Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар бернардзінцаў (Брэст)
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар бернардзінцаў — рымска-каталіцкі сакральны комплекс, які існаваў у Брэсце ў 1605—1830 гг. Знаходзіцца ў Валынскім прадмесці, на гістарычнай Бернардзінскай плошчы, пры ўтоку ракі Мухаўца ў Буг. Помнік архітэктуры віленскага барока. Утвараў адзіны комплекс з касцёлам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштарам бернардзінак. Гісторыя![]() Заснаваны луцкім біскупам Марцінам Шышкоўскім y Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец y Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца Св. Дароты. Пасля пажару 1617 года кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Гераніма Хадкевіча[1]. ![]() У 1623 годзе Я. Галімскі пры фінансавай падтрымцы канцлера вялікага літоўскага Льва Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і Св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, y якім у 1647 годзе жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта Марыя Маджорэ, атрыманая Іпаціем Пацеем ад Папы Рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос»[1]. Кляштар значна пацярпеў y час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 гг. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзяржаўнага скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і Паўла Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя, тут працаваў архітэктар і мастак Б. Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я. Бяляўскі[1]. 3 пачатку 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 годзе памяшканні кляштара і касцёла[1] перабудаваны па праекце архітэктара Мардзвінава[2] пад Брэсцкі кадэцкі корпус[1]. Для царквы кадэцкага корпуса былі заказаны роспісы мастаку В. Бажэнаву. У 1854 г. корпус быў пераведзены ў Маскву, а будынак стаў выкарыстоўвацца як ваенны шпіталь[2]. ![]() Разбураны ў час Вялікай Айчыннай вайны[1]. ![]() АрхітэктураКасцёл Яна Хрысціцеля ўяўляў сабой трохнефавую базіліку з павышаным цэнтральным нефам, які быў перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках, і больш нізкімі бакавымі, якія завяршаліся купальнымі скляпеннямі[3]. Цэнтральны неф пераходзіў у выцягнуты прэсбітэрый даўжынёй 19,7 м[2], завершаны паўцыркульнай алтарнай апсідай. З поўдня да бакавога нефа была прыбудаваная квадратная ў плане капліца. Бязвежавы галоўны фасад, падзелены карнізамі на чатыры ярусы, вертыкальна быў расчлянёны вязкамі пілястраў на тры часткі: сярэдняя завяршалася трохвугольным франтонам, бакавыя мелі стылізаваныя валюты. Над франтонамі і вязкамі пілястраў узвышаліся скульптуры. Сцены касцёла расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі. Галоўны алтар у апсідзе і восем у бакавых нефах былі вырашаны ў стылі барока. Да паўночнай сцяны касцёла прымыкала закрытая галерэя. двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з рызалітам у паўночнай частцы прылягаў да прэсбітэрыя. Рызаліт і тарэц кляштара, умацаваныя контрфорсамі, завяршаліся барочнымі атыкавымі франтонамі з валютамі[3]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia