Курыльскія астравы
Курыльскія астравы — ланцуг астравоў паміж паўвостравам Камчатка і востравам Хакайда, крыху выпуклай дугой аддзяляе Ахоцкае мора ад Ціхага акіяна. Геаграфічнае становішчаПрацягласць — каля 1200 км. Агульная плошча — 10,5 тыс. км². Уключаюць 30 вялікіх і шмат дробных астраўкоў і скал. Складаюцца з Вялікай (даўжыня 1200 км) і Малой (даўжыня 120 км) Курыльскіх град. Астравы падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вялікую граду на 3 групы астравоў: паўночную (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкотан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўднёвую (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На ўсход ад вострава Кунашыр за Паўднёва-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (востраў Шыкатан і інш.). Курыльскія астравы ўваходзяць у Сахалінскую вобласць Расіі. Паўднёвыя астравы архіпелага — Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і так званыя Хабамаі — аспрэчваюцца Японіяй, якая ўключае іх у склад прэфектуры Хакайда. Спіс астравоў плошчай болей за 1 км² у напрамку з поўначы на поўдзень:
Будова і рэльеф![]() Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. 3 карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць вышыні 500—1000 м, максімальная — 2339 м (вулкан Алаід на востраве Атласава)[1]. КліматКлімат на астравах марскі, даволі суровы, з халоднай і працяглай зімой, прахалодным летам, высокай вільготнасцю паветра. На паўднёвай частцы Курыльскіх астравоў маразы ўзімку могуць дасягаць −25 °C, сярэдняя тэмпература лютага −8 °C. На паўночнай жа частцы зіма мякчэйшая, з маразамі да −16 °C і −7 °C у лютым. Узімку на астравы ўплывае Алеуцкі барычны мінімум, дзеянне якога слабее да чэрвеня. Сярэдняя тэмпература жніўня на паўднёвай частцы Курыльскіх астравоў — 17 °C, на паўночнай — 10 °C. ГідраграфіяНа значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у тым ліку кратэрных. Глебы, расліннасць і жывёльны светГлебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўночных астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На поўдні трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фаўны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-бурая і чырвоная лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан). Гісторыя![]() Да сярэдзіны ХХ ст. астравы насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў галандскі мараплавец М. Г. дэ Фрыз у 1644 г. На карце 1644 г. астравы пазначаны як тэрыторыя японскага клана Мацумаэ. У Расіі першыя звесткі пра Курыльскія астравы атрыманы ад землепраходца У. Атласава ў 1697 г. У 1711 г. іх даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж расійскі служылы беларускага паходжання І. Казырэўскі. У 1721 г. І. Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф. Лужыным па заданні Пятра I правёў геадэзічнае вывучэнне Курыльскіх астравоў і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 г. большая частка астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акадэмічным атласе. 3 канца XVIII ст. пачалася расійская і японская каланізацыя. Паводле расійска-японскага дагавора 1855 г. востраў Ітуруп і іншыя астравы на поўдзень ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія Курыльскія астравы прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 г. у абмен на прызнанне Японіяй расійскага суверэнітэту над востравам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку Курыльскіх астравоў, якія да 1945 г. знаходзіліся пад японскім кіраваннем. У час ІІ сусветнай вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 г. (апублікавана ў лютым 1946 г.) Курыльскія астравы перададзены СССР і заняты савецкімі войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945 г.; японскае насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена савецкімі перасяленцамі. 3 1947 г. астравы ў складзе Сахалінскай вобласці Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Савецкаму Саюзу паўднёвых Курыльскіх астравоў (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 г. — з Расіяй як яго правапераемніцай. Насельніцтва і гаспадаркаВядзецца рыбалоўства, на поўдні лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прамысловасць. Гарады Курыльск (на востраве Ітуруп), Севера-Курыльск (на востраве Парамушыр). У цяперашні час на Курылах пражывае каля 20 тыс. чалавек, і іх адзінай сувяззю са знешнім светам застаецца паром на востраў Сахалін, які адбывае раз на тыдзень, — авіярэйсы застаюцца занадта дарагімі. Пры гэтым у рэгіёне вельмі дрэнная сітуацыя з доступам да інтэрнэту і сотавай сувязі і маецца ўсяго 13 км асфальтаваных дарог. Урад РФ планаваў развіваць на астравах турызм, аднак гэтаму перашкаджае адсутнасць інфраструктуры ў выглядзе дарог, гасцініц і сувязі. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia