У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам Зверава.
Наталля Маратаўна (Наташа) Зверава (16 красавіка1971, Мінск, Беларуская ССР) — савецкая і беларуская тэнісістка. Заслужаны майстар спорту СССР (1991). Уладальніца найбольшай колькасці тытулаў (20) на турнірах Вялікага шлема (ва ўсіх разрадах) сярод тэнісістаў з экс-СССР. У 2010 годзе ўключана ў спісы Міжнароднай залы тэніснай славы.
Першы трэнер — бацька Марат Мікалаевіч Звераў (1932—2014), заслужаны трэнер СССР па тэнісе.
Кар’ера
У адзіночным разрадзе выйграла 4 турніры Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) — Брысбэн (1990), Сіднэй (1990), Чыкага (1994), Істбурн (1999). 15 разоў гуляла ў фінальнай стадыі турніраў WTA. Найвышэйшыя дасягненні ў адзіночным разрадзе: фінал Адкрытага чэмпіянату Францыі 1988 года, дзе Зверава саступіла нямецкай тэнісістцы Штэфі Граф; 5-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (1989).
У парным разрадзе на працягу кар’еры 35 разоў выступала ў фінальнай стадыі турніраў Вялікага шлема — у жаночым парным (31 раз) і змяшаным парным (4 разы) разрадах. У жаночым парным разрадзе Наталля Зверава здабыла 18 тытулаў, на працягу 124 тыдняў узначальвала парны рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі. У 1992—1993 гадах у пары з Джынджы Фярнандас здабыла некласічны Вялікі шлем, выйграўшы шэсць турніраў Вялікага шлема запар. У 1992 годзе на Алімпійскіх гульнях у Барселоне, выступаючы ў пары з Лэйлай Месхі пад сцягам Садружнасці Незалежных Дзяржаў, здабыла бронзавы медаль, а ў 2000 годзе на Алімпіядзе ў Сіднеі ў пары з беларускай Вольгай Барабаншчыкавай заняла 4-е месца. Агулам за кар’еру Наталля Зверава выйграла 80 турніраў Жаночай тэніснай асацыяцыі — гэта пяты вынік за ўсю Адкрытую эру тэніса.
У змяшаным парным разрадзе Наталля Зверава двойчы — у 1990 і 1995 гадах — стала чэмпіёнкай Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі.
Зве́рава Наталля Маратаўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 330. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.