Джыдскі дагавор або Джыдская дэкларацыя аб прыхільнасці абароне грамадзянскага насельніцтва Судана: пагадненне Суданскіх Узброеных сіл і Сіл аператыўнай падтрымкі аб кароткатэрміновым спыненні агню і гуманітарных мерапрыемствах[1][2] (англ.: Jeddah Declaration of Commitment to Protect the Civilians of Sudan: the Sudanese Armed Forces and the Rapid Support Forces Agreement on a Short-Term Ceasefire and Humanitarian Arrangements) — міжнароднае пагадненне, заключанае для ўстанаўлення міру ў Судане. Дакумент падпісаны 20 мая2023 года ЗША, Саудаўскай Аравіяй і прадстаўнікамі генералаў Абдэля аль-Бурхана і Махамеда Дагала[3]. Дагавор увайшоў у сілу праз 48 гадзін, 22 мая. Пагадненне павінна было ўсталяваць тыднёвае спыненне агню для размеркавання гуманітарнай дапамогі мірным жыхарам. Тэрмін дзеяння дамовы раптоўна скончыўся пасля ўсплёску сутыкненняў 23 мая, праз дзень пасля ўступлення ў сілу.
Перадгісторыя
15 красавіка 2023 года на тэрыторыі Судана пачаліся сутыкненні паміж Узброенымі сіламі Судана (УСС) на чале з Абдэлем Бурханам і ваенізаванай арганізацыяй «Сілы аператыўнай падтрымкі» (САП), якую ўзначаліў Махамед Дагала. Баявыя дзеянні спачатку ахапілі сталічны Хартум, а хутка і розныя іншыя часткі краіны. Сам канфлікт стаў следствам барацьбы за ўладу паміж Бурханам і Дагала, а таксама няўдалай спробы інтэграцыі САП у шэрагі арміі.
Першапачаткова асобныя СМІ назвалі падзеі спробай дзяржаўнага перавароту[4]. З часам у медыя загаварылі аб перарастанні барацьбы ў грамадзянскую вайну[5]. Сутыкненні выклікалі гуманітарны крызіс у сталіцы краіны і прыпыненне паветраных зносін. Міжнародная супольнасць аднадушна выказалася ў нейтральным ключы і заклікала бакі да міру. Аднак асобныя дзяржавы і замежныя сілы былі абвінавачаны ў падтрымцы таго ці іншага боку.
УСС і САП неадразова абвяшчалі аб часовым спыненні баявых дзеянняў, але не адно перамір’е не выконвалася фракцыямі канфлікту, таму супрацьстаянне працягвалася.
Падрыхтоўка
5 мая ЗША і Саудаўская Аравія абвясцілі аб «аперацыі за мір у Судане» дзеля ўсталявання пастаяннага спынення агню[3] і заявілі аб «сваім абавязацельстве дапамагчы суданскаму народу». У якасці перамоўнай пляцоўкі была прапанавана Джыда[6]. Ужо 6 мая бакі канфлікту сустрэліся[7][8].
11 мая падпісана пагадненне з наступнымі патрабаваннямі[9]:
Згаджаючыся з тым, што дабрабыт грамадзянскіх асоб з’яўляецца галоўным прыярытэтам, забяспечваючы іх пастаянную абарону і падаючы ім бяспечны праход для ўцёкаў з раёнаў, закранутых баявымі дзеяннямі.
Захаванне міжнароднага гуманітарнага права і міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, якія, напрыклад, абавязваюць праводзіць адрозненне паміж грамадзянскімі і ваеннымі мэтамі, не выкарыстоўваць грамадзянскіх асоб у якасці жывога шчыта і паважаць дзяржаўныя і прыватныя інстытуты.
Згаджаючыся з неабходнасцю аднаўлення асноўных гуманітарных аперацый, спрыяючы бесперашкоднаму праходжанню гуманітарнай дапамогі і гарантуючы свабоду перамяшчэння гуманітарнаму персаналу, абараняючы гуманітарных работнікаў і не ўмешваючыся ў гуманітарныя аперацыі.
Абавязуемся прыкласці ўсе намаганні для выканання абавязацельстваў па міжнародным гуманітарным праве.
Дазвол адпаведным суб’ектам, такім як Суданскі Чырвоны Паўмесяц і / або Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, прадпрымаць усе крокі, неабходныя для пахавання памерлых у каардынацыі з адпаведнымі органамі.
Забеспячэнне таго, каб усе людзі, якія дзейнічаюць па ўказанні Узброеных сіл і САП, выконвалі міжнароднае гуманітарнае права.
Наданне першачарговай увагі перамовам па дасягненню кароткатэрміновага спынення агню для палягчэння дастаўкі тэрміновай гуманітарнай дапамогі і аднаўлення асноўных паслуг, а таксама абавязацельства запланаваць больш пашыраныя абмеркаванни для канчатковага спынення баявых дзеянняў.
Так як дамоўленасці аб перамір’і ў дамове не было[10], то прадстаўнікі ўзброеных фракцый сабраліся зноў, але другая сустрэча не прынесла ніякіх вынікаў[11]. Трэцяя сустрэча была праведзена бакамі для ўсталявання кароткага, але больш эфектыўнага спынення агню[12]. 20 мая ў Джыдзе фракцыі дамовіліся аб тыднёвым спыненні агню, пачынаючы з 21:45 22-га чысла[13].
Рэалізацыя
Ужо на 23-га чысла перамір’е фактычна не выконвалася. Баявыя дзеянні працягваліся. Больш за тое, паступалі паведамленнямі аб зверствах, такіх як забойства некалькіх сірот і жорсткае абыходжанне з грамадзянскімі асобамі[14]. 29 мая перамір’е падоўжана да 3 чэрвеня[15]. 31 мая суданская армія прыпыніла свой удзел у пагадненні. 1 чэрвеня ЗША і Саудаўская Аравія цалкам прыпыняюць дзеянне дамовы[16][17]. Белы дом таксама ўвёў санкцыі ў дачыненні да чатырох фірмаў: двух, звязаных з Дагала, і двух, звязаных з Бурханам. Гэта стала адказам на шматлікія парушэнні рэжыму спынення агню і напады на мірных жыхароў[18].