Сярэднянёманская нізіна
![]() ![]() Сярэднянёманская нізі́на[2][3] — нізіна на захадзе Беларусі, на тэрыторыі Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага раёнаў Гродзенскай вобласці, у сярэднім цячэнні ракі Нёман. Часткова заходзіць на тэрыторыю Польшчы і Літвы[2][3]. Геаграфія і геалогіяНізіна з’яўляецца фізіка-геаграфічным раёнам акругі Панямонне Заходне-Беларускай правінцыі. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Мазурска-Беларускага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай на ўсходзе, Навагрудскім узвышшам на паўднёвым усходзе, Ваўкавыскім узвышшам і Слонімскай узвышанай раўнінай на поўдні, Гродзенскім узвышшам на захадзе. Плошча тэрыторыі Сярэднянёманскай нізіны на тэрыторыі Беларусі складае каля 1700 км². Цягнецца нізіна ў напрамку з усходу на захад на 60—75 км, з поўначы на поўдзень — да 45 км. Пераважаюць вышыні ад 110 да 140 м над узроўнем мора. Найбольш нізкая адзнака 80 м — урэз ракі Нёман (самая нізкая ў Беларусі)[3]. Крышталічны фундамент залягае на 100—300 м ніжэй узроўню мора, месцамі перакрыты юрскімі магутнасцю да 40 м, познемелавымі (больш за 100 м), палеагенавымі (да 20 м) і антрапагеннымі (60—140 м) адкладамі. Антрапагенныя адклады разнастайныя і складзены з утварэнняў беларускага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага, паазерскага зледзяненняў і адкладаў міжледавіковых перыядаў[3]. На паверхні пераважаюць флювіягляцыяльныя і лімнагляцыяльныя пяскі, жвіры, зрэдку жвірова-галечны матэрыял, галацэнавыя азёрныя і балотныя адклады[3]. Карысныя выкапні: гліны, будаўнічыя пяскі, торф. РэльефРэльеф тэрыторыі нізіны значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час. Тут існавалі вялікія прыледавіковыя азёры. Пад час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора. Пры раставанні паазерскага ледавіка ўтварылася вялікае Сярэднянёманскае возера. Пры адступленні ледавіка ўзровень возера паніжаўся са 123 м да 115 м. У больш позні галацэнавы час сфарміравалася даліна ракі Нёман, якая ў межах Сярэднянёманскай нізіны мае эразійны ўрэз да 25—28 м. Сучасны рэльеф Сярэднянёманскай нізіны — зандравая раўніна з двума ўзроўнямі (больш высокі 130—140 м прымыкае да Лідскай раўніны). Паверхня плоская, плоскаўзгорыстая, ускладнена тэрмакарставымі западзінамі, эолавымі формамі, невялікімі зарастаючымі азёрамі. Характэрны адзінкавыя дзюны і дзюнавыя грады вышынёй 5—6, часм да 10 м[3]. ГідралогіяАсноўная рака Сярэднянёманскай нізіны — Нёман. Таксама працякаюць рэкі Котра, Пыранка, Нявіша, Гожка, Чорная Ганча. Найбольшыя азёры Белае, Рыбніца, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава. ПрыродаГлебы Сярэднянёманскай нізіны пераважна дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя, часта забалочаныя, тарфяна-балотныя, у далінах рэк — поймавыя. Лясістасць мясцовасці каля 40 %. Расліннасць належыць да Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі[3]. Каля 60 % лясоў хваёвыя, сярод якіх пераважаюць верасовыя і імшыстыя бары. На бярозавыя лясы прыпадае 13—15 %, на яловыя 10 %, на чорнаальховыя 7—9 % агульнай плошчы лясоў[3]. Захаваліся лясныя масівы: Гродзенская пушча, Катранская пушча, Ліпічанская пушча. Тэрыторыя нізіны значна забалочаная. Балоты пераважна нізінныя. Сярод найбольш значных: Святое, Гарачы Бор, Каменны Мост, Масткі-Нівішча[3]. Лугі займаюць каля 10 % плошчы тэрыторыі і знаходзяцца пераважна ў пойме Нёмана і яго прытокаў. У травастоі пераважаюць злакава-разнатраўная расліннасць (цімафееўка лугавая, аўсяніца лугавая, метлюжок, лісахвост і інш.), пашыраны бабовыя (канюшына белая, канюшына чырвоная, чына лугавая), асокі і шматлікае разнатраўе[3]. ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia