак Уільямс узяў партыю на каляровых шарах і з лікам 5:1 стаў першым удзельнікам 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс 2012 года[відэа 2], у пяты раз запар прайшоўшы першы раўнд турніру[18][51]. У яшчэ адным матчы ўайлдкард раўнда леташні паўфіналіст турніру Марк Кінг сустракаўся з Чжаа Сіньтунам 1997 года нараджэння. Брытанскі снукерыст пакінуў за сабой першы фрэйм, пасля чаго дамінаваў у другой партыі і з серыяй у 62 ачкі зрабіў лік 3:0 на сваю карысць. Чжаа выйграў тры наступныя фрэймы з серыямі ў 55, 80 і 47 балаў, дазволіўшы апаненту набраць толькі 4 ачкі і зраўняўшы лік у паядынку. 38-гадовы снукерыст з Англіі выйграў сёмы фрэйм з брэйкам у 68 ачкоў, а ў восьмай партыі здзейсніў падыход у 49 балаў, а пазней давёў фрэйм і матч да перамогі, выйшаўшы ў 1/16 фіналу на Дзіна Цзюньхуэя[52]. У другім матчы 1/16 фіналу сышліся Мэцью Стывенс з Уэльса, які тройчы даходзіў да чвэрцьфіналаў Шанхай Мастэрс[21], і 38-гадовы Джо Пэры, які толькі ў 2008 годзе дайшоў да 1/8 фіналу турніру[39]. Снукерыст з Англіі добра пачаў паядынак, выйграўшы першы фрэйм з падыходамі ў 48 і 75 ачкоў. 35-гадовы Стывенс выканаў соценны брэйк у 131 ачко ў другой партыі, а яго праціўнік адказаў брэйкам у 103 балы ў наступным фрэйме (відэа). Англічанін выдрапаў і чацвёрты фрэйм на апошнім ружовым шары, пасля чаго дамінаваў у пятай партыі і з серыяй у 57 ачкоў зрабіў лік 4:1 на сваю карысць. Двухразовы фіналіст чэмпіянатаў свету выйграў шосты фрэйм з серыяй у 89 ачкоў, пасля чаго атрымаў шанец на атаку ў сёмай партыі, аднак спыніўся на 36 пунктах, на што яго праціўнік адказаў падыходам у 57 ачкоў і давёў матч да перамогі з лікам 5:2[відэа 3], у другі раз выйшаўшы ў 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс[53][54][55].
Другі дзень (18 верасня)![]() Выбылі: У першай сесіі другога гульнявога дня на Шанхай Мастэрс да сталоў выйшлі ўдзельнікі двух апошніх матчаў уайлдкард раўнда і ўдзельнікі двух матчаў 1/16 фіналу. Леташні перамоца турніру Марк Сэлбі гуляў супраць паўфіналіста шанхайскага турніру 2010 года[41] Джэймі Коўпа. 27-гадовы Коўп адкрыў лік у паядынку, пасля чаго Сэлбі, які за месяц да гэтага перамог на Пол Хантэр Класік[56], выйграў другі фрэйм з пераможным падыходам у 49 балаў. Джэймі выйграў трэцюю партыю на каляровых шарах, а пры ліку 13:51 у чацвёртым фрэйме зрабіў падыход у 30 ачкоў, пасля чаго забіў ружовы і чорны шары і павялічыў свой адрыў да двух ачкоў. Пры ліку 39:61 і каляровых шарах на стале ў пятай партыі Коўп зачысціў стол і зрабіў лік 4:1 на сваю карысць, а серыя ў 71 ачко ў шостым фрэйме прынесла яму сенсацыйную перамогу над першым нумарам рэйтынгу з лікам 5:1[відэа 4] і пяты выхад у 1/8 фіналу турніру запар[26][57]. 40-гадовы ірландзец Фергал О’Браен гуляў у ўайлдкард раўндзе супраць аматара Чэня Фэйлуна. О'Браен пакінуў за сабой стартавую партыю на апошнім чорным шары, а яго апанент зраўняў лік, узяўшы другі фрэйм на апошнім ружовым. Чэнь выйграў трэці фрэйм з пераможнай серыяй у 52 ачкі, пасля чаго дамінаваў у дзвюх наступных партыях і зрабіў лік 4:1 на сваю карысць. Ірландскі снукерыст скараціў адставанне да двух фрэймаў, узяўшы шостую партыю на каляровых шарах, а кітаец выйграў сёмы фрэйм з серыямі 59 і 55 балаў і давёў паядынак да перамогі з лікам 5:2, упершыню выйшаўшы ў 1/16 фіналу рэйтынгавага спаборніцтва[58][59]. Паўфіналіст Шанхай Мастэрс 2008 Стывен Магуайр з Шатландыі сустракаўся з 42-гадовым Пітэрам Эбданам. Англійскі гулец адкрыў лік, а 31-гадовы Магуайр, які выйграў першы этап PTC у ліпені 2012 года[60], зрабіў лік 1:1, дзякуючы брэйку ў 78 ачкоў. Пры ліку 37:55 і пяці каляровых шарах у трэцім фрэйме Эбдан, які толькі аднойчы, у 2010 годзе, праходзіў у 1/8 фіналу шанхайскага турніру[25], зачысціў стол і зноў выйшаў наперад, пасля чаго Стывен пачаў чацвёртую партыю з серыі ў 49 балаў і пазней давёў яе да перамогі. Пітэр выйграў пяты фрэйм з пераможным падыходам у 69 ачкоў, а Магуайр узяў верх у шостай партыі з серыяй у 73 і ў сёмай партыі з серыяй у 58 балаў, упершыню ў матчы выйшаўшы наперад з лікам 4:3. Пасля перамогі шатландца ў доўгім і напружаным восьмым фрэйме з лікам 72:61 ён у чацвёрты раз у сваёй кар'еры выйшаў у 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс[відэа 5][61][62]. 58-ы нумар сусветнага рэйтынгу[63] Джымі Робертсан патрапіў у ўайлдкард раўндзе на Цзіня Луна, які ўжо ў чацвёрты раз атрымаў магчымасць гуляць на Шанхай Мастэрс[28]. 31-гадовы кітаец адкрыў лік, пакінуўшы за сабой першы фрэйм на каляровых шарах, пасля чаго яго праціўнік зраўняў лік. Кітайскі гулец дамінаваў у трэцяй партыі, а таксама ўзяў верх у чацвёртым фрэйме на апошнім ружовым шары. 26-гадовы Робертсан перамог у пятым фрэйме з брэйкам у 82 балы, а таксама ўзяў шостую і сёмую партыі з брэйкамі ў 46 і 49 ачкоў і выйшаў наперад у матчы з лікам 4:3. Пры ліку 27:44 і ўсіх каляровых шарах у восьмым фрэйме кітайскі аматар, які гуляў у 1/16 фіналу ў Шанхаі ў 2010 годзе[41], забіў усе шары на стале і выцягнуў фрэйм, зраўняўшы лік у паядынку, пасля чаго дамінаваў у вырашальнай партыі, пакінуўшы яе за сабой з пераможным падыходам у 44 ачкі і выйшаўшы ў 1/16 фіналу турніру[64][65]. ![]() У другой сесіі былі згуляны яшчэ чатыры матчы 1/16 фіналу Шанхай Мастэрс. Марк Ален з Паўночнай Ірландыі гуляў супраць Лю Хаацяня, які прайшоў праз уайлдкард раўнд. Кітайскі аматар зрабіў серыю ў 52 ачкі ў першым фрэйме і з пераможным падыходам у 33 балы адкрыў лік у паядынку, пасля чаго брэйк у 52 ачкі ў другой партыі выканаў 26-гадовы Ален, пазней давёўшы фрэйм да перамогі і зраўняўшы лік у матчы. З падыходамі ў 30 і 40 балаў Лю выйграў трэці фрэйм, вярнуўшы сабе перавагу, пасля чаго 10-ы нумар сусветнага рэйтынгу пакінуў за сабой тры наступныя партыі з серыямі ў 68, 65 і 66 ачкоў, дазволіўшы апаненту набраць толькі 10 балаў, а таксама дамінаваў у сёмым фрэйме і з лікам 5:2 у другі раз запар і ў кар'еры выйшаў у 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс[66][67]. 6-ы сеяны турніру Шон Мёрфі сустракаўся з пераможцам дэбютнага розыгрышу 2007 года Дамінікам Дэйлам з Уэльса. Шон, які даходзіў да паўфінальнай стадыі ў 2009 годзе[40], адкрыў лік, перамогшы ў першай партыі, пасля чаго падвоіў сваю перавагу, дзякуючы соценнаму брэйку ў 107 балаў у другім фрэйме. Некалькі выніковых падыходаў прынеслі 30-гадоваму Мёрфі трэцяе ачко, але валійскі снукерыст выйграў чацвёрты фрэйм з брэйкам у 89 балаў і дамінаваў у пятай партыі, скараціўшы адставанне да ліку 2:3. З выдатнай серыяй у 90 ачкоў чэмпіён свету 2005 года ўзяў верх у шостым фрэйме, але яго 40-гадовы апанент адказаў брэйкамі ў 75 і 100 ачкоў у дзвюх наступных партыях і зраўняў лік, перавёўшы паядынак у вырашальную партыю. Шон Мёрфі дамінаваў у дзявятым фрэйме і з пераможным падыходам у 46 пунктаў здабыў перамогу ў матчы[відэа 6] і ў чацвёрты раз запар выйшаў у 1/8 фіналу шанхайскага рэйтынгавага турніру[19][68]. Пераможца Шанхай Мастэрс 2010 года Алістэр Картэр сустракаўся з Робертам Мілкінсам, які дайшоў да стадыі 1/8 фіналу ў 2011 годзе[42]. 33-гадовы Картэр адкрыў лік з пераможным брэйкам у 66 балаў у стартавай партыі, а таксама здзейсніў падыход у 41 ачко ў другім фрэйме, пасля чаго давёў яго да перамогі, павялічыўшы адрыў да ліку 2:0. 36-гадовы Роберт дамінаваў у трэцяй партыі, пасля чаго аформіў брэйк у 98 балаў у чацвёртым фрэйме і перамог у пятым на каляровых шарах, выйшаўшы наперад з лікам 3:2. Картэр узяў верх у шостай партыі з серыяй у 92 ачкі, а таксама набраў 41 бал у сёмым фрэйме, але пры ліку 0:50 Мілкінс зрабіў падыход у 47 ачкоў, а пазней давёў партыю да перамогі на каляровых шарах і зноў выйшаў наперад у паядынку. Алістэр выканаў серыю ў 82 балы ў восьмай партыі, зраўняўшы лік да 4:4 і пры ліку 0:42 у вырашальным фрэйме набраў 48 ачкоў за падыход і давёў партыю і матч да перамогі на каляровых шарах, у трэці раз у кар'еры выйшаўшы ў 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс[24][69]. Улюбёнец кітайскай публікі Дзін Цзюньхуэй гуляў супраць Марка Кінга з Англіі. 9-ы нумар рэйтынгу, які ніколі не праходзіў далей за чвэрцьфінальную стадыю на турніры[22], адкрыў лік у паядынку з серыяй у 89 балаў і выдрапаў наступны фрэйм на апошнім чорным шары, пасля чаго дамінаваў у трэцяй партыі і, дзякуючы некалькім падыходам, зрабіў лік 3:0 на сваю карысць. Пры ліку 0:33 у чацвёртым фрэйме брытанскі гулец здолеў выйграць сваё першае ачко, а таксама перамог у пятым фрэйме, зарабіўшы ў ім 35 штрафных балаў, і з серыямі ў 40 і 74 балы выйграў трэці фрэйм запар, зраўняўшы лік у матчы — 3:3. З вышэйшай серыяй у 48 балаў 25-гадовы Дзін пакінуў за сабой сёмую партыю, але Кінг дамінаваў у наступным фрэйме, зраўняўшы лік, і пры ліку 1:30 у дзявятай партыі выканаў падыход у 41 бал, а пазней давёў вырашальны фрэйм да перамогі[відэа 7], у чацвёрты раз у кар'еры выйшаўшы ў 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс[70][71][72].
Трэці дзень (19 верасня)![]() Выбылі: 19 верасня на Шанхайскай гранд-сцэне гуляліся 8 апошніх матчаў 1/16 фіналу турніру. Падчас дзённай сесіі 5-ы нумар рэйтынгу Ніл Робертсан гуляў супраць Чэня Фэйлуна, які прайшоў праз уайлдкард раўнд. Снукерыст з Аўстраліі, які дайшоў да паўфіналу турніру год таму[42], выйграў першую партыю з серыяй у 88 ачкоў, пасля чаго падвоіў лік, узяўшы верх у другім фрэйме на каляровых шарах. Чэнь дамінаваў у трэцяй партыі, а 30-гадовы Робертсан атрымаў перамогу ў двух наступных фрэймах з пераможнымі серыямі ў 53 і 61 ачко, зрабіўшы лік 4:1 на сваю карысць. Дзякуючы некалькім падыходам, кітайскі аматар пакінуў за сабой шостую партыю, але Ніл дамінаваў у сёмым фрэйме і скончыў матч з лікам 5:2[відэа 8], у трэці раз выйшаўшы ў 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс[20][73]. 12-ы нумар рэйтынгу Сцюарт Бінэм гуляў супраць 25-га сеянага Тома Форда. 29-гадовы Форд, які толькі ў другі раз патрапіў на Шанхай Мастэрс[74], выйграў стартавы фрэйм з серыямі ў 42 і 48 балаў, а таксама пакінуў за сабой другую партыю на апошнім ружовым шары. Яго апанент, які праходзіў далей за першы раўнд ва ўсіх папярэдніх розыгрышах турніру[23], узяў верх у трэцім фрэйме з брэйкам у 82 ачкі і зраўняў лік, выйграўшы чацвёртую партыю з серыямі ў 39 і 38 балаў, а таксама пры ліку 2:54 у пятым фрэйме выканаў пераможны брэйк у 71 ачко і выйшаў наперад з лікам 3:2. Том пачаў атаку ў шостай партыі, але спыніўся на 42 балах, пазней дазволіўшы Бінэму аформіць пераможную серыю ў 63 балы, але дамінаваў у сёмым фрэйме і з лепшым падыходам у 47 ачкоў скараціў адставанне да аднаго фрэйма. Вырашальны падыход у 33 ачкі ў доўгай восьмай партыі дазволіў Форду зраўняць лік у матчы, але пры ліку 0:37 у дзявятым фрэйме 36-гадовы Сцюарт зрабіў серыю ў 52 балы і пазней давёў фрэйм і матч да перамогі, у шосты раз запар выйшаўшы ў 1/8 фіналу спаборніцтва[23][75]. 8-ы нумар рэйтынгу Стывен Лі патрапіў на шатландца Маркуса Кэмбэла. 37-гадовы снукерыст з Англіі адкрыў лік з пераможнай серыяй у 52 ачкі, а 23-і сеяны Кэмбэл пакінуў за сабой другую партыю на каляровых шарах. Лі, які дайшоў да чвэрцьфіналаў у 2007 годзе[38], выйграў трэці фрэйм, але яго 39-гадовы апанент зноў зраўняў лік, пасля чаго дамінаваў у пятай партыі, узяўшы яе з пераможным падыходам у 42 балы. Лі некалькімі падыходамі перамог у шостым фрэйме, пасля чаго здзейсніў серыю ў 68 балаў у сёмай партыі і цалкам дамінаваў у восьмай, якая стала апошняй і прынесла англічаніну перамогу з лікам 5:3[відэа 9] і другі выхад у 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс у кар'еры[76][77]. 11-ы нумар рэйтынгу Рыкі Уолдэн сустракаўся з 55-гадовым ветэранам Стывам Дэвісам. 29-гадовы Уолдэн выйграў першую партыю з вырашальным брэйкам у 40 ачкоў, а шасціразовы чэмпіён свету выдрапаў другі фрэйм на дадатковым чорным шары. 48-ы сеяны турніру павёў атаку і ў трэцяй партыі, але спыніўся на 26 балах, дазволіўшы Рыкі, які сенсацыйна перамог на турніры ў 2008 годзе[39], выйграць фрэйм з вышэйшай серыяй у 53 ачкі. Уолдэн дамінаваў і ў чацвёртай партыі, пасля чаго перамог у пятым фрэйме на апошнім чорным шары, павялічыўшы свой адрыў да ліку 4:1. Пры ліку 0:29 у шостым фрэйме Дэвіс, які дайшоў да чвэрцьфіналу на Шанхай Мастэрс 2008[39], аформіў серыю ў 49 ачкоў, пасля чаго давёў партыю да перамогі падыходам у 20 балаў, а пры ліку 20:39 у сёмым фрэйме здзейсніў пераможны падыход у 35 ачкоў, скараціўшы адставанне да адной партыі. Рыкі Уолдэн меў магчымасць перамагчы ў восьмай партыі, але саступіў у пазіцыйнай барацьбе і прайграў фрэйм на каляровых шарах, але ў дзявятым фрэйме выканаў брэйк у 92 ачкі і з лікам 5:4 у трэці раз выйшаў у 1/8 фіналу турніру[78][79][80]. ![]() У вячэрняй сесіі гулялі 4-ы нумар рэйтынгу Джон Хігінс з Шатландыі і дэбютант турніру Джэймі Джонс, які быў пасеяны пад 27-м нумарам. 24-гадовы валійскі снукерыст выйграў першы фрэйм з пераможнай серыяй у 68 балаў, а Хігінс, які дайшоў да паўфінальнай стадыі на Шанхай Мастэрс 2009[40], пакінуў за сабой другую партыю з серыямі ў 38 і 32 ачкі. Джэймі выйграў трэці фрэйм з вышэйшым брэйкам у 42 балы, пасля чаго пры ліку 7:40 у чацвёртай партыі 37-гадовы шатландзец зрабіў серыю ў 42 ачкі і давёў фрэйм да перамогі, зноў зраўняўшы лік — 2:2. У трох наступных фрэймах чатырохразовы чэмпіён свету дазволіў апаненту набраць толькі 1 ачко, выйграўшы іх з серыямі ў 80, 95 і 70 балаў і ў пяты раз выйшаўшы ў 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс[відэа 10][81][82]. Іншы шатландскі гулец Грэм Дот, пасеяны на спаборніцтве пад 12-м нумарам, сустракаўся з аматарам з Кітая Цзінем Лунам. 35-гадовы брытанец адкрыў лік з брэйкам у 62 балы, пасля чаго выйграў другую партыю з серыяй у 56 ачкоў і дамінаваў у трэцім фрэйме, павялічыўшы свой адрыў да ліку 3:0. Яго апанент пакінуў за сабой чацвёртую партыю з падыходамі ў 54 і 38 ачкоў, а таксама быў мацней у пятым фрэйме, скараціўшы адставанне да аднаго бала, аднак Дот, які дайшоў да паўфіналу шанхайскага турніру ў 2007 годзе[38], дамінаваў у дзвюх наступных партыях і давёў паядынак да перамогі з лікам 5:2, у трэці раз выйшаўшы ў 1/8 фіналу Шанхай Мастэрс[83][84]. 13-ы сеяны турніру Мартын Гоўлд гуляў супраць валійца Раяна Дэя. 32-гадовы Дэй, які займаў 26-ы радок у сусветным рэйтынгу[63], перамог у стартавай партыі на апошнім ружовым шары, пасля чаго выйграў другі і трэці фрэймы з брэйкамі ў 62 і 130 балаў, аднак яго праціўнік, які два разы, у 2010 і 2011 гадах, праходзіў у 1/8 фіналу спаборніцтва[41][42], аформіў серыю ў 72 ачкі ў наступнай партыі, а таксама выйграў пяты і шосты фрэймы з пераможнымі брэйкамі ў 46 і 78 балаў, зраўняўшы лік у матчы. 31-гадовы Гоўлд дамінаваў і ў сёмай партыі, зрабіўшы лік 4:3 на сваю карысць, але фіналіст Шанхай Мастэрс 2007 года аформіў сэнчуры-брэйк у 103 балы ў восьмым фрэйме і дамінаваў у вырашальнай партыі, скончыўшы матч з лікам 5:4 на сваю карысць і ў чацвёрты раз у кар'еры дайшоў да 1/8 фіналу спаборніцтва[27][85]. Другі нумар рэйтынгу Джад Трамп сустракаўся з 20-м сеяным Бары Хокінсам, які толькі аднойчы, у 2009 годзе, праходзіў у другі раўнд плэй-оф на Шанхай Мастэрс[86]. 33-гадовы Хокінс дамінаваў у першай партыі, пасля чаго ў другім фрэйме здолеў адыграцца пасля брэйка праціўніка ў 52 балы і выйграць партыю на каляровых шарах, а таксама зрабіў серыю ў 51 ачко ў трэцім фрэйме, а пазней зноў давёў яго да перамогі на каляровых шарах, павялічыўшы свой адрыў да ліку 3:0. 24-гадовы Трамп, які яшчэ ніколі не праходзіў далей за 1/16 фіналу шанхайскага турніру[87], дамінаваў у чацвёртай партыі, пасля чаго выйграў яшчэ тры фрэймы з серыямі ў 58, 63 і 77 балаў, дазволіўшы апаненту набраць у іх толькі 25 ачкоў, і выйшаў наперад у матчы. Фіналіст чэмпіянату свету 2011 года працягваў сваё дамінаванне ў гульне і выйграў пятую партыю запар, скончыўшы матч з лікам 5:3 на сваю карысць[відэа 11] і ўпершыню выйшаўшы ў 1/8 фіналу спаборніцтва[87][88][89].
Чацвёрты дзень (20 верасня)![]() Выбылі: 20 верасня на Шанхай Мастэрс праходзілі гульні 1/8 фіналу турніру. Пераможца Шанхай Мастэрс 2010 года[41] Алістэр Картэр гуляў супраць 4-га сеянага турніру Стывена Магуайра з Шатландыі. Англічанін пакінуў за сабой дзве першыя партыі з пераможнымі серыямі ў 50 і 42 ачкі, пасля чаго дамінаваў у трэцяй партыі і павялічыў адрыў да ліку 3:0. У чацвёртым фрэйме 16-ы нумар рэйтынгу[63] Картэр выканаў сэнчуры ў 120 балаў, а выйграўшы пятую партыю з вышэйшым падыходам у 41 бал, усталяваў разгром апанента з лікам 5:0 і ў другі раз пасля пераможнага 2010 года выйшаў у чвэрцьфінал спаборніцтва[24]. Пры гэтым Стывен Магуайр за ўвесь матч набраў толькі 33 ачкі, 27 з якіх у апошнім фрэйме[90]. Паўфіналіст шанхайскага турніру 2010 года[41] Джэймі Коўп, які перайграў дзеючага пераможцу Марка Сэлбі ў першым раўндзе[65], сустракаўся з сваім суайчыннікам Сцюартам Бінэмам. Сцюарт, які дайшоў да фіналу першага рэйтынгавага турніру ў сезоне, Усі Класік[91], выйграў першую партыю з падыходамі ў 36 і 26 ачкоў, пасля чаго зрабіў брэйк у 78 балаў і падвоіў лік у паядынку. Коўп дамінаваў у трэцяй партыі, скараціўшы адставанне да аднаго фрэйма, але Бінэм выйграў чацвёртую партыю з пераможным падыходам у 44 ачкі, пры ліку 51:55 у пятым фрэйме забіў апошнія ружовы і чорны, зрабіўшы лік 4:1 на сваю карысць, а брэйк у 89 ачкоў у шостай партыі прынёс Сцюарту Бінэму перамогу і другі чвэрцьфінал турніру пасля 2007 года[відэа 12][23][92]. 38-гадовы Джо Пэры гуляў супраць леташняга паўфіналіста спаборніцтва[42] Ніла Робертсана. Джо ўзяў верх у стартавай партыі з серыямі ў 43 і 37 ачкоў, пасля чаго павялічыў свой адрыў да ліку 3:0, дзякуючы брэйкам у 67 і 75 балаў. 24-ы нумар сусветнага рэйтынгу дамінаваў і ў чацвёртым фрэйме, узяўшы яго з падыходам у 47 ачкоў, а ў пятай партыі аформіў яшчэ адну паўсоценную серыю, 61 бал, а пазней давёў фрэйм і матч да перамогі з сухім лікам, 5:0, і ўпершыню выйшаў у 1/4 фіналу Шанхай Мастэрс[53][93]. Фіналіст леташняга розыгрышу Шанхай Мастэрс[42] Марк Уільямс гуляў супраць Рыкі Уолдэна, які перамог у Шанхаі ў 2008 годзе[39]. 37-гадовы Уільямс пакінуў за сабой першы фрэйм з серыяй у 48 балаў, прайграваючы 0:40, а Уолдэн выканаў брэйк у 95 балаў у другой партыі і зраўняў лік. Двухразовы чэмпіён свету дамінаваў у трэцім фрэйме, пасля чаго Рыкі, які за тыдзень да гэтага дайшоў да фіналу запрашальнага турніру General Cup у Ганконгу[94], аформіў сэнчуры-брэйк у 112 балаў у чацвёртай партыі і зрабіў лік 2:2. Марк Уільямс, які займаў трэці радок у рэйтынгу, выйграў пяты фрэйм з серыяй у 67 ачкоў, пасля чаго дамінаваў у шостай партыі і з пераможным брэйкам у 47 балаў у сёмым фрэйме скончыў матч перамогай з лікам 5:2[відэа 13] і ў трэці раз выйшаў у чвэрцьфінал гэтага спаборніцтва на Джо Пэры[18], дазволіўшы апаненту набраць толькі 25 ачкоў у трох апошніх партыях[95][96]. ![]() Падчас другой сесіі чацвёртага гульнявога дня былі згуляны яшчэ чатыры матчы другога раўнда турніру. 4-ы нумар рэйтынгу[63] Джон Хігінс гуляў супраць Раяна Дэя, які тройчы даходзіў да чвэрцьфіналаў у Шанхаі з 2007 па 2009 гады[27]. Шатландскі снукерыст выйграў першы фрэйм з пераможнай серыяй у 57 балаў, пасля чаго адыграў другую партыю на каляровых шарах пасля ліка 0:40 і з падыходамі ў 44 і 24 ачкі пакінуў за сабой трэці фрэйм, зрабіўшы лік 3:0 на сваю карысць. Фіналіст Шанхай Мастэрс 2007 года, які выканаў тры соценныя серыі ў папярэдніх матчах спаборніцтва, не здолеў увайсці ў гульню ў той час як Хігінс узяў чацвёртую партыю з вышэйшым падыходам у 46 балаў і пяты фрэйм з серыяй у 53 ачкі, скончыўшы матч з лікам 5:0 і ў трэці раз выйшаўшы ў 1/4 фіналу Шанхай Мастэрс на Алістэра Картэра[81][97]. 8-ы сеяны турніру Стывен Лі, які дайшоў да чвэрцьфіналу Шанхай Мастэрс у 2007 годзе[38], сустракаўся з шатландцам Грэмам Дотам. 14-ы нумар рэйтынгу перамог у трох першых нізкавыніковых фрэймах, пасля чаго выйграў чацвёртую партыю з серыямі ў 51 і 74 ачкі, зрабіўшы лік 4:0 на сваю карысць. Стывен, які дайшоў да фіналу азіяцкага этапу PTC у пачатку сезона[98], размачыў лік, пакінуўшы за сабой пяты фрэйм з брэйкам у 61 бал, але Грэм Дот дамінаваў у шостай партыі і з лікам 5:1 у трэці раз выйшаў у чвэрцьфінальную стадыю Шанхай Мастэрс[83][99]. 10-ы нумар рэйтынгу[63] Марк Ален з Паўночнай Ірландыі гуляў супраць 2-га сеянага Джада Трампа. 26-гадовы Ален выйграў першы фрэйм з пераможнай серыяй у 50 балаў, пасля чаго ўзяў верх у другой партыі з падыходамі ў 33 і 29 ачкоў, падвоіўшы лік. Трамп выйграў трэці фрэйм з сэнчуры-брэйкам у 112 балаў, пасля чаго ўзяў чацвёрты фрэйм з пераможным падыходам у 30 ачкоў і пятую партыю з серыяй у 57 балаў, выйшаўшы наперад у матчы. 23-гадовы прадстаўнік Англіі дамінаваў у шостым фрэйме і пры ліку 10:33 у сёмай партыі зрабіў два падыходы ў 26 і 24 ачкі і скончыў матч на сваю карысць з лікам 5:2[відэа 14], здзейсніўшы другі камбэк запар пасля матча першага раўнда супраць Бары Хокінса і ўпершыню выйшаўшы ў чвэрцьфінал Шанхай Мастэрс на Грэма Дота[87][100]. Леташні паўфіналіст спаборніцтва[42] Марк Кінг гуляў супраць 6-га сеянага Шона Мёрфі. 30-гадовы Мёрфі, які дайшоў да фіналу чэмпіянату свету па снукеры з шасцю чырвонымі шарамі ў ліпені[101], узяў першы фрэйм з серыяй у 72 ачкі, пасля чаго выйграў другую партыю, атрымаўшы ў ёй 39 штрафных балаў, а таксама выйграў трэці фрэйм з брэйкам у 86 ачкоў, зрабіўшы лік 3:0 на сваю карысць. Кінг пакінуў за сабой чацвёртую партыю з соценнай серыяй у 114 балаў, пасля чаго набраў 55 ачкоў у пачатку пятага фрэйма і пазней давёў яго да перамогі, скараціўшы адставанне да аднаго ачка, але Шон дамінаваў у шостай партыі і зрабіў лік 4:2 на сваю карысць. З падыходамі ў 30 і 39 ачкоў Марк Кінг узяў верх у сёмым фрэйме, але былы трэці нумар сусветнага рэйтынгу выйграў восьмы фрэйм з серыямі ў 37 і 41 ачко і з лікам 5:3 у трэці раз выйшаў у 1/4 фіналу турніру на Сцюарта Бінэма[відэа 15][19][102][103].
Пяты дзень (21 верасня)![]() Выбылі: 21 верасня на Шанхай Мастэрс 2012 праходзілі чвэрцьфінальныя матчы спаборніцтва: два падчас дзённай сесіі і два падчас вячэрняй. Такім чынам, колькасць сталоў на арэне была скарочана з чатырох да двух. Марк Уільямс, які дайшоў да фіналу турніру 2011 года, дзе саступіў Марку Сэлбі з лікам 9:10[104], сустракаўся з 22-м сеяным Джо Пэры. Снукерысты 6 разоў гулялі на рэйтынгавых турнірах, і ў чатырох выпадках перамогу святкаваў валійскі гулец, уключаючы іх апошні матч на рэйтынгавым узроўні ў чвэрцьфінале German Masters 2011, дзе Уільямс перамог з лікам 5:1. За паўтара месяцы да Шанхай Мастэрс Марк і Джо гулялі паміж сабой у чвэрцьфінале міні-рэйтынгавага спаборніцтва ў Глостэры, дзе Пэры выйграў у праціўніка з лікам 4:1[105]. 38-гадовы англічанін выйграў стартавы фрэйм з серыяй у 72 ачкі, пасля чаго пачаў атаку ў другой партыі, але спыніўся на 30 балах, дазволіўшы Уільямсу зраўняць лік у паядынку, дзякуючы двум выніковым падыходам. Валійскі снукерыст пакінуў за сабой і трэці фрэйм, выйшаўшы наперад з лікам 2:1, аднак яго апанент, які ўпершыню дайшоў да чвэрцьфінальнай стадыі на Шанхай Мастэрс[53], выйграў чацвёртую партыю з вышэйшым брэйкам у 46 ачкоў і пятую партыю з серыямі ў 45 і 42 балы, зрабіўшы лік 3:2 на сваю карысць. 37-гадовы Уільямс, які ў трэці раз дайшоў да 1/4 фіналу шанхайскага рэйтынгавага турніру[18], выйграў шосты фрэйм з серыяй у 49 балаў, а таксама дамінаваў у сёмай партыі, пасля чаго Пэры аформіў тотал-клірэнс у 131 бал у восьмай партыі (відэа) і, зраўняўшы лік у матчы, перавёў вырашэнне пераможцы ў дзявяты фрэйм. Двухразовы чэмпіён свету з Уэльса скарыстаўся сваёй магчымасцю мачаць атаку ў вырашальнай партыі і, набраўшы 75 ачкоў, перамог у матчы з лікам 5:4[відэа 16], у другі раз запар выйшаўшы ў паўфінальную стадыю Шанхай Мастэрс[18][106]. ![]() У другім матчы першай сесіі 5-ы сеяны Джон Хігінс, гуляў з Алістэрам Картэрам, які ў фінале Шанхай Мастэрс 2010 года перамог Джэймі Бёрнэта з лікам 10:7, атрымаўшы другі рэйтынгавы тытул у сваёй кар'еры[107]. З 16 папярэдніх матчаў паміж гульцамі Джон атрымаў 12 перамог, уключаючы выйгрышы ва ўсіх шасці рэйтынгавых паядынках[108]. Шатландскі снукерыст, які дайшоў да паўфіналу Шанхай Мастэрс 2009 года, дзе саступіў Роні О’Салівану з лікам 1:6[40], адкрыў лік, выканаўшы соценную серыю ў 103 ачкі ў стартавым фрэйме, пасля чаго павялічыў свой адрыў, дзякуючы пераможныму брэйку ў 69 балаў у другой партыі. Картэр выйграў трэці фрэйм на каляровых шарах, аднак яго апанент выканаў пераможную серыю ў 57 балаў у чацвёртым фрэйме і выйграў пятую партыю з падыходамі ў 25 і 23 ачкі, зрабіўшы лік 4:1 на сваю карысць. Пасля атакі прадстаўніка Англіі ў шостым фрэйме, якая спынілася на 41 ачку, 37-гадовы Джон Хігінс зрабіў падыход у 60 балаў, але дазволіў праціўніку перамагчы ў партыі на каляровых шарах, а таксама выйграць сёмы фрэйм з падыходамі ў 43 і 35 ачкоў і скараціць адставанне да адной партыі, пасля чаго дамінаваў у восьмым фрэйме і скончыў паядынак перамогай з лікам 5:3[відэа 17], у другі раз выйшаўшы ў паўфінал Шанхай Мастэрс і ўпершыню пасля чэмпіянату свету 2011 года выйшаўшы ў паўфінальную стадыю рэйтынгавага спаборніцтва[81][109][110]. У другой сесіі пятага гульнявога дня да стала выйшлі 15-ы сеяны Сцюарт Бінэм і Шон Мёрфі, які дайшоў да паўфіналу Шанхай Мастэрс у 2009 годзе, дзе прайграў Ляну Вэньбо з Кітая з лікам 5:6[40]. Да гэтага снукерысты правялі паміж сабой 10 сустрэч, 7 з якіх выйграў Мёрфі, аднак у чатырох рэйтынгавых матчах гульцы атрымалі па дзве перамогі, а Бінэм перамог у апошнім паядынку рэйтынгавага ўзроўню ў паўфінале адкрытага чэмпіянату Аўстраліі 2011 года з лікам 6:2[111]. Аднак у гэтым матчы 6-ы сеяны турніру адразу пачаў усталёўваць сваю перавагу, выйграўшы два першыя фрэймы з серыямі ў 50 і 49 балаў і трэцюю партыю з падыходамі ў 27 і 46 ачкоў, пасля чаго давёў адрыў да ліку 4:0, выйграўшы чацвёрты фрэйм з серыяй у 72 ачкі. Сцюарт Бінэм, які быў у чвэрцьфінале Шанхай Мастэрс у 2007 годзе, дзе прайграў Марку Сэлбі з лікам 0:5[38], размачыў лік, узяўшы пятую партыю на каляровых шарах, а 30-гадовы Мёрфі выканаў брэйк у 84 балы ў шостым фрэйме і з лікам 5:1 у другі раз выйшаў у паўфінал шанхайскага турніру на Джона Хігінса[відэа 18][19][112]. У гэты ж час 35-гадовы Грэм Дот з Шатландыі гуляў супраць другога нумара сусветнага рэйтынгу[63] Джада Трампа. Снукерысты пяць разоў перасякаліся паміж сабой і ў трох выпадках мацней быў Трамп, уключаючы іх адзіны рэйтынгавы і апошні матч у чвэрцьфінале чэмпіянату свету 2011 года, да фіналу якога дайшоў малады англічанін. Да гэтага Дот два разы ўпэўнена перамагаў Джада на міні-рэйтынгавых спаборніцтвах[113]. Трамп адкрыў лік, выйграўшы першую партыю з серыяй у 73 балы, пасля чаго пакінуў за сабой і другі фрэйм на каляровых шарах. Снукерыст з Шатландыі скараціў адставанне, узяўшы верх у трэцім фрэйме з серыямі ў 32 і 42 ачкі, а 23-гадовы Трамп, які ўпершыню прайшоў далей за 1/16 фіналу на Шанхай Мастэрс[87], узяў чацвёртую і пятую партыі з брэйкамі ў 63 і 52 ачкі і зрабіў лік 4:1 на сваю карысць. Грэм Дот, які дайшоў да 1/2 фіналу дэбютнага розыгрышу Шанхай Мастэрс у 2007 годзе, дзе з лікам 2:6 саступіў Раяну Дэю[38], дамінаваў у шостай партыі, пасля чаго выйграў сёмы фрэйм з пераможнай серыяй у 60 балаў і восьмую партыю з соценным брэйкам у 108 ачкоў (відэа), пакінуўшы за сабой тры фрэймы запар і зраўняўшы лік у матчы — 4:4. У вырашальным фрэйме Джад Трамп атрымаў магчымасць павесці пераможную атаку і, аформіўшы соценны брэйк у 101 бал, прадухіліў пераможны камбэк апанента і з лікам 5:4 выйшаў у 1/2 фіналу на Марка Уільямса[відэа 19], упершыню дайшоўшы да паўфіналу рэйтынгавага турніру пасля чэмпіянату Вялікабрытаніі 2011 года[87][114][115].
Шосты дзень (22 верасня)![]() Выбылі: 22 верасня на Шанхайскай гранд-сцэне праходзілі два паўфінальныя матчы Шанхай Мастэрс 2012 на працягу дзвюх сесій за адным гульнявым сталом. У адрозненне ад папярэдніх раўндаў матчы 1/2 фіналу гуляліся да 6 перамог у фрэймах. Першымі на арэну выйшлі трэці нумар рэйтынгу[63] Марк Уільямс з Уэльса і 23-гадовы Джад Трамп, які займаў другі радок у сусветным рэйтынгу[63]. У дзвюх з трох папярэдніх сустрэч снукерыстаў Джад атрымаў перамогі, уключаючы адзіны рэйтынгавы матч у кваліфікацыі да чэмпіянату Бахрэйна 2008 года, які прадстаўнік Англіі выйграў з лікам 5:2[124]. Пераможца чэмпіянату Вялікабрытаніі 2011 года пакінуў за сабой дзве першыя партыі з брэйкамі ў 62 і 82 ачкі, пасля чаго правёў атаку ў 53 балы ў трэцім фрэйме, але памыліўся, дазволіўшы свайму 37-гадоваму апаненту зачысціць стол да ружовага шара серыяй у 79 ачкоў і скараціць адставанне. Англічанін працягваў наступ і ўзяў верх у трох наступных партыях з брэйкамі ў 76, 62 і 82 ачкі, дазволіўшы валійцу набраць толькі 3 ачкі ў трох фрэймах і зрабіўшы лік 5:1 на сваю карысць. Трамп пачаў атаку ў сёмай партыі і наблізіўся да перамогі ў паядынку, але спыніўся на 53 балах, пасля чаго леташні фіналіст спаборніцтва Марк Уільямс правёў зваротны брэйк у 66 балаў, зноў зачысціўшы стол да ружовага шара. У восьмым фрэйме Уільямс зрабіў серыю ў 54 балы, а пасля зваротнага падыходу яго апанента ў 48 ачкоў давёў партыю да перамогі на каляровых шарах, а пазней пакінуў за сабой дзявяты фрэйм, скараціўшы сваё адставанне да ліку 4:5, аднак снукерыст з Брысталя выканаў два падыходы ў 25 і 58 балаў у дзясятай партыі і з лікам 6:4 стаў першым фіналістам турніру[відэа 20][125][126][127]. У другім паўфінальным матчы сустракаліся 6-ы нумар рэйтынгу[63] Шон Мёрфі і Джон Хігінс з Шатландыі, які на момант турніру займаў 4-ы нумар у сусветным рэйтынгу[63]. Да гэтага снукерысты 18 разоў перасякаліся паміж сабой і выйгралі па 9 матчаў. Хігінс перамагаў у трох з пяці рэйтынгавых паядынках, уключаючы фінал чэмпіянату свету 2009 года (18:9), а Шон Мёрфі быў мацней у апошніх буйных матчах паміж гульцамі — у чвэрцьфінале адкрытага чэміянату Кітая 2011 (5:2) і ў паўфінале Мастэрс 2012 (6:4)[128]. Снукерыст з Англіі адкрыў лік, выйграўшы першы фрэйм з серыямі ў 60 і 59 ачкоў, а яго праціўнік выйграў дзве наступныя партыі з брэйкамі ў 82 і 66 балаў і выйшаў наперад у матчы. Шон зрабіў серыю ў 53 балы ў чацвёртым фрэйме, а пазней давёў яго да перамогі, а таксама дамінаваў у пятай партыі і зрабіў лік 3:2 на сваю карысць. Пасля гэтага шатландскі снукерыст перахапіў ініцыятыву і выйграў шосты фрэйм з серыямі ў 70 і 41 ачко, сёмую партыю з падыходамі ў 35 і 94 балы, восьмую партыю з найвышэйшай серыяй на турніры ў 135 ачкоў (відэа) і дзявяты фрэйм з брэйкам у 54 і пераможным падыходам у 23 балы, дазволіўшы праціўніку набраць у іх толькі 29 пунктаў і давёўшы паядынак да перамогі з лікам 6:3[відэа 21]. Такім чынам, Хігінс, як і яго будучы апанент Джад Трамп, упершыню выйшаў у фінал Шанхай Мастэрс[81][129][126][130][131][132].
Сёмы дзень (23 верасня)![]() Выбыў: 23 верасня 2012 года на Шанхайскай гранд-сцэне адбыўся фінальны паядынак Шанхай Мастэрс 2012 года паміж фіналістамі чэмпіянату свету 2011 года Джонам Хігінсам з Шатландыі і 23-гадовым англічанінам Джадам Трампам. За сваю кар'еру, якая доўжыцца з 1992 года 37-гадовы шатландзец выйграў чатыры чэмпіянаты свету, тры чэмпіянаты Вялікабрытаніі і два турніры Мастэрс, а таксама яшчэ 18 іншых рэйтынгавых турніраў[118]. З сезона 1996/1997 да сезона 2011/2012 ён не апускаўся ў рэйтынгу ніжэй за шостую пазіцыю і ў суме амаль чатыры гады знаходзіўся на першым радку сусветнага рэйтынгу снукерыстаў[118]. У пачатку сезона 2010/2011 Хігінс быў дыскваліфікаваны на 6 месяцаў, а пасля вяртання да сталу быў дамінуючым гульцом у другой палове сезона, выйграўшы тры рэйтынгавыя турніры, сярод якіх чэмпіянат Вялікабрытаніі[136] і чэмпіянат свету[137]. Сезон 2011/2012 Джон правёў няўдала, толькі два разы дайшоўшы да 1/4 фіналу на рэйтынгавых спаборніцтвах[138], і фінал Шанхай Мастэрс стаў яго першым рэйтынгавым фіналам пасля чэмпіянату свету 2011 года і шанцам вярнуцца ў топ-3 рэйтынгу ў выпадку перамогі. Трамп, які ўвайшоў у лік прафесіяналаў у 2005 годзе, стаў адным з снукерных лідараў у канцы сезона 2010/2011, калі выйграў свой першы рэйтынгавы тытул на адкрытым чэмпіянаце Кітая[139] і дайшоў да фіналу чэмпіянату свету[140]. У наступным сезоне ён перамог на чэмпіянаце Вялікабрытаніі[141] і дайшоў да паўфіналу Мастэрс[142], пасля чаго не праходзіў далей за стадыю 1/4 фіналу на рэйтынгавых спаборніцтвах, аднак падчас турніру займаў другі нумар у сусветным рэйтынгу[63]. Снукерысты сустракаліся адзін з адным дзесяць разоў і ў шасці выпадках перамогу святкаваў Хігінс, уключаючы абедзве рэйтынгавыя сустрэчы ў паўфінале Гран-пры 2008 года (6:4) і ў фінале чэмпіянату свету 2011 года (18:15). У сваю чаргу Трамп перайграў свайго апанента ў чвэрцьфінале міні-рэйтынгавага адкрытага чэмпіянату Антверпена ў 2011 годзе[143].
Ужо ў першым фрэйме малады англічанін зрабіў спробу аформіць максімальны брэйк, аднак, забіўшы 14 чырвоных і 14 чорных шароў, памыліўся на апошнім чырвоным і з серыяй у 112 балаў выйграў стартавую партыю (відэа). З падыходамі ў 41 і 80 ачкоў Трамп падвоіў лік у паядынку, а з пераможным брэйкам у 74 балы зрабіў лік 3:0 на сваю карысць у той час, як яго апанент не забіў ніводнага шара ў трох фрэймах. У чацвёртай партыі пераможца чэмпіянату Вялікабрытаніі 2011 года аформіў яшчэ адзін сэнчуры-брэйк, 111 ачкоў (відэа), а ў пачатку пятай партыі набраў 59 балаў, пасля чаго Джон Хігінс спрабаваў адыграцца, але Джад давёў фрэйм да перамогі на каляровых шарах і павялічыў свой адрыў да ліку 5:0. Шатландскі снукерыст атрымаў магчымасць павесці атаку ў шостай партыі і, выкарыстаўшы свой шанец, аформіў максімальны брэйк у 147 ачкоў (відэа), які стаў шостым у кар'еры Хігінса і першым з 2004 года, а таксама трэцім у сезоне, шостым у 2012 годзе і 91-м у гісторыі снукера. У фінале першага рэйтынгавага турніру сезона, Усі Класік, Сцюарт Бінэм таксама выканаў максімум, а сам Джон рабіў максімальны брэйк на кубку LG у 2003 годзе. Апроч гэтых гульцоў, максімальны брэйк у рэйтынгавым фінале ўдавалася здзяйсніць толькі Стывену Хендры. Паводле правілаў пераходу прыза за максімальную серыю, Хігінс атрымаў за гэтае дасягненне £10,000[7][146]. Аднак серыя ў 147 балаў не пераламіла ходу сустрэчы: Трамп зрабіў падыход у 51 ачко ў сёмым фрэйме, пасля чаго давёў яго да перамогі і вярнуў сабе перавагу ў пяць ачкоў. У пачатку восьмай партыі прадстаўнік Англіі зноў аформіў падыход у 51 бал, а яго праціўнік сумеў выйграць партыю на каляровых шарах, аднак Джад Трамп дамінаваў у дзявятым фрэйме і з серыяй у 53 ачкі скончыў першую гульнявую сесію з лікам 7:2 на сваю карысць[147]. У пачатку другой сесіі чатырохразовы чэмпіён свету аформіў брэйкі ў 89 і 74 пункты, што дазволіла яму скараціць адставанне да ліку 4:7. Пры ліку 48:12 у дванаццатай партыі Джон забіў дальні чырвоны шар і выканаў пераможны падыход у 30 балаў, і пасля памылкі Трампа пры спробе забіць плант у трынаццатым фрэйме Хігінс аформіў серыю ў 76 ачкоў, а таксама пакінуў за сабой наступную партыю з серыяй у 71 бал, выйграўшы пяты фрэйм запар і зраўняўшы лік у паядынку. У драматычным пятнаццатым фрэйме Хігінс вёў серыю, але пры ліку 52:15 не забіў чырвоны ў верхні кут. Трамп забіў усе шары да сіняга і скараціў адставанне да ліку 47:52, пасля чаго адыграўся на сінім, а яго апанент здолеў забіць яго, аднак пасля ўдара ў лузу ўпаў біток. Джад атрымаў просты сіні шар на кропцы, аднак памыліўся, дазволіўшы забіць яго шатландцу, які пазней памыліўся на ружовым, і пасля таго, як англічанін забіў ружовы шар, пачалася гульня на апошнім чорным шары пры ліку 58:57 на яго карысць. Трамп першым атрымаў магчымасць забіць чорны шар, аднак памыліўся, а яго праціўнік пайшоў на дабл ад доўгага борта і, забіўшы чорны ў лузу, выйграў шосты фрэйм запар і ўпершыню ў матчы выйшаў наперад з лікам 8:7. З трэцім соценным брэйкам у 105 ачкоў Джад Трамп зраўняў лік у матчы (відэа), выйграўшы першую партыю ў другой сесіі, а ў пачатку семнаццатага фрэйма Хігінс аформіў серыю ў 64 ачкі, пасля чаго праціўнік меў магчымасць адыграцца, але памыліўся і дазволіў шатландскаму снукерысту зноў выйсці наперад з лікам 9:8. Пры ліку 38:46 і каляровых шарах на стале Джон забіў жоўты шар ад трох бартоў, пасля чаго адправіў у лузу зялёны і руды, але памыліўся на сінім. Яго апанент забіў сіні шар і адыграўся на ружовым, пасля чаго прадстаўнік Шатландыі пайшоў на складаны дальні ўдар і выпадкова забіў белы шар, дазволіўшы Джаду забіць просты ружовы і зраўняць лік у фінальным паядынку — 9:9. 23-гадовы гулец з Англіі першым павёў атаку ў вырашальнай партыі, аднак, набраўшы 36 балаў, не выйшаў на чорны шар і быў вымушаны адыгрывацца. Пасля гэтага Джон Хігінс пайшоў на вельмі складаны дальні ўдар і, бліскуча выканаўшы яго, аформіў пераможную серыю ў 61 ачко і стаў пераможцам турніру[відэа 22]. Такім чынам, 37-гадовы шатландзец выйграў свой 25-ы рэйтынгавы тытул і першы на тэрыторыі Кітая з 1999 года. За перамогу на Шанхай Мастэрс 2012 Хігінс атрымаў першы прыз у £75,000 і падняўся ў рэйтынгу на трэці радок[148][149][150][151][152][153][154].
Уайлдкард раўндВосем кітайскіх аматараў атрымалі ўалдкард ад арганізатараў турніру: Чжаа Сіньтун, Лу Нін, Ван Юйчэнь, Чжоу Юэлун, Чжу Інхуэй, Чэнь Фэйлун, Цзінь Лун і Лю Хаацянь. Яны гулялі ў папярэднім раўндзе за права выступаць у першым крузе асноўнага турніру супраць васьмярых гульцоў з самымі нізкімі нумарамі пасеву, якія прайшлі кваліфікацыйны раўнд: Марка Кінга, Джэймі Джонса, Раяна Дэя, Роберта Мілкінса, Стыва Дэвіса, Фергала О'Браена, Джымі Робертсана і Марка Фу[11][155][156].
Асноўная сеткаФіналДля абодвух фіналістаў, Джона Хігінса і Джада Трампа, фінал Шанхай Мастэрс стаў першым рэйтынгавым фіналам у сезоне 2012/2013. Хігінс не прымаў удзел на першых рэйтынгавых турнірах сезона ў Усі і ў Аўстраліі, а Трамп прайграў Роберту Мілкінсу ў 1/8 фіналу Усі Класік[158] і таксама не паехаў на адкрыты чэмпіянат Аўстраліі. Лепшым вынікам англічаніна ў пачатку сезона быў чвэрцьфінал першага этапу PTC у Глостэры, дзе ён саступіў Джэку Лісоўскі з лікам 3:4[159]. Джон Хігінс дайшоў толькі да 1/16 фіналу міні-рэйтынгавага Пол Хантэр Класік, дзе саступіў Панкаю Адвані з Індыі з лікам 1:4[160]. Снукерысты гулялі паміж сабой у фінале чэмпіянату свету 2011 года. Тады шатландзец у напружаным паядынку перайграў свайго 20-гадовага апанента з лікам 18:15 і стаў чатырохразовым чэмпіёнам свету па снукеры[143]. Пасля гэтага і да Шанхай Мастэрс 2012 Джону не ўдавалася дайсці нават да паўфінальнай стадыі рэйтынгавых турніраў[138]. Для Джона Хігінса фінал Шанхай Мастэрс стаў 39-м рэйтынгавым фіналам у кар'еры. Да гэтага ён выйграў 24 тытулы рэйтынгавага ўзроўню[161] і прайграў у 14 фіналах[162]. У прафесійнай кар'еры Джада Трампа гэты фінал стаў 4-м на рэйтынгавых турнірах, з якіх да гэтага ён выйграў толькі 2 тытулы[163], 1 раз саступіўшы ў вырашальным паядынку[164].
Серыі, вышэйшыя за 50 ачкоўУ 39 матчах Шанхай Мастэрс гульцы аформілі 22 соценныя серыі, што на 3 сэнчуры менш, чым у 2011 годзе[165][166]. Колькасць серый, большых за 50 ачкоў, дасягнула 156 брэйкаў, што ў сярэднім азначае 4 паўсоценныя серыі ў матчы[11]. Лідарам па колькасці соценных серый стаў фіналіст турніру Джад Трамп, які зрабіў 5 сэнчуры-брэйкаў. Пераможца Джон Хігінс і Раян Дэй аформілі па 3 сотні. Па колькасці серый «50+» лідарамі з вялікім адрывам сталі фіналісты турніру Джад Трамп (27 брэйкаў) і Джон Хігінс (22 брэйкі). Прыз за найвышэйшы брэйк, зроблены ў асноўнай стадыі турніру, роўны £2000, атрымаў Джон Хігінс, які аформіў максімальную серыю ў 147 балаў у фінальным матчы супраць Джада Трампа[16]. Ніжэй прадстаўлены ўдзельнікі, упарадкаваныя па іх найвышэйшай серыі на турніры. Насупраць пералічаны ўсе соценныя і паўсоценныя брэйкі кожнага гульца.
Статыстыка турніруДжон Хігінс стаў першым пераможцам Шанхай Мастэрс з Шатландыі. Да гэтага на турніры перамагалі валіец (Дамінік Дэйл) і чатыры англічаніны (Рыкі Уолдэн, Роні О’Саліван, Алістэр Картэр і Марк Сэлбі). Джэймі Бёрнэт з Шатландыі быў у фінале Шанхай Мастэрс 2010 года, але саступіў Картэру (7:10). Такім чынам, Хігінс стаў шостым пераможцам гэтага турніру[1]. Хігінс выйграў свой 38-ы прафесійны і 25-ы рэйтынгавы тытул у кар'еры. Гэтая перамога стала першым поспехам рэйтынгавага ўзроўню для шатландца амаль за паўтара года (у маі 2011 года ён атрымаў перамогу на чэмпіянаце свету)[118]. Выйграўшы 25-ы рэйтынгавы тытул, Джон Хігінс наблізіўся да Стыва Дэвіса, які перамог на 28 турнірах рэйтынгавага ўзроўню ў сваёй кар'еры. Больш за Дэвіса на рэйтынгавых турнірах перамагаў толькі рэкардсмен па гэтым паказчыку Стывен Хендры — 36 разоў[167]. Статыстыка гульцоў
Статыстыка паводле краін
Агульная статыстыка
Відэа
Кваліфікацыя
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia