Скідзельская нізіна
Скідзельская нізіна — геамарфалагічны раён вобласці Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град на захадзе Беларусі; размешчаны ўздоўж даліны Нёмана, частка Нёманскай нізіны. Даўжыня 80-90 км, шырыня 15-40 км. Мяжуе з Азёрскай нізінай на захадзе, Любчанскай нізінай, Лідскай раўнінай і Навагрудскім узвышшам на ўсходзе, Ваўкавыскім і Слонімскім узвышшамі на поўдні, Гродзенскім узвышшам на захадзе. У тэктанічным дачыненні нізіна прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву Беларускай антэклізы. Пароды крышталічнага падмурка апускаюцца на захад і залягаюць на глыбіні ад 0 да 150 м. Магутнасць антрапагенавых адкладаў у паніжэннях складае 180—200 м, на астатняй тэрыторыі памяншаецца да 70-90 м. Абсалютныя вышыні змяняюцца ў асноўным ад 115 да 135 м, максімальныя адзнакі дасягаюць 140—144 м, добра выражана паніжэнне да даліны Нёмана. Гушчыня расчлянення рэльефу 0,2-0,3 км/км². Паверхня раёна плоская або слабахвалістая з сухімі далінамі, якія з’яўляюцца слядамі блукання рэчышчаў і катлавінамі рэшткавых азёр дыяметрам да 2-3 км. Асноўную частку тэрыторыі займае азёрна-ледавіковая нізіна паазерскага ўзросту, на ўсходзе і паўночным захадзе раёна — фрагменты водна-ледавіковай раўніны. Паўсюль сустракаюцца эолавыя ўтварэнні з адноснай вышынёй 5-10 м і больш, асобныя камы дыяметрам 200—300 м і вышынёю да 15-20 м. Уздоўж Нёмана і яго прытокаў паверхня раздзеленая ярамі і балкамі, даўжыня іх дасягае 1,5 км, а глыбіня да 12 м. Тэрыторыя дрэнуецца Нёманам і яго прытокамі (Котра, Свіслач, Рось, Зальвянка, Шчара і інш.), якія ўтвараюць дрэвападобную сістэму. У далінах рэк добра развіта забалочаная пойма і выяўленыя 2 надпоймавыя тэрасы (вышыня першай 4-9 м, другой — 8-12 м); агульная глыбіня далін не перавышае 20 м. Распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя, часта забалочаныя, глебы, па нізінных балотах — тарфяна-балотныя, у далінах рэк — пойменныя (алювіяльныя). Лясы сасновыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты ў асноўным нізінныя. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia