Маргер (паэма)
«Ма́ргер» (польск.: Margier) — гістарычная паэма Уладзіслава Сыракомлі. Паэт называў яе «найлепшым з дзяцей свайго духу»[1]. Твор паэт пісаў з канца 1852[2] да 6 жніўня 1854 г. у Барэйкаўшчыне, а ў 1855 г. паэма выйшла асобным выданнем[3]. НапісаннеПаэма заснаваная на гераічнай абароне Пілянскага (у літоўскай Жамойці) замка ў 1336 годзе супраць крыжакоў. Пасля доўгай абароны мужныя літоўцы на чале з Маргерам, згубіўшы надзею на ратунак і не хочучы здавацца ў палон, здзейснілі самагубства ў вогнішчы[4]. На гэтую гістарычную падзею ўвагу Ўладзіслава Сыракомлі звярнула пісьменніца Паўліна Вільконская[5]. Сыракомля пісаў паэму некалькі месяцаў і быў з яе вельмі задаволены[1]. Пішучы ўступ, паэт, на думку Тадэвуша Піні, арыентаваўся на «Дзеву возера» Вальтэра Скота, якога Сыракомля ў маладосці ахвотна чытаў[6]. ЗместПадчас сутычкі з крыжакамі, у палон да літоўцаў трапляе немец Рансдорф. Літоўцы хочуць яго забіць, але правадыр Маргер захоўвае яму жыццё і загадвае занесці яго ў свой замак "Пулен", дзе параненага крыжака лекуюць. Маргер яго ўпадабаў і нават адмовіўся прынесці яго ў ахвяру богу Поклюсу. Дачка правадыра Эгле (польск.: Egle, ад літ. eglė "яліна, елка") нават закахалася ў палоннага. Але Маргера пагадзіўся ў выніку даць немца ў ахвяру, праз што Эгле вызваліла Рансдорфа і з дапамогай старога Лютаса выпусціла таго з замка праз падземныя хады, узяўшы толькі прысягу, што Рансдорф нікому пра іх не распавядзе[7]. Немец вяртаецца да сваіх, марачы доўга пра літоўку, якая ўратавала яму жыццё. Тым часам крыжакі збіраюцца на новую вайну з Літвою, жадаючы здабыць замак Пулен. Рансдорфа як дасведчанага чалавека, які ведае мясцовасць, бяруць з сабой і даюць кіраваць адным атрадам. Аднак ён сам сабе прысягае, што не выдасць патаемнага ходу[8]. У гэты час вестка пра ўцёк крыжака ў замку пакінула вялікае ўражанне на ўсіх. Маргер здагадаўся, хто ў гэтым вінаваты і прабачыў дачцэ, але святары пагражалі страшнай помстай бога і жадалі задобрыць Поклюса, аддаўшы Эгле ў ахвяру, інакш на Літву зваліцца вялікае няшчасце. Маргер, хочучы ўратаваць Айчыну, аддае дачку святарам, тая чакае часу свайго спалення. Рансдорф даведваецца пра гэта ад Лютаса, якога крыжакі схапілі ў палон і якому немец захаваў жыццё. З гэтымі весткамі, Рансдорф не зажадаў больш стрымлівацца прысягай, бо каханне яго апанавала. Крыжакі атачаюць замак з усіх бакоў, лезуць на сцены, а Рансдорф з атрадам ідзе патаемным ходам і хутка з’яўляецца ў цэнтры замка. Пачынаецца бітва, літоўцы абараняюцца з двух бакоў. Рансдорф жа бяжыць да запаленай вязніцы, выносіць адтуль непрытомную Эгле і ўцякае да крыжачкага лагера[9]. Літоўцы, бачачы, што ім не перамагчы, пастанаўляюць здзейсніць самагубства. Літоўцы гінуць у вогнішчы, застаецца адзін Маргер. Жадаючы ўжо ўваткнуць у свае грудзі меч, ён заўважае каля замка лодку, што плыве па Нёмане, з Рансдорфам і Эгле. З астатніх сілаў літовец хапае лук і выпускае дзве стралы. Целы немца і дачкі падаюць у ваду, а Маргер спакойна працінае сабе грудзі і падае мёртвы ў вогнішча пасярод сваіх суродзічаў[10]. КрытыкаПа публікацыі на паэта пасыпалася злосная крытыка, якую ён успрымаў балюча. Творцу вінавацілі за фанабэрыстасць і ганарыстасць у прадмове, дзе Сыракомля адкрыта прызнаваў «Маргера» за найлепшы свой твор. Праз ціск крытыкі Сыракомля думаў нават кінуць пісьменніцтва[11]. Прыяцель паэта Язэп Крашэўскі шчыра пісаў у газеце «Gazeta Warszawska», што «Маргер» не з’яўляецца такім шэдэўрам, як здаецца Сыракомлю, што лепш яму ісці заўсёды толькі за сэрцам, бо тады ён піша найпрыгажэй і найчуллівей. Сыракомлю гэта моцна закранула, аднак ён не пакрыўдзіўся[12]. Тадэвуш Піні адзначае, што, дарма што многія перавагі і прыгожыя ўступы, «Маргер» саступае іншым паэмам («Дабрародны Ян Дубарог», «Акраец хлеба»)[1]. Даследчык заўважае:[13]
Тадэвуш Піні таксама сцвярджае, што ў паэме Сыракомлі нічога новага адносна Міцкевічавых «Гражыны» і «Конрада Валенрода» няма; нічога новага пра звычаі старажытных літоўцаў не даведацца з яе, акрамя як пра рэлігію, якую Сыракомля, на ягоную думку прадставіў дакладней, хаця карціна прынашэння ахвяр, паводле Піні, не адпавядае рэчаіснасці[14]. ПеракладыУ 1882 годзе Ян Нечас зрабіў і выдаў пераклад на чэшскай мове[15]. На літоўскую мову паэма перакладзена двойчы: Сімонасам Норкусам-Наркявічусам (1883)[16] і Антанасам Валайцісам (1936)[17]. У 1880 годзе Ліядор Пальмін апублікаваў свой пераклад на рускую мову ў маскоўскім часопісе «Русская Мысль»[18]. Іншы рускі пераклад зрабіў Міхаіл Зянкевіч[19]. На беларускую мову перакладзены толькі ўрывак (перакладчык А. Мікус):
Гэты перакладзены ўрывак у 2015 г. пакладзены на музыку музычным праектам "Anafelas".[21] У сінгле "Margier" партыю дуды выканаў перакладчык урыўку А. Мікус. НазваЗа назву сваёй паэмы "Маргер" Сыракомля ўзяў імя правадыра Пілянскага замкавага гарнізону Маргера. Гэтае імя - двухасноўнае старабалцкага (старалітоўскага) тыпу, складаецца з асноў Mar-, Gir-[22]. Адыменнае прозвішча "Margir" бытавала ў Горадні яшчэ на сутыку XVIII і ХІХ стагоддзяў, яно засведчанае ў метрыцы горадзенскага касцёла пад 1800 годам[23]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia