Дом Кастравіцкай
Дом Кастраві́цкай — колішні даходны дом з рысамі стылю мадэрн у Мінску, які месціцца на скрыжаванні вуліц Валадарскага і вул. Кірава 26/11, гісторыка-культурныя каштоўнасць рэгіянальнага значэння. Гісторыя![]() ![]() Пабудаваны ў 1911 годзе паводле праекта архітэктара Атона Краснапольскага ў стылі мадэрн[1]. Стары адрас — Магазінная, 5 — рог Серпухаўскай і Магазіннай. Дом Ядвігі Кастравіцкай (1867—1935), сястры старшыні (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдварда Вайніловіча (1847—1928). На 1-м паверсе месцілася ўпраўленне Лібава-Роменскай чыгункі, аптэка, таварыства ўзаемадапамогі чыгуначнікаў, на астатніх — жыллё[1][2]. У 1922 годзе будынак быў перададзены БДУ. На працягу 1920-х гадоў у доме размяшчаліся кватэры прафесарска-выкладчыцкага складу і тэхнічных работнікаў універсітэта. У 1922—1930 гадах, сярод іншых, у доме жыў заснавальнік беларускага мастацтвазнаўства Мікалай Шчакаціхін, пра што сведчыць мемарыяльная дошка, устаноўленая ў 2008 годзе (скульптар Канстанцін Селіханаў)[3]. Будынак аднаўляўся ў 1926 годзе (арх. Аляксей Дзянісаў). У гады Другой сусветнай вайны быў пашкоджаны. Узноўлены ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў, але без арыгінальнай вежачкі на вуглавой частцы дома[4]. У пасляваенны час у доме месцілася камісійная крама і кафэ[5]. Цяпер у будынку месціцца салон мэблі і кафэ[6]. ![]() ![]() АрхітэктураТрохпавярховы мураваны П-падобны ў плане будынак, пастаўлены на высокі цокаль. Аб’ёмна-планіровачная кампазіцыя складаецца з трох частак: вуглавой і дзвюх франтальных (па вул. Кірава і Валадарскага), фасады якіх аформлены рознымі паводле канфігурацыі аконнымі і дзвярнымі праёмамі, балконамі, дэкаратыўным арнаментам, разнастайнымі керамічнымі ўстаўкамі, фактурнымі тынкаванымі слаямі. Мастацкая выразнасць дасягаецца спалучэннем неатынкаваных плоскіх сцен з тэракотавай цэглы і пабеленых атынкаваных прасценкаў, карнізаў, ліштваў. Цэнтр фасада, арыентаванага на вул. Кірава, вылучаны аб’яднанымі па вертыкалі аконнымі праёмамі і завершаны паўцыркульным атыкам. Сцены фасада, арыентаванага на вул. Валадарскага, завершаны 2 трапецападобнымі атыкамі, дах — трапецападобным ліхтаром. Вугал будынка зрэзаны, а на узроўні 2-га паверха створаны эркер, над ім — 3-гранны аб’ём, які завяршаўся вежачкай (не захавалася)[1]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia