Старажоўскія могілкі
Старажо́ўскія мо́гілкі (таксама Пярэ́спінскія) — некропаль, што існаваў у XVIII—XX стагоддзях у горадзе Мінску. Гісторыя![]() У канцы XVIII стагоддзя, пасля таго як Мінск увайшоў у склад Расійскай імперыі, для яго стаў дзейнічаць указ Кацярыны II аб могілках. Цяпер хаваць памерлых у цэнтры горада і каля храмаў можна было толькі ў асаблівых выпадках. Для могілак былі адведзеныя спецыяльныя тэрыторыі: для праваслаўных — на Пярэспе (пазней гэтая мясцовасць пачала называцца Старажоўкай), уніятаў — на Залатой Горцы, каталікоў — на Кальварыі[1]. Першыя магілы датуюцца 1795 годам[2]. Могілкі закрылі ў 1937 годзе, але ў часе Другой сусветнай вайны пахаванні грамадзянскіх асоб працягваліся. У 1943 годзе тут было праведзенае пышнае пахаванне паліцыянта[1]. Пахаванні адбываліся кароткі час і па вызваленні Мінска[2]. Пасля вайны было прынятае рашэнне аб ліквідацыі могілак. Тады ж адсюль, са Старажоўкі, перанеслі на Вайсковыя могілкі прах Івана Пуліхава. Улады аб’явілі, што парэшткі з могілак можна выкопваць для перазахавання. Былі сваякі памерлых, якія мелі жаданне гэта зрабіць. Адабраныя труны складваліся ў сутарэннях Царквы Святой Марыі Магдаліны, адкуль іх пазней вывозілі, часам у іншыя гарады. Пахаванні святароў, якія месціліся перад царквой, былі раскапаныя рабочымі і ўскрытыя ў часе рэканструкцыі храма. Магілы, якія не былі перанесеныя, былі выраўненыя бульдозерам. Сярод іншых, былі выраўненыя магілы беларускіх дзеячоў Алеся Бурбіса і палітычнага дзеяча Сцяпана Булата[1][3]. У 1950-я гады на месцы могілак паклалі асфальт (аўтамабільная дарога вуліцы Старажоўскай), пабудавалі кінатэатр «Спартак» (цяпер Моладзевы тэатр)[1]. Нашы дніЦяпер пра колішнія могілкі нагадваюць Старажоўская брама і надмагіллі, перанесеныя сюды з тэрыторыі могілак. У 1993 годзе, да 200-годдзя Мінскай епархіі, побач з царквой быў усталяваны помнік паводле бласлаўлення мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. На пліце помніка па-руску напісана: «Супакой, Госпадзе, душы памерлых рабоў тваіх усіх на месцы гэтым пахаваных»[1]. У 2006 годзе скверу на тэрыторыі могілак была нададзеная назва Старажоўскі сквер. У часе рэканструкцыі Моладзевага тэатра неаднаразова выкапваліся чалавечыя астанкі[2][4], 14 снежня 2015 года была адкапана труна з парэшткамі вайскоўца[5]. Вядомы адзін выпадак, калі на тэрыторыі царквы, дзе стаіць мемарыял са знойдзеных надмагілляў ХІХ ст., быў пахаваны чалавек у ХХІ ст.: у лютым 2012 года тут пахавалі Вольгу Булгакаву[1][6]. Галерэя
Вядомыя людзі, пахаваныя на Старажоўскіх могілках
Заўвагі
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia