Бай (міфалогія)

Бай
князь
Пераемнік Белаполь

Род Баевічы
Вядомы як міфічны першачалавек, родапачынальнік плямёнаў продкаў беларусаў

Бай або Бой, Буй — легендарны князь у беларускай міфалогіі, родапачынальнік тых плямёнаў, з якіх утварыліся сучасныя беларусы.

Легенда

Міф пра продкаў беларусаў запісаны ў XIX — пачатку XX стагоддзя ў некалькіх варыянтах, першапродкам у ім названы князь Бой (Бай, Буй) — бацька Белаполя, родапачынальнік 160 беларускіх родаў.

Першы запіс міфа змешчаны ў кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціч Завальня» (1845)[1]. Таксама ёсць звесткі, што міф мог быць вядомы яшчэ ў 1820-я гады Максіміліяну Марксу ў Віцебску ад нейкага расказчыка Філіпа Смуры[2]. Князя ў варыянце Маркса звалі Бай, што болей адпавядае фанетыцы беларускай мовы. Іншы варыянт апублікаваны Міхаілам Дзмітрыевым у Гродна ў 1868[3] і 1869[4] гадах. Варыянт Дзмітрыева ў асноўным падобны запісу Баршчэўскага, але мае шэраг адрозненняў, напрыклад, імя князя даецца ў формах Бай і Буй. Таксама, магчыма, Бой (Бай) ёсць у дакучнай казцы[ru], запісанай у Ваўкавыскім павеце, апублікаванай Міхалам Федароўскім у 1897 годзе[5].

Паводле міфа, князь Бой жыў доўгі век, меў вялікую сям’ю, сем жонак — дачку княжацкага дружынніка Вольгу, княжну Рагнеду з Полацка, княжну Красулю са Смаленска, княжну Оду з Кіева, служанку Красулі — Доню, сясцёр-княжон Альду і Лілю з Літвы. Пакінуў шматлікіх нашчадкаў, з іх найбольш вядомы сын Белаполь.

З князем Боем звязвалі Стаўроўскія (Стаўрускія, Старарускія) Дзяды — адзін з пяці каляндарных абрадаў заклікання продкаў (дзядоў). У князя Боя (Бая) было два любімыя сабакі — Стаўры і Гаўры, найлепшыя яго памочнікі ў паляванні, яны маглі адолець мядзведзя і не раз ратавалі гаспадара. Калі сабакі памерлі, князь Бой загадаў пахаваць іх людскім абрадам і прызначыў абрад штогадовага памінання, які захаваўся і па яго смерці.

Паводле Баршчэўскага, міф звязаны з Краснаполлем (цяпер Расонскі раён). Паводле Дзмітрыева, асноўны цэнтр бытавання міфа — Дрыса (цяпер Верхнядзвінск), дзе два гарадскія канцы называліся Стаўры і Гаўры.

Бай з’явіўся на Зямлі, калі свет толькі зачынаўся. Спачатку не было нічога, толькі адна вада, пасярод якой стаяў валун. Аднойчы Пярун пачаў кідаць маланкі ў гэты камень і выбіў тры яскаркі: белую, жоўтую і чырвоную. Як упалі яны ў ваду, усё ў свеце скаламуцілася. А як зноў пасвятлела, то аказалася, што вада ад зямлі адасобілася. На зямлі ўзніклі жывёлы і людзі. Адным з першых быў Бай, які стаў князем, меў шмат жонак і дзяцей. Перад смерцю Бай раздаў сынам спадчыну, а аднаму — Белаполю — аддаў двух сабак, якіх звалі Стаўры і Гаўры, і загад: колькі зямлі яны за дзень прабягуць, столькі дастанецца Белаполю. Сын злавіў дзвюх птушак — адну з паўднёвага мора, а другую з заходняга — і выпусціў, а сабакі пабеглі за імі. Па слядах гэтых сабак пацяклі дзве буйнейшыя беларускія ракі — Дзвіна і Дняпро.

Паводле іншага падання, Бай — князь у Краснаполлі каля Дрысы. Разам са сваімі сабакамі ён паляваў па мясцовых «густых лясах». З некалькімі жонкамі Бай меў сыноў — продкаў асобных беларускіх родаў. Старэйшы з іх — Бойка (Белаполь, у адрозненне ад пазнейшага тэксту, не згадваецца)[6]. Бай устанавіў пакланенне ім нароўні з «найважнейшымі асобамі», а пасля смерці вызначыў дні іх памінання («Дзяды»)[7] сэнс гэтага старажытнага свята памінання памерлых, на думку Мілера, дазваляе бачыць у Баі бажаство замагільнага свету ў суправаджэнні дэманічных сабак (падобна індыйскаму Яме), а паходжанне імя «Бай» балцкім, як і імёнаў сабак[8][9].

Інтэрпрэтацыі

Гісторык Сяргей Аляксееў[ru] супастаўляе беларускі міф пра князя Бая і міфічнага рутэнскага конунга Боя з "Дзеяў данаў" Саксона Граматыка. На думку даследчыка, крыніцай звестак пра конунга Боя для Саксона Граматыка мог быць аповед пра Бая ад кагосьці са служэбнікаў менскай князёўны Сафіі Валадараўны, дацкай каралевы з 1157 года.[9]

Крыніцы

  1. Barszczewski J. Szlachcic Zawalnia czyli Białoruś w fantastycznych opowiadaniach. T. II. — Petersburg, 1845. — Str. 6-7
  2. Федосова Т. Ф. Воспоминания Максимилиана Маркса «Записки старика».// Исследования по истории польского общественного движения XIX в. — начала XX в. — М., 1971 — С. 148—154.
  3. Памятная книжка Гродненской губернии на 1869 г. — Гродно, 1868. — С. 89
  4. Дмитриев М. А. Собрание песен, сказок, обрядов и обычаев крестьян Северо-Западного края. — Вильно, 1869. — С. 219—220
  5. Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. I. — Krakow, 1897 — Str. 106.
  6. Романов Е. Р. Белорусский сборник. Витбеск, 1891. Вып. 4. Текст № 33.
  7. Легенды і паданні. Тэкст № 294.
  8. Миллер В. Ф. По поводу одного литовского предания// Древности. Труды Московского археологического общества. 1880. Т. 8.
  9. а б "Славянская Европа V–VIII веков" - Алексеев Сергей Викторович - Страница 43 - ЛитМир Club (руск.). Литмир - электронная библиотека. Праверана 2 студзеня 2025.

Літаратура

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya