Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыяБеларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП) — арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені (па іншым дадзеным з лета[1]) 1917 да красавіка 1918 гг. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), спачатку налічвала каля 500 чл., у асноўным рабочых Пуцілаўскага, Абухаўскага, Артылерыйскага заводаў і фабрыкі «Треугольник»[2][3]. Пазней да БСДРП далучылася Гельсінгфорская арганізацыя БСГ, якая аб'ядноўвала каля 200 маракоў Балтыйскага флоту. У выканаўчы камітэт уваходзілі A. Р. Чарвякоў, I. В. Лагун, Ю. У. Памецька, У. В. Скарынка, А. Х. Усціловіч (Усціновіч) і інш.[4] Вяла палітычную і культурна-асветную работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Мела прадстаўнікоў у ВЦВК (Усціловіч, з снежня 1917) і Пецяргофскім раённым Савеце Петраграда (Памецка, з лютага 1918). Напачатку БСДРП працягвала падтрымліваць арганізацыйныя сувязі з БСГ, поруч з ёю ў верасні 1917 г. ўваходзіла ў Савет нацыянальных сацыялістычных партый, які аб'ядноўваў дробнабуржуазныя арганізацыі рэгіенаў Расіі. Члены БСДРП бралі ўдзел у Кастрычніцкім узброеным паўстанні ў Петраградзе. У снежні 1917 г. партыя ўдзельнічала ў перавыбарах камітэта Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанню дапамогі пацярпелым ад вайны. Накіравала дэлегатаў на Усебеларускі з'езд і пасля яго разгону падала заяву ў ЦК РСДРП(б) з патрабаваннем стварыць камісію для расследавання гэтага здарэння. У студзені 1918 г. разам з іншымі беларускімі арганізацыямі ў Петраградзе, што стаялі на платформе савецкай улады, удзельнічала ў стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), яго камісарам прызначаны Чарвякоў. У лютым 1918 г. многія члены БСДРП удзельнічалі ва ўзброенай абароне Петраграда ад германскіх інтэрвентаў. Пры садзеянні Пецяргофскага Савета партыя арганізавала кулямётныя курсы. Разам з ваенным аддзелам Белнацкома стварыла атрад Чырвонай гвардыі, які ўвайшоў у Камуністычны атрад Петраградскага камітэта РКП(б) (300 чал., камандзір Усціловіч). У красавіку 1918 г. на аснове БСДРП створана беларуская секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б). Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia