Свяцілавіцкая раўніна
Свяцілавіцкая раўніна — геамарфалагічны раён Перадпалесся, на паўднёвым усходзе Беларусі ў Гомельскай вобласці ў міжрэччы Сажа, Беседзі, Іпуці. Мяжуе са Слаўгарадскай і Касцюковіцкай раўнінамі на поўначы, Чачорскай раўнінай і Рэчыцкай нізінай на захадзе і поўдні, выходзіць да мяжы з Расіяй на ўсходзе. ГеалогіяУ тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да зоны сучлянення Жлобінскай седлавіны і Варонежскай антэклізы. Крышталічны падмурак залягае на глыбіні 500—750 м. Паверхня карэнных парод нахілена на захад. Магутнасць антрапагенавых адкладаў змяняецца ў межах 10-30 м. Рэльеф і гідраграфіяАбсалютныя адзнакі паверхні вагаюцца ў інтэрвале 140—165 м, адносныя — ад 3-5 да 15-20 м. Гушчыня расчлянення рэлефа 0,3-0,4 км/км². Большую частку тэрыторыі займае спадзістахвалістая забалочаная водна-ледавіковая раўніна. У найбольш узвышанай цэнтральнай частцы развіты ўзгорыста-градава-хвалісты краявы ледавіковы рэльеф дняпроўскага ўзросту. Участкі сучлянення з краявымі ўтварэннямі прадстаўлены дробнаўзгорыстым рэлефам. Сустракаюцца камы і эолавыя бугры. Пашыраны тэрмакарставыя, карставыя і суфазійныя западзіны дыяметрам ад дзясяткаў да соцень метраў і глыбінёй 3-5 м. Невялікімі ўчасткамі (на поўдні і паўднёвым усходзе) прадстаўлена азёрна-алювіяльная нізіна з рэшткавымі азёрамі і старажытнай затарфаванай лагчынай сцёку. Тэрыторыя дрэнуецца ракой Сож з прытокамі Покаць, Беседзь, Іпуць (на поўдні) і інш. Шырыня рачных далін большай часткі невялікіх рэк не перавышае 1 км, у Іпуці і Беседзі да 3-5 км; сумесная даўжыня рачных далін Беседзі і Сажа дасягае 10 км, Іпуці і Сажа — 15-20 км. Схілы даліны ракі Іпуць рассечаны ярамі і балкамі даўжынёй да 1-2 км і глыбінёй да 10-20 м. Глебы і расліннасцьГлебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя, па далінах рэк поймавыя (алювіяльныя). Пераважаюць хваёвыя лясы, якія чаргуюцца з бярозавымі і чорнаальховымі; месцамі пашыраны шыракаліста-хваёвыя лясы. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia