Полк Каліноўскага (укр.: полк Калиновського), да 21 мая 2022 года батальё́н імя́ Кастуся́ Каліно́ўскага (укр.: Батальйон імені Кастуся Калиновського) — вайсковае фарміраванне ў складзе Нацыянальнай гвардыі Украіны, створанае падчас расійска-ўкраінскай вайны 2022 года для абароны незалежнасці Украіны, у прыватнасці абароны Кіева. Складаецца з беларускіх добраахвотнікаў.
На другі дзень расійскага ўварвання 2022 года быў створаны Цэнтр дапамогі беларускім добраахвотнікам пры Беларускім Доме[pl] ў Варшаве[12]. Цэнтр узначаліў добраахвотнік Павел Кухта, які раней ужо браў удзел у вайне на Данбасе, брат Мікіты Крыўцова[13].
3 сакавіка 2022 года беларускі добраахвотнік Ілля «Літвін», які ваяваў за Украіну з 2014 году атрымаў раненне ў баях за Бучу пад Кіевам, ад якога ён памёр у наступны дзень[14].
Фарміраванне батальёна імя Кастуся Каліноўскага
Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, 9 сакавіка 2022 года беларускія добраахвотнікі заявілі пра аб’яднанне ў батальён Кастуся Каліноўскага[15]. Да батальёна, сярод іншых, далучыліся сябры тактычнай групы «Беларусь», «Маладога Фронту» і «Моладзевага блоку».
21 мая 2022 года батальён Кастуся Каліноўскага абвясціў пра фарміраванне беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, складам з батальёнаў «Ліцвін» і «Волат»[18]. У ліпені стала вядома пра трэці батальён палка — «Тэрор»[19], які 19 жніўня адасобіўся ад палка з захаваннем наймення[20].
Байцы батальёна «Волат» бралі актыўны ўдзел у абароне Севераданэцка[21]. 26 чэрвеня пад Лісічанскам загінула або трапіла ў палон шэсць каліноўцаў[22]. Сярод загінулых камандзір батальёна «Волат» Іван Марчук (пазыўны «Брэст»)[23]. У палон трапілі Ян Дзюрбейка (пазыўны «Тромблі») і Сяргей Дзёгцеў (пазыўны «Клешч»)[24].
У кастрычніку 2022 года стала вядома, што каманда аэраразведкі беларускага палка «Пагоня» перайшла да палка Каліноўскага[25].
19 лістапада 2022 года стала вядома, што ў палку Каліноўскага з’явілася падраздзяленне БПЛА імя Мікіты Крыўцова[26].
24 лістапада 2022 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой выказаў падтрымку палку Каліноўскага[27].
25 верасня 2023 года стала вядома, што полк Каліноўскага стварае новы батальён Western. У яго склад ужо ўвайшлі афіцэры краін НАТА і прафесійныя іншаземцы з баявым досведам[28].
Вядомыя байцы
Вадзім Кабанчук — адзін з заснавальнікаў руху «Зубр» і спартыўна-патрыятычнай арганізацыі «Край», намеснік камандзіра батальёна[29]
13 сакавіка 2022 года пад Кіевам загінуў камандзір групы батальёна Аляксей Скобля (пазыўным «Тур», 31 год)[40][41]
26 сакавіка ад баявога ранення каля горада Ірпінь загінуў баец батальёна Зміцер Апанасовіч (пазыўны «Тэрор», 32 года). У гэты дзень батальён знішчыў тры расійскія БМП, аднак Апанасовіч атрымаў цяжкае раненне і загінуў[42][43].
16 мая батальён імя Кастуся Каліноўскага паведаміў пра смяротнае раненне камандзіра роты батальёна Паўла «Волата»[44] падчас вызвалення ўкраінскага сяла.
26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам загінуў камандзір батальёна «Волат» Іван «Брэст»[23]. Імаверна, тым днём таксама загінулі Васіль Парфянкоў («Сябро»), Васіль Грудовік («Атам») і Вадзім Шатроў («Папік»)[45].
28 ліпеня 2022 падчас аперацыі па вызваленні ўкраінскага сяла загінуў баец батальёна «Волат» імя і абставіны смерці якога не агалошваюць на просьбу сваякоў[46].
25 сакавіка ў Дзень Волі байцы батальёна імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу. Тэкст прысягі на беларускай мове быў напісаны самімі добраахвотнікамі[47].
Беларусь, маці мая Радзіма. Клянуся вызваляць і бараніць цябе там дзе знаходжуся зараз і куды прывядзе мяне лёс твайго вызвалення. Біцца да перамогі за тваю свабоду. Як біліся нашыя продкі з ардынскім прыгнётам маскавітаў пад Оршай, Смаленскам, Палонкай. Бяслітасна гнаць бязродных апрычнікаў з зямель тваіх. Як гналі ваяры Вялікага Княства Літоўскага і беларускай шляхты, касінеры Касцюшкі і паўстанцы Каліноўскага, жаўнеры Народнай Рэспублікі і партызаны Супраціву. Бараніць кроў тваё нацыі, моц тваёй зямлі і Боскі дух твайго існавання. У шэрагах вольных братоў і ў палоне. На Айчыне і ў выгнанні. І ў баі і ў падполлі. Няхай рукі мае сціскаюць зброю, пакуль шыбеніцы не скончаць сціскаць шыі сыноў Тваіх. Няхай лязгат майго затвору не сціхае, пакуль чутны лязгат кратаў за спінамі герояў тваіх. Няхай хопіць мне жыцця, каб адпомсціць за ўсіх закатаваных, згвалтаваных і забітых дзяцей Тваіх. Да астатняга пляску рэк Тваіх у маіх вачах. Пакуль будзе чутны тупат «Пагоні» ў сэрцы маім. Жыць з табою, памерці за цябе, і адрадзіць веліч тваю. Жыве Беларусь! Жыве вечна!
Рэакцыя
Патч з эмблемай палка Каліноўскага.
Лідарка беларускага дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская падтрымала стварэнне батальёна, адзначыўшы што «ўсё больш і больш людзей з Беларусі далучаюцца, каб дапамагчы ўкраінцам абараняць сваю краіну»[48]. Аляксандр Лукашэнка, які ў канфлікце падтрымлівае Уладзіміра Пуціна, крытычна выказаўся пра батальён: «Крычаць усюды „Не — вайне, не — вайне!“, а фармуюць батальёны са звар’яцелых грамадзян. А пад гэта просяць грошы»[49].
26 сакавіка 2022 года намеснік кіраўніка ГУБАЗіК МУС Беларусі Міхаіл Бедункевіч заявіў, што на 50 чалавек з батальёна імя Кастуся Каліноўскага ў Беларусі заведзеная крымінальная справа за ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса)[50]. Па словах групы Кіберпартызаны, якая дапамагае правяраць добраахвотнікаў, у полк Каліноўскага хацелі ўступіць мінімум чатыры супрацоўнікі спецслужбаў[51]. У верасні таго ж года МУС Беларусі прызнала інтэрнэт-рэсурсы палка экстрэмісцкім фарміраваннем[52]. 19 кастрычніка 2023 года ўлады рэжыму Лукашэнкі прызналі словазлучэнне «Полк Каліноўскага» і лацінскімі літарамі «Polk Kalinouskaha» экстрэмісцкімі матэрыяламі[53]. 25 верасня 2024 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь прызнаў Полк Каліноўскага тэрарыстычнай арганізацыяй[54].
26 красавіка 2022 года радца Офіса Прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў, што батальён «адна з самых баяздольных часцей Узброеных сілаў Украіны. Чым могуць ганарыцца беларусы — дык гэта сваімі землякамі. Як змагаюцца беларусы — дай Бог змагацца іншым сілам»[55].
Я захопленая вашаю адвагаю і вашай верай у найбольшую чалавечую каштоўнасьць, якою ёсьць Свабода, — гаворыцца ў звароце. — Бароніце вы яе для ўсіх нас. Змагаецеся сёньня з самым лютым ворагам ня толькі Ўкраіны, але і беларускага народу. Гэты вораг — расейская імпэрыя, якая стагодзьдзямі зьнішчала імкненьне народаў да свабоды, да волі, да незалежнасьці.
У кастрычніку 2022 года палітык і грамадскі дзеяч Зянон Пазняк прызнаў полк Каліноўскага адзінай сілай, якая можа нешта вырашыць[57].
У 2025 годзе пецярых удзельнікаў Палка Каліноўскага беларускія ўлады завочна прыгаварылі да працяглых турэмных тэрмінаў і буйных штрафаў[58].
Узнагароды
12 красавіка 2022 года Аляксей Скобля, намеснік камандзіра таго часу батальёна імя Кастуся Каліноўскага, быў узнагароджаны медалём «Герой Украіны» пасмяротна[59].
17 чэрвеня 2022 года байцы палка імя Кастуся Каліноўскага атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды «За бойові заслуги», а таксама «Україна понад усе». Адзін з добраахвотнікаў — Зміцер Апанасовіч — узнагароджаны медалём «За бойові заслуги» пасмяротна[60].
1 лютага 2023 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі узнагародзіла 22 вайскоўцаў палка імя Кастуся Каліноўскага медалём за баявыя заслугі. Афіцыйнае ўручэнне медалёў адбылося 9 сакавіка 2023 года і стала першай вядомай цырымоніяй уручэння беларускіх дзяржаўных узнагарод за адвагу на полі бою з часоў Рэчы Паспалітай[61].
8 верасня 2023 года, на Дзень беларускай вайсковай славы, Рада БНР узнагародзіла 14 беларускіх добраахвотнікаў, сярод якіх сем байцоў палка Каліноўскага[62].
У сакавіку 2022 года Юрый Стыльскі з гурта «Дай Дарогу!» напісаў песню, прысвечаную беларускім добраахвотнікам з батальёна імя Кастуся Каліноўскага[64]. У чэрвені 2022 года беларуская спявачка Маргарыта Ляўчук выпусціла песню «Прайду няўхільна цяжкі шлях», прысвечаную ваярам-каліноўцам[65]. У аснове песні вершы Радзівона Батуліна, аўтар музыкі — Канстанцін Яськоў, рэжысёр кліпа — Арцём Лобач.
У красавіку 2022 года стала вядома, што вуліцу Віцебскую ў горадзе Роўна пераназавуць у вуліцу Каліноўскага — у гонар добраахвотніцкага батальёна[66].
28 чэрвеня 2022 года стала вядома, што вуліцу імя Аляксандра Пушкіна ў горадзе Хмяльніцкі пераназавуць у гонар Аляксея Скоблі[67].