Паўлава (Гомель)
Паўлава — колішні пасёлак у Давыдаўскім сельсавеце Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. У межах Гомеля — з 1963 г.[1] Адміністрацыйна мясцовасць прыналежыць да Савецкага раёна[2]. На мяжы ХІХ-ХХ стст. на месцы будучага пасёлка знаходзіўся так званы Сабачы Хутар — гадавальнік паляўнічых сабак князя Ф. І. Паскевіча[3][4]. Час узнікнення пасёлка дакладна невядомы. Паводле ўспамінаў старажылаў у 1930-я гг. ён налічваў пяць падворкаў, а гаспадарскія агароды сягалі нізіны з ручаём Мільчанская канава, які выкарыстоўваўся для вадапою свойскіх жывёл і прання бялізны[4][5]. Землі вакол гэтых падворкаў значыліся за саўгасам імя Ланцуцкага, а пазней тут жа знаходзілася падсобная гаспадарка Гомельскага вагонарамонтнага завода[5]. Бытуе меркаванне, што афіцыйнай назвы пасёлак у даваенны час не меў[5][4]. Згодна з народнай версіяй, якую прыводзяць краязнаўцы Р. М. Музычэнка і А. Ф. Рогалеў, назва «Паўлава» замацавалася за пасёлкам у часы нямецкай нацысцкай акупацыі 1941-1943 гг. — нібыта ад прозвішча ці імя аднаго з першапасяленцаў[5][4]. Афіцыйныя крыніцы сцвярджаюць, што назву пасёлку ад пачатку далі ў гонар савецкага фізіёлага І. П. Паўлава[1]. Між тым, на схематычнай карце ваколіц Гомеля 1920-х гг. у адпаведнай мясцовасці пазначаны хутар Паўлава[6]. Згодна з матэрыяламі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, нацысцкія акупанты 23 красавіка 1942 г. расстралялі двух жыхароў пасёлка Паўлава — братоў Яўсея і Кірыла Філімонавых[7]. Пасяльчанка Надзея Міхайлаўна Казлова ў ліку 23 жыхароў Давыдаўскага сельсавета 7 жніўня 1943 г. была сагнана на прымусовыя работы ў Германію[8]. Рост пасёлка адзначыўся пасля вызвалення Гомеля. Станам на 1945 г. там было 63 падворкі і пражывала 213 чалавек[1]. 25 чэрвеня 1963 г. пасёлак увайшоў у межы Гомеля[9]. Адна з вуліц на яго колішнім абшары носіць імя акадэміка І. П. Паўлава[2]. Абшар забудаваны пераважна пяціпавярховымі дамамі («хрушчоўкамі»). Тут знаходзіцца палац культуры «Фестывальны». У нязначнай ступені захавалася індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia