Козыраўскае прадмесцеКо́зырава, Ко́зыраўскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўднёвай частцы горада, уздоўж Лібаўска-Роменскай чыгункі. На паўночны захад ад Козырава пачынаюцца Сенажаны, на поўнач — Серабранскія Млыны, на паўднёвым усходзе месціцца Лошыца Любанскіх[1][2]. Гісторыя![]() ![]() ![]() Прадмесце з’явілася ў канцы XIX—пачатку XX стст[3]. Козыравам гараджане называлі паўднёвую частку чыгуначнага пасёлка (цяпер паміж вуліцай Маякоўскага і чыгункай ад Сямёнава да камвольнага камбіната) — ад імя начальніка Лібаўска-Роменскай чыгункі Дзмітрыя Паўлавіча Козырава, які быў ініцыятарам пабудовы пасёлка і школы для дзяцей і чыгуначнікаў[4]. Жылі ў прадмесці ў асноўным рабочыя і служачыя чыгункі. Для зручнасці мясцовых жыхароў, аддаленых ад месца працы (Віленскага вакзала) быў арганізаваны прыпынак, пазней станцыя Козырава (будучая станцыя Мінск-Паўднёвы). У пачатку XX ст. Козырава ўваходзіла ў чацвертую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Германаўская (цяпер Сямёнава), Пушкінская (Фізкультурная), Вялікая Марская (Велікаморская), Лібаўска-Роменская, Лошынская (Сонечная), Лібаўская (Роменская), 1-я і 2-я Лінія вуліцы, Ігуменскі тракт[5][6]. У 1919—1920 гадах у ваколіцах Козырава дзейнічала савецкая антыпольская партызанская група, вядомая пад назвай Козыраўскія партызаны. Атрад створаны ў кастрычніку 1919 года пад кіраўніцтвам Менскага камітэта КП(б)ЛіБ. У яго ўваходзілі жыхары прыгарадных вёсак Козырава, Калядзічы, Сеніца і інш. Камандзір С. Плашчынскі. Партызаны распаўсюджвалі бальшавіцкую літаратуру, вялі агітацыю сярод насельніцтва і польскіх жаўнераў, перадавалі камандаванню Чырвонай Арміі звесткі пра праціўніка, учынялі дыверсіі на камунікацыях і лініях сувязі, атакавалі польскія войскі. Падпольны партыйны камітэт планаваў нанесці ў траўні 1920 года сіламі партызан Менскага і Ігуменскага паветаў адначасовы ўдар па варожых камунікацыях, але польская дэфензіва 27—28 красавіка 1920 года арыштавала партызан, а 7 траўня частку расстраляла (партызаны пахаваныя на Вайсковых могілках Менска, на магіле помнік). 1 чэрвеня 1922 года ў Козыраве адкрыўся канцэнтрацыйны лагер для «перамешчаных асоб»[A] Першай сусветнай вайны. Лагер займаў 9 колішніх уцалелых казармаў і вайсковых складоў, вакол агароджаны калючым дротам, агульная плошча — 6 гектараў[7]. У 1935 годзе Козырава пераназванае ў пасёлак Фрунзэ[8]. Імаверна у другой палове 1930-х гадоў бальшавікамі спалена Мікалаеўская царква. У 1935 годзе настаяцель царквы Іаан Зянюк, святары і актыўныя прыхаджане былі асуджаны да розных тэрмінаў зняволення[9]. У 1943 годзе намаганнямі протаіерэя Іаана Кур’яна ў прадмесці адбудавана царква Святога Мікалая (зруйнавана ў 1960 годзе)[10]. Ёсць звесткі, што некалі ў Козыраве існавала каталіцкая парафія[11]. У 1917 годзе адкрыліся Козыраўскія могілкі, закрытыя ў 1967 годзе. Знос дамоў прадмесця адбываўся ў сярэдзіне 1960-х гадоў і значна актывізаваўся ў 2000-я[3]. У наш час пра Козырава нагадвае Козыраўская вуліца, захаваліся Козыраўскія могілкі. Старыя адрасы
Заўвагі
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia