Воранаўская раўніна
Воранаўская раўніна — геамарфалагічны раён у Гродзенскай вобласці Беларусі, водна-ледавіковая раўніна, у фізіка-геаграфічным раянаванні разглядаецца як частка Лідскай раўніны, на тэрыторыі Літвы адрозніваецца Эйшышская раўніна (літ.: Eišiškių plynaukštė). З’яўляецца водападзелам прытокаў Нёмана: Дзітвы, Жыжмы, Гаўі, Мерачанкі. Геалогія і рэльефУ тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да паўночнай часткі Беларускай антэклізы. Усходнюю палову займае Воранаўская брахіантыкліналь, адкуль крышталічныя пароды спадзіста паніжаюцца ва ўсе бакі ад −40 м да −100…−150 м на захадзе. Карэнныя пароды прадстаўлены мелавымі адкладамі, на захадзе — неагенавымі пясчана-гліністымі. Магутнасць антрапагенавых адкладаў ад 100—130 м да 150—230 м па лагчынах ледавіковага выворвання. Асаблівасцю геамарфалогіі раёна служыць паўднёвая мяжа паазерскага зледзянення, якая праходзіць па раўніне. Пераважаюць вышыні ад 160 да 190 м. На асобных участках на поўдні і поўначы дасягаюць 207—211 м, там адзначаюцца буйнаўзгорыстыя і градава-ўзгорыстыя формы краявых ледавіковых комплексаў, пашыраны тэрмакарставыя западзіны, а вяршыні ўзгоркаў прадстаўлены камамі. Грады даўжынёй да 2 км і ўзгоркі дыяметрам да 1 км ускладняюцца ізаметрычнымі формамі меншага рангу. Насоўныя скібы, арыентаваныя з поўначы на поўдзень, прыціснутыя адна да адной, збудаваныя з марэнных і водна-ледавіковых адкладаў апісаны паблізу вёсак Лазарышкі, Рамашканцы. Тэрыторыя з вышынямі 150—170 м на поўначы занята паазерскай і сожскай водна-ледавіковымі раўнінамі, рассечанымі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод. У вярхоўях Жыжмы выдзяляецца забалочаная азёрна-алювіяльная раўніна з адзнакамі паверхні 165—170 м. На ўсходзе ў зоне сучлянення з Дзевянішскай раўнінай дробнаўзгорысты марэнна-эразійны рэльеф. Глебы і расліннасцьГлебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Пад лесам прыкладна чацвёртая частка тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia