У канцы 1944 года ў Кіеве быў створаны аддзел металафізікі Інстытута чорнай металургіі АН УССР, які ўзначаліў акадэмік Г. В. Курдзюмаў. У 1945 годзе на базе аддзела ў сістэме АН УССР была створана Лабараторыя металафізікі. У 1953 годзе з Інстытута чорнай металургіі АН УССР у склад Лабараторыі металафізікі АН УССР былі перададзеныя аддзел металазнаўства і лабараторыя рэнтгенаспектральнага аналізу. У 1955 годзе лабараторыя ператворана ў Інстытут металафізікі АН УССР, у склад якой увайшоў аддзел дыфузійных працэсаў Інстытута фізікі. 25 верасня 1996 года Інстытуту металафізікі было прысвоена імя акадэміка Г. В. Курдзюмава (заснавальніка і першага дырэктара Інстытута).