Гарадоцкае ўзвышша![]() Гарадоцкае ўзвышша — фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі. Знаходзіцца на паўночным усходзе Беларусі. Уваходзіць у склад Беларускага Паазер’я. Прымеркавана да паўночна-заходняй часткі Аршанскай упадзіны. Займае тэрыторыю амаль усяго Гарадоцкага раёна, частку Віцёбскага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці. На ўсходзе мяжуе з Суражскай нізінай, на поўдні — па даліне Заходняй Дзвіны з Віцебскім узвышшам, на захадзе — з Полацкай нізінай, на поўначы адгор’і ўзвышша пераходзяць у межы Расіі і зліваюцца з Невельскім узвышшам. 3 поўначы на поўдзень узвышша працягнулася на 60—70 км, з захаду на ўсход — на 40—45 км, плошча 3,3 тыс. км². Вышыні над узроўнем мора ад 135 (урэз ракі Заходняя Дзвіна ля вёскі Курына ў Віцебскім раёне) да 263 метраў (ля вёскі Загараны Гарадоцкага раёна)[1]. Узвышша прыўзнята над суседнімі нізінамі на 100 м. У фарміраванні рэльефу ўдзельнічалі ледавікі ўсіх зледзяненняў, канчаткова аформлена ў час адступання паазерскага ледавіка (браслаўская стадыя). У асадкавай тоўшчы вылучаны адклады верхняга пратэразою, перакрытыя пародамі дэвону. У аснове ўзвышша падняцце з верхнедэвонскіх вапнякоў і даламітаў. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 40—170 м) складзена з комплексаў ледавіковых утварэнняў, якія адпавядаюць ніжне-. сярэдне- і верхнеплейстацэнавым эпохам зледзяненняў. Фарміраванне рэльефу звязана з нераўнамерным намнажэннем ледавіковых тоўшчаў, абумоўленых асаблівасцямі даледавіковага ложа. Сучасная паверхня — сістэма канцова-марэнных град даўжынёй 8—10 км і шырынёй 2—3 км, падзеленых глыбокімі (да 40 метраў) рачнымі далінамі, упадзінамі і лагчынамі. На поўнач ад Гарадка вылучаецца ўнутраны клінападобны канцова-марэнны пояс (даўжыня 20—22 км, шырыня 6—10 км), складзены з валунных суглінкаў. На ўскраінах узвышша знешні пояс канцовамарэнных град і ўзгоркаў дугападобнай формы. Трапляюцца адзінкава і ў групах камавыя ўзгоркі вышынёй да 20 м са стромкімі (да 30°) схіламі. Зандры пераважна далінныя. На паўднёвым усходзе і поўдні невялікія ўчасткі спадзістахвалістага рэльефу доннай марэны. Схілы ўзвышша расчляняюць нешырокія, але глыбокія тэрасаваныя рачныя даліны. Рэльеф слаба падвергнуты працэсам эрозіі, але значна парэзаны, што абумоўлена нераўнамернай акумуляцыяй ледавіковага і водна-ледавіковага матэрыялу. Карысныя выкапні: керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, прэсныя і мінеральныя падземныя воды. Рачная сетка належыць да басейна Заходняй Дзвіны: рэкі Усыса, Чарнаўка, Чарнуйка (прытокі Обалі), Лужаснянка, Аўсянка; на ўсходнім схіле ўзвышша пачынаецца рака Ловаць (басейн Нявы). Найбольшыя азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. У межах Гарадоцкага ўзвышша знаходзяцца заказнікі мясцовага значэння Сурміно, Цёста, Паташэнскі і гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Карыценскі мох»[2]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia