Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор (Магілёў)
Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор, раней Барыса-Глебская царква — праваслаўны храм у Магілёве, размешчаны па адрасе завулак Брусава, 2, помнік эклетыкі. Цагляная царква, часам званая Барыса-Глебскай, пабудавана на сродкі вернікаў у 1869 годзе. Закрыта пры савецкай уладзе. Зноў адкрыта з 1941 года і працяглы час заставалася адзіным дзейным храмам у Магілёве. У 1986 годзе царкву перайменавалі ў Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор. Храм двухпрастольны: галоўны прастол — у памяць Узвіжання Жыватворчага Крыжа Гасподняга, другі — у імя святых Барыса і Глеба. Амаль квадратны ў плане 6-слупавы 3-нефавы крыжова-купальны храм. У паўночнай частцы размешчаны тры паўцыліндрычныя апсіды, якія нязначна выступаюць з асноўнага аб’ёму. Галоўны фасад увянчаны трыма франтонамі: у цэнтры лучковым, па баках трохвугольнымі. У архітэктурна-стылявой трактоўцы спалучаны рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асноўнага аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства XVII ст. (5-купалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон, какошнікі). У інтэр’еры чатыры крыжовыя ў плане слупы падтрымліваюць цыліндрычны барабан купала. Пры ўваходзе — два слупы, на якія апіраюцца хоры. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia