Драўляне
Драўля́не † — славянскае сярэдневяковае аб’яднанне на правабярэжжы Прыпяці ў VIII — XII стст. ПаходжаннеУ «Аповесці мінулых часоў» назва драўлян тлумачыцца тым, што яны жылі ў лясістай мясцовасці, мелі адзінае паходжанне з прыдняпроўскімі палянамі. Як вядома ў наш час, падобныя назвы сустракаліся і ў славян іншых рэгіёнаў Еўропы (гл. Дрэване), а таму могуць паказваць на даўнейшую племянную сувязь. Археолагі атаясняюць драўлян з носьбітамі Лука-Райкавецкай культуры. В. В. Сядоў лічыў драўлян аўтахтонамі ўкраінскага Палесся, прамымі нашчадкамі дулебаў (у гэтую групу ён таксама ўключаў дрыгавічоў, валынян і палян). Аднак некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што драўляне перасяліліся на землі дулебаў толькі ў VII ст. Гэта часткова пацвярджаецца летапіснымі звесткамі, у якіх драўляне і дулебы пералічваюцца як сучаснікі. ГісторыяУ VIII — X стст. драўляне насялялі тэрыторыю на поўдзень ад Прыпяці, вакол Гарыні. На захадзе межавалі з валынянамі і бужанамі, на ўсходзе — з прыдняпроўскімі палянамі, на поўначы былі аддзелены балотамі шырынёй 50 — 60 км ад дрыгавічоў. Згодна з летапіснымі звесткамі, у драўлян з самага пачатку была свая княжая ўлада, яны нават прыціскалі палян. Галоўныя племянныя цэнтры — Іскарасцень, Оўруч. У 883 г. Алег заваяваў іх і прымусіў плаціць даніну па адной куніцы.
«Аповесць мінулых часоў» называе драўлян сярод плямён, якія быццам бы ўдзельнічалі ў 907 г. у паходзе на Візантыю. Пасля смерці Алега драўляне адмовіліся падпарадкоўвацца новаму кіеўскаму князю Ігару. Таму ў 914 г. Ігар арганізаваў супраць іх ваенную кампанію і запатрабаваў нават большую даніну, чым папярэдняя. У 945 г. ён пад ціскам дружыннікаў зноў напаў на драўлян і ўзяў даніны звыш нормы. Але і гэтага Ігару падалося мала. Ён адпусціў частку дружыны з сабранай данінай у Кіеў, а сам вярнуўся за дадатковымі паборамі. Драўляне на чале са сваім князем Малам вырашылі супраціўляцца, напалі на яго малы атрад каля свайго галоўнага цэнтра Іскарасценя і забілі. Драўляне адправілі пасольства з 20 лепшых мужоў на ладдзях да Вольгі, удавы Ігара, з прапановай заключыць шлюб з Малам. Аднак кіеўская княгіня пакарала паслоў, засыпаўшы іх зямлёй. Другое пасольства драўлян было спалена. Пад выглядам, што збіраецца весці далейшыя перагаворы, Вольга разам з дружынай напала на драўлянскія землі і забіла яшчэ 5000 чалавек. Варагі абвясцілі новым князем яе малога сына Святаслава і такім чынам канчаткова спынілі спробы драўлян заключыць шлюб на сваю карысць. У 946 г. Вольга арганізавала аблогу Іскарасценя. Паколькі драўляне ўстойліва трымалі абарону, яна падманам падпаліла горад і атрымала перамогу. Канфлікт з драўлянамі з-за даніны вымусіў княгіню правесці рэформу і ўвесці адзіны збор падатку — палюддзе. Апошні раз драўляне ўпамінаюцца ў летапісе пад 1136 г., калі князь Яраполк падараваў іх землі царкве. КультураКіеўскія летапісцы даволі прадузята апісвалі культуру драўлян — абвінавачвалі іх у тым, што «жылі звярыным звычаем», не мелі шлюбаў, елі нячыстае, забівалі адзін аднаго, лаяліся пры старэйшых сваяках. Археолагі выявілі, што драўляне жылі пераважна ў неўмацаваных паселішчах (хаця знойдзена каля 20 гарадзішчаў), будавалі паўзямлянкавыя заглыбленыя жытлы, займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, мелі рамеснікаў. Хавалі нябожчыкаў у курганах. Найстаражытнейшыя пахаванні ў форме спалення. З канца X ст. з’явіліся трупапалажэнні (часам у труне, галавой на захад). У магільнях знойдзены скроневыя пярсцёнкі, бронзавыя гузікі, жалезныя нажы і абручы (для драўляных вёдзер). Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia