Бітва пры Бельчытэ (1937)
Бітва пры Бельчытэ (1937) — адна з бітваў грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая праходзіла з 24 жніўня па 6 верасня 1937 года падчас Сарагоскай наступальнай аперацыі Рэспубліканскай арміі. Скончылася ўзяццем Бельчытэ. Ход баёўУ ходзе Сарагоскай наступальнай аперацыі на Бельчытэ наступала 11-я дывізія Энрыке Лістэра. Першыя баі ў раёне гарадка завязаліся 24 і 25 жніўня. 25 жніўня 32-я, 117-я і 131-я змешаныя брыгады захапілі чыгуначны вакзал. Затым яны абышлі населены пункт з двух бакоў і 26-га цалкам атачылі Бельчытэ. Войскі франкістаў былі добра абсталяваны і маглі вытрымаць працяглую аблогу, але Рэспубліканская армія не магла дазволіць сабе губляць час і таму вырашыла штурмаваць Бельчытэ. Штурм горада даручылі 15-й інтэрнацыянальнай брыгадзе. Схаваўшыся за жалезабетоннымі ўмацаваннямі з кулямётнымі «гнёздамі», скарыстаўшыся будынкамі і барыкадамі з мяшкоў з пяском на вуліцах горада, сем тысяч нацыяналістаў аказалі адчайны супраціў. Абложаным перакрылі ваду, а па меры таго, як стала нарастаць інтэнсіўнасць баявых дзеянняў, стаў прыкметным недахоп харчавання і медыкаментаў. Да 28 жніўня наступленне на Сарагосу на іншых участках фронту захлынулася, і генерал Себасцьян Посас, які камандаваў рэспубліканскай Усходняй арміяй, не разабраўшыся ў сітуацыі, перабольшыў магчымасці нацыяналістаў, на пяты дзень бітвы загадаў войскам замацавацца і не наступаць на Сарагосу да авалодання Бельчытэ і Кінта. На абавязковым узяцці Бельчытэ — апірышчы арагонскіх манархістаў — настойвалі таксама актывісты ўсіх партый Рэспублікі. Так пасёлак з двума тысячамі насельніцтва стаў цэнтрам бітвы. У сваю чаргу нацыяналісты спрабавалі прарваць аблогу. 30 жніўня іх войскі перайшлі ў контрнаступленне з боку Медыяны, але былі спынены 45-й дывізіяй Клебера. 31 жніўня байцам 15-й інтэрбрыгады ўдалося дабрацца да маслазавода. На наступны дзень рэспубліканская авіяцыя сістэматычна атакавала гарадскія раёны, а рэспубліканская артылерыя правяла інтэнсіўны абстрэл пазіцый праціўніка ў Кабеса-дэль-Лоба, за чатыры кіламетры ад горада. 3 і 4 верасня рэспубліканцы наносілі ўдары па будынках пасёлка, падчас якіх палі апошнія аплоты нацыяналістаў. Апошнія баі разгарнуліся вакол вуліцы Кале-Маёр, і да 5 верасня ў мястэчку ўсё яшчэ заставаліся два ачагі супраціву: ратуша, размешчаная на новай плошчы, і царква Сан-Марцін, на ўсходняй ускраіне Бельчытэ. 5-га, пасля значных страт, царква Сан-Марцін была ўзята рэспубліканскімі войскамі. У гэты дзень камандуючы Усходняй арміяй генерал Себасцьян Посас наведаў пасёлак і прыняў рашэнне аб вывадзе з бою інтэрнацыянальных брыгад. Засталіся дзве іспанскія змешаныя брыгады, 32-я і 153-я, якія павінны былі завяршыць аперацыю. Раніцай 6 верасня апошнія абаронцы ратушы спрабавалі прарваць аблогу. Прыкладна тром сотням удалося прабіцца праз рэспубліканскія пазіцыі, з іх каля васьмідзесяці дабраліся да Сарагосы. Камендант Тральера загінуў у баі. У той жа дзень Бельчытэ быў канчаткова захоплены рэспубліканскімі войскамі. Пераможцам дасталіся разваліны, бедныя трафеі і некалькі сотняў палонных, астатнія абаронцы загінулі. Горад-помнікРэспубліканцы ўтрымлівалі Бельчытэ да таго часу, пакуль нацыяналісты не вярнулі кантроль над горадам у 1938 годзе. Франсіска Франка вырашыў не зносіць амаль цалкам разбураны горад, пакінуўшы яго ў якасці помніка вайне. Новы горад Бельчытэ быў пабудаваны толькі ў 1954 годзе, а да гэтага мясцовыя жыхары на працягу пятнаццаці гадоў не маглі пакінуць стары. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia