Прэфектуры Японіі
Прэфектуры Японіі — 47 адміністрацыйных адзінак Японіі вышэйшага ўзроўню. Яны аб'яднаны ў сістэму тадафукэн (яп.: 都道府県 то-до:-фу-кэн). Па гэтай сістэме краіна складаецца з адной сталічнай прэфектуры то (яп.: 都) — Токіа, аднаго губернатарства до: (яп.: 道) — Хакайда, двух гарадоў фу (яп.: 府), якія маюць статус прэфектур, — Кіёта і Осака — і сарака трох прэфектур кэн (яп.: 県). Для зручнасці ў заходнім японазнаўстве прынята зваць вышэйназваныя адзінкі «прэфектурамі». Кожная прэфектура кіруецца прэфектам (у выпадку Хакайда — губернатарам) і ў яе ёсць свае заканадаўчы і адміністрацыйны апараты. Для зручнасці прэфектуры часта групуюцца ў рэгіёны, якія не з'яўляюцца адміністрацыйнымі адзінкамі. Прэфектуры падзяляюцца на меншыя адміністрацыйныя адзінкі. Гэта акруга Хакайда, адмысловыя гарады, вызначаныя ўказамі ўрада, і паветы. Акругі, якіх налічваецца 14, існуюць толькі ў прэфектуры Хакайда. Для астатніх прэфектур адзінкай падзелу з'яўляецца павет. Да адмысловых гарадоў, вызначаным указамі ўрада, належаць гарады, насельніцтва якіх перавышае 500 тысяч чалавек. Сталіца Токіа да ліку падобных гарадоў не належыць, з прычыны таго, што з'яўляецца гарадскім кангламератам, а не горадам. Сучасная сістэма адміністрацыйнага падзелу была ўкаранёная ў перыяд Мэйдзі ў 1871, у выніку чаго былі ліквідаваны феоды хан і створаны прэфектуры. Гэта падзея носіць назву хайхан тыкэн (яп.: 廃藩置県). Напачатку колькасць прэфектур адпавядала колькасці хан — звыш за 300 адзінак. З часам іх скарацілі да 72, а ў 1888 г. — да 47. Закон аб мясцовай аўтаноміі даў прэфектурам больш уладных паўнамоцтваў. Нарэшце, улічваючы імклівае развіццё ўрбанізацыі ў Японіі, японскі ўрад разглядае праект рэфармавання прэфектур у 10 вялікіх адміністрацыйных адзінак. Акрамя прэфектур і паветаў, у краіне існуюць адміністрацыйныя адзінкі муніцыпальнага ўзроўню, якія карыстаюцца шырокай аўтаноміяй. Гэта цэнтральныя гарады прэфектур, адмысловыя гарады, уласна гарады, 23 спецыяльныя раёны Токіа, а таксама пасёлкі і вёскі. Гісторыя тыпаў прэфектурДа адмысловых прэфектур можна аднесці Токіа, Кіёта, Осаку і Хакайда. У перыяд Эда (1603—1867), сёгунат усталяваў 9 гарадскіх раёнаў, якімі кіравалі чыноўнікі з цэнтра (奉行支配地), і 302 раённых гарады, якімі кіравалі гарадскія чыноўнікі (郡代支配地). З надыходам эпохі Мэйдзі 9 гарадскіх цэнтраў былі пераўтвораны ў акругі фу, а 302 раённых гарады — у прэфектуры кэн. У 1871 г., пасля адміністрацыйнай рэформы, у Японіі былі ўсталяваны 3 гарадскія прэфектуры фу — Токіа, Кіёта і Осака. У 1943 г. гарадская прэфектура Токіа была перайменавана ў сталіцу то (хоць закон аб сталіцы зацверджаны не быў). У выпадку з Хакайда акалічнасці склаліся інакш. Гэты востраў, які японцы звалі Эдзасіма — «востраў айнаў» — знаходзіўся па-за кантролем сёгунаў. Выключэнне складалі малаважныя ўладанні самурайскіх родаў на поўдні вострава. У 1886 г. ён атрымаў назву «Хакайда», што азначала «паўночны марскі шлях». Яго паходжанне звязана з назвамі старажытных японскіх шляхоў до (道), уведзеных у VII ст. японскім імператарскім урадам. Паколькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя большая частка вострава Хакайда была не засвоена японцамі, былі заснаваны 14 абласцей сіцё, своеасаблівых цэнтраў японскай каланізацыі. Спіс прэфектурПрэфектуры часта для выгоды групуюць у рэгіёны (вобласці) тыхо: (яп.: 地方). Гэтыя рэгіёны склаліся гістарычна, яны не маюць адміністрацыйнага апарата і не з'яўляюцца адміністрацыйнымі адзінкамі. Ніжэй прадстаўлены спіс прэфектур у парадку ISO 3166-2:JP, згрупаваных паводле рэгіёнаў.
Спіс прэфектур паводле алфавіту:
Тэрытарыяльныя спрэчкіПаміж Японіяй і Расіяй існуе неўрэгуляваная тэрытарыяльная спрэчка аб прыналежнасці паўднёвых Курыльскіх астравоў, якія перайшлі пад кантроль савецкіх войскаў у апошнія дні Другой сусветнай вайны і ўключаны ў 1946 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у склад Хабараўскага края РСФСР разам з іншымі Курыльскімі астравамі і Паўднёвым Сахалінам[3]. Прыналежнасць астравоў Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і групы астравоў Хабамаі аспрэчваецца Японіяй. У Расіі спрэчныя тэрыторыі ўваходзяць у склад Курыльскай і Паўднёва-Курыльскай гарадскіх акруг Сахалінскай вобласці, у Японіі ўключаюцца ў склад паветаў Этарофу, Сікатан, Кунасіры, Сяна і Сібэтора акруга Немура губернатарства Хакайда. Таксама Японія аспрэчвае прыналежнасць астравоў Ліянкур, кантраляваных Рэспублікай Карэяй. Прыналежнасць астравоў Сэнкаку, размешчаных пад кантролем Японіі, аспрэчваецца Кітайскай Народнай Рэспублікай і Кітайскай Рэспублікай. Гл. таксамаЗноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia